І Агінскі, і “Лявоніха”!

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

ІХ Міжнародны конкурс камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага, які прайшоў 22 — 27 сакавіка ў Смаргоні (гл. “К” № 12 за 2009 г.), завяршыўся ў Мінску, на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Менавіта тут, у Малой зале імя Р.Шырмы, адбыўся 7 красавіка пост-заключны канцэрт пераможцаў.

 /i/content/pi/cult/203/2354/Aginski.jpg
І хаця ўдзельнічалі ў ім адно нашы беларускія лаўрэаты, бо замежныя музыканты з’ехалі адразу пасля завяршэння конкурсных баталій, такі канцэрт трэба лічыць працягам нашага далучэння да лепшых сусветных традыцый. Бо найбольш прэстыжныя міжнародныя творчыя спаборніцтвы звычайна прадугледжваюць шэраг пасляконкурсных выступленняў пераможцаў, у тым ліку іх гастрольныя туры. Праз год конкурсу імя М.К. Агінскага споўніцца 20 гадоў, ён пройдзе дзесяты раз — вось і дадатковая нагода запланаваць юбілейны “сталічны акорд” з удзелам замежных гасцей.
Ды толькі дарэмна думаць, што адсутнасць на цяперашнім “выніковым” выступленні латышскіх струннікаў, якія сталі пераможцамі сярод квартэтаў, магла сапсаваць агульнае ўражанне. Ледзь не кожны нумар меў сваю “разыначку”! Сюрпрызам стала ўжо тое, што першым выйшаў на сцэну ансамбль трубачоў “Інтрада” пад кіраўніцтвам Мікалая Волкава (Першая прэмія сярод духавых): музыканты спяшаліся на самалёт — на фестываль “Пхеньянская вясна”. Не менш нечаканым было і апошняе выступленне — фартэпіяннага трыо Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў складзе Алены Ракіцкай (скрыпка), Людмілы Анцікона-Кабальера (віяланчэль), Улады Шацкай (фартэпіяна). Пры папраўдзе ідэальным інтанаванні і бездакорнай зладжанасці дзяўчаты здзівілі нетрадыцыйнасцю прачытання: падкрэсліваннем жанравасці ў трагедыйнай музыцы Д.Шастаковіча і ваяўнічага напалу ў летуценна-трапяткім “Паляванні на аленя” з сюіты Г.Гарэлавай “Тры габелены з Вавеля”. Дарэчы, яшчэ адно трыо пад кіраўніцтвам, зноў жа, Галіны Някрасавай, атрымала Трэцюю прэмію.
Струнны квартэт БДАМ пад кіраўніцтвам Дзяніса Склярова звярнуўся да ранняй творчасці А.Хадоскі, здолеў падкрэсліць у ёй рысы, уласцівыя будучаму майстру беларускага сімфанізму. Цэнтрам яго Першага струннага квартэта была вылучана трэцяя частка — з паступовым “сплятаннем” асобных інтанацый у вальсавае галавакружэнне. Другая частка пры такім раскладзе стала згадкай пра бурлівыя, узрушаныя падзеі, што прывялі да палёту душы. А першая і чацвёртая з дзівосным “закалыхваннем” віяланчэлі быццам ператварыліся ў пухнатыя воблачкі настальгіі.
Асаблівасцю сёлетняга конкурсу была адсутнасць узроставых катэгорый. Тым не менш, школьнікі ўдзельнічалі ў ім нароўні са студэнтамі.
Фартэпіянны квартэт Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ пад кіраўніцтвам Ірыны Галачкінай (Трэцяя прэмія) уразіў надзвычай эмацыйным і адначасова не па-дзіцячы глыбокім прачытаннем найскладаных твораў Г.Малера і А.Шнітке. Ансамбль “Брэвіс” Мінскай СШ № 13 з музычным ухілам пад кіраўніцтвам Паўла і Таццяны Сурагіных здзівіў не толькі самімі інструментамі — наборам старадаўніх блокфлейт, якія пад час выканання змяняліся адна на другую, — але і, галоўнае, віртуозна тонкімі карункамі дробнай меладычнай вязі з мудрагелістым арнаментам.
Ну, а чым можа здзівіць ігра на кларнетах? Віртуознасцю? Прыгажосцю гуку? Інтэрнацыянальны па складзе ансамбль кларнетыстаў БДАМ пад кіраўніцтвам прафесара Уладзіміра Скараходава скарыў не толькі кранальнай выразнасцю музыкі В.А. Моцарта, але і заліхвацкай “Лявоніхай” Ю.Шадурскага з “Тараса на Парнасе”, пералажэнне якой было зроблена ўдзельнікам ансамбля Антонам Логінавым. Кітайскія студэнты яе наярвалі так апантана, быццам нарадзіліся ў Беларусі! Кіраўнік ансамбля, усміхаючыся, прызнаўся потым:
— Што я толькі ні рабіў! І расказваў, і паказваў, і спяваў ім тую “Лявоніху”, і нават танчыў! І толькі тады яны яе зайгралі па-сапраўднаму, калі самі спяваць ды танчыць паспрабавалі…

Надзея БУНЦЭВIЧ
На здымку: ансамбль “Брэвіс”.