Вечны рухавік спыненага часу

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Канцэрт “Гімн роднай зямлі”, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” спалучыў са сваёй чарговай фотавыстаўкай — наўмысна чорна-белай. І гэтыя стылізаваныя пад рэтра здымкі дазволілі ўбачыць ва ўсёй творчасці калектыву новыя, не заўважаныя раней, рысы.

 /i/content/pi/cult/203/2353/Vechny-ruh1.jpg
Такія праграмы, заснаваныя на сінтэзе розных відаў мастацтваў, “Харошкі” ладзяць не ўпершыню. Невыпадкова на згаданым канцэрце афіцыйная дэлегацыя Расійскай Федэрацыі ўручыла мастацкаму кіраўніку калектыву, народнай артыстцы Беларусі Валянціне Гаявой дыплом Дзяржаўнай Думы “Лепшы праект Расіі 2008 года” — за выступленні ў Санкт-Пецярбургу, што суправаджаліся выстаўкамі сцэнічных строяў і фотаздымкаў Ігара Кузняцова.
Здавалася б, што можа быць прасцей, чым паўтарыць цяпер гэтую фотавыстаўку ў нашым Палацы Рэспублікі? Але “Харошкі” — у вечным пошуку і руху. Таму здзівілі і гэтым разам: да ўдзелу ў сваім канцэрце, заснаваным на праграме “Беларусы”, запрасілі таксама ансамбль “Песняры”, спявачку Гюнеш і фатографа-дызайнера Аляксея Паўлюця — вядома, разам з яго работамі, што склалі выстаўку “Харошкі. Лунаць па-над часам”.
На тых здымках — найперш, рэпетыцыйны працэс, які звычайна хаваюць ад чужых вачэй, а калі і паказваюць як дакументалістыку, дык акцэнтуюць менавіта “чорна-белую” будзённасць, “пот і кроў” працоўнага цяжару. А тут — усё наадварот: рэпетыцыя — як спасціжэнне таямніцы, як уваход не проста ў храм мастацтва (невыпадкова адзін са здымкаў, зроблены непасрэдна перад канцэртам у пакуль яшчэ пустой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, стварае адчуванне атмасферы храма), а быццам у саму душу кожнага з артыстаў і танца ўвогуле. Таму А.Паўлюць не баіцца даваць буйным планам
 /i/content/pi/cult/203/2353/Vechny-ruh2.jpg
адно твары танцоўшчыкаў, а не толькі “рукі-ногі”, позы, мізансцэны. Ён “падглядае” зусім “небалетныя”, здавалася б, сітуацыі чалавечых узаемаадносін, але робіць гэта настолькі паэтычна і пластычна (выкарыстоўваючы, у тым ліку, мантаж і сучасныя тэхналогіі), што спасцігае сутнасць “Харошак”, часам завуаліраваную ў каляровай ды кідкай канцэртнай паўсядзённасці.
Раптам разумееш, што “Харошкі” папраўдзе лунаюць. Менавіта так “прачытваюцца” іх рухі, асабліва ў лірычных “дзявочых” кампазіцыях: часта запаволеныя, яны заўсёды накіраваны ўгару да сонца і нябёсаў, быццам артысты зараз узнімуцца ў паветра, як героі карцін М.Шагала, — зграбна, вытанчана, харэаграфічна. Гэтае лунанне і стварае ўяўнасць “спыненага часу”, праз які і адбываецца сутыкненне розных часавых вымярэнняў.
— Я здымаю “Харошак” на працягу трох гадоў, — расказаў Аляксей Паўлюць, — а знаёмы з майстэрствам калектыву нашмат болей. У ансамбль прыходзяць новыя артысты, змяняюцца пакаленні. І мне хацелася паказаць гэтую сувязь пакаленняў мовай фатаграфіі. У “Харошках” мяне вабіць іх пластыка, яе блізкасць прыроднай прыгажосці і гармоніі. Танец, рух — гэта менавіта тое, што дапамагае чалавеку ўзняцца над усім і нават над часам. “Харошкам” гэта ўдалося...
Адкрыю сакрэт: “Харошкі” рыхтуюць выпуск набору паштовак са сваімі фотаздымкамі, каб кожны, хто наведае іх выступленне, мог захаваць на памяць “спыненыя імгненні” іх танца.


Надзея БУНЦЭВIЧ
Фота Аляксея ПАЎЛЮЦЯ