В.Самуэле. “***”. |
Нягледзячы на прысутнасць у назве стылю слова “жывапіс”, творы італьянскага дызайнера наўрад ці можна аднесці да гэтага віду мастацтва. Сутнасць тэхнікі — у арыгінальным спалучэнні джынсавай тканіны, палатна і фарбаў розных колераў. Вынік — хутчэй, скульптурныя творы, чым карціны. Цікава, што на стварэнне дадзеных экспанатаў Самуэле Вентані натхніла сталіца Беларусі. Аднак спроба разгледзець у складках тканіны знаёмыя праспекты і будынкі наўрад ці будзе паспяховай. “Я не ставіў сабе за мэту перадаць нешта канкрэтнае, — раскрывае прычыну дызайнер. — Мая задача — спалучыць разнастайныя тыпы мастацтва, класіку і моду, ды знайсці новую мову стасункаў праз свае творы”.
У работах беларускіх удзельнікаў праекта — сённяшніх і ўчорашніх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — рэалізму куды болей. Іх творы, у сваёй большасці, прысвечаны жыццю сучаснага горада, які існуе ў шалёным рытме, дзе жывыя стасункі замяняюцца ўсё часцей “электроннай камунікацыяй”. Жыхар такога горада падобны на самотнага пустэльніка. Ён падарожнічае, атрымлівае асалоду ад хуткаплыннай цішыні гарадскога ландшафту... Сродкі выражэння аўтарскай ідэі — разнастайныя: гэта арт-аб’екты (Павел Вайніцкі, Сяргей Завіжэнец, Дар’я Іваноўская), фотаработы (Сяргей Ждановіч), жывапіс (Дзяніс Барсукоў, Павел Кастусік). Прыцягвае ўвагу нечаканае спалучэнне Кацярынай Марціновіч тэмы сучаснай гарадской архітэктуры і такога народнага віду мастацкай творчасці, як выцінанка.
“Праект “Pittura oggettuale”, акрамя мастацкіх мэт, вырашае задачу культурнага абмену паміж творчай моладдзю Італіі і Беларусі і дае новы імпульс да дзейнасці пачаткоўцам”, — лічыць дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” Дзяніс Барсукоў.
Ганна КОТ