“І знянацку прыляцела птушачка...” Іранічная

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

З 8 сакавіка да 3 мая ў гомельскай карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі экспануецца персанальная выстаўка вядомага беларускага мастака-кераміста, бабруйчаніна Валерыя Калтыгіна пад назвай “Імправізацыя на тэму...”. Галоўная адметнасць яго твораў — паэтызацыя побыту праз метафару, гратэск, іронію. Лейтматыў творчасці — чалавек недасканалы.

 /i/content/pi/cult/203/2351/I-prlyacela.jpg

В.Калтыгін. Дэкаратыўныя вазы.

Сярод работ экспазіцыі — дэкаратыўная скульптура з цыкла “Чалавек недасканалы”, пластыка з серыі “Восень у маёй душы”, “І знянацку прыляцела птушачка...”, “Натурстыль”, цыклы дэкаратыўных кампазіцый “З правінцыйнага быцця”, “У кожнага свой крыж”, а таксама графічныя серыі “Аб’ект у горадзе” і “Анёлы ў горадзе”.
Вось што гаворыць пра сваю творчасць Валерый Калтыгін: “У маленстве марыў быць скульптарам. Але на 25-м годзе жыцця “сустрэўся” з керамікай, моцна “сышоўся” з ёй і пакуль ёй верны. Кераміка сфарміравала мяне як мастака. Але самаўдасканаленне, самапазнанне, фарміраванне сябе як творцы — гэта безупынны працэс, і гэтаму няма канца. Я — імправізатар, ніколі не абмяжоўваю сябе ў пошуках рашэння тэмы, таму і памылак не баюся — гэта вопыт”.

Павел ЖЫВІЦА