Я займаю пасаду загадчыка культурна-масавага аддзела гарадскога Палаца культуры і працую па сумяшчальніцтве ў таго ж наймальніка культарганізатарам на 0,5 стаўкі. Але з нядаўняга часу аддзел кадраў настойвае на маім звальненні з пасады культарганізатара,

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г


У адпаведнасці з артыкулам 17 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” дзяржаўная службовая асоба не мае права выконваць іншую аплачваемую работу, не звязаную з выкананнем працоўных абавязкаў па месцы асноўнай работы (акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі).
Да дзяржаўных службовых асоб адносяцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, а таксама іншыя дзяржаўныя служачыя, асобы, якія займаюць пасады ў дзяржаўных арганізацыях, Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь і адносяцца, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, да службовых асоб.
Як бачым, да дзяржаўных службовых асоб аднесены асобы, якія займаюць пасады ў дзяржаўных арганізацыях і адносяцца да службовых асоб.
Зыходзячы з вызначэнняў, якія маюцца ў заканадаўстве (артыкул 1.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, артыкул 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), службовая асоба — гэта асоба, якая пастаянна, часова ці па спецыяльным паўнамоцтве выконвае арганізацыйна-распарадчыя ці адміністрацыйна-гаспадарчыя функцыі.
Да тых, хто займае пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, неабходна аднесці асоб, якія ажыццяўляюць кіраўніцтва дзейнасцю арганізацыі, яе структурных падраздзяленняў, расстаноўку і падбор кадраў, арганізацыю працы ці службы работнікаў, падтрыманне дысцыпліны, прымяненне мер заахвочвання і накладанне дысцыплінарныхспагнанняў і інш.
Тымі, хто займае пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, варта прызнаваць, у прыватнасці, асоб, якія ажыццяўляюць паўнамоцтвы па кіраванні і распараджэнні маёмасцю і грашовымі сродкамі, а таксама арганізацыю ўліку і кантролю за водпускам і рэалізацыяй матэрыяльных каштоўнасцей.
Такім чынам, кіраўнік структурнага падраздзялення Палаца культуры, які з’яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй, адносіцца да дзяржаўных службовых асоб.
Зыходзячы з палажэнняў артыкула 17 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” дзяржаўная службовая асоба мае права ажыццяўляць нароўні з асноўнай работай выкладчыцкую, навуковую, культурную, творчую дзейнасць і медыцынскую практыку.
У адпаведнасці з Кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых, занятых у культуры і мастацтве, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2001 г. № 25, у службовыя абавязкі культарганізатара ўваходзіць правядзенне масавых гульняў, прадстаўленняў, арганізацыя забаў, калектыўных форм гульнявых зносін і баўлення вольнага часу насельніцтва, удзел у распрацоўцы і складанні сцэнарыяў, тэматычных праграм, гульнявых форм калектыўнага баўлення вольнага часу, мастацкага афармлення, музычнага суправаджэння і тэхнічнага забеспячэння.
Згодна з артыкулам 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” да культурнай дзейнасці, у прыватнасці, адносіцца дзейнасць па арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.
Такім чынам, дзейнасць культарганізатара з’яўляецца культурнай дзейнасцю.

Якімі нарматыўнымі прававымі дакументамі рэгулюецца рэкламная дзейнасць устаноў адукацыі ў сферы культуры, у прыватнасці, рэклама адукацыйных паслуг?

Асноўным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе адносіны паміж дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі, асобамі без грамадзянства ў працэсе вытворчасці і (ці) размяшчэння рэкламы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 года “Аб рэкламе” (далей — Закон).
У адпаведнасці з Законам Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 12 лістапада 2007 г. № 1497, якой зацверджаны: Палажэнне аб парадку размяшчэння (распаўсюджвання) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкламы прадукцыі, тавараў, паслуг, якія вырабляюцца на гэтай тэрыторыі; Палажэнне аб парадку размяшчэння (распаўсюджвання) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкламы алкагольных напояў і табачных вырабаў у сродках масавай інфармацыі; Палажэнне аб парадку размяшчэння (распаўсюджвання) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вонкавай рэкламы і яе сродкаў, рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах; Палажэнне аб парадку ўзгаднення вонкавай рэкламы і рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах абласнымі (Мінскім гарадскім) выканаўчымі камітэтамі.
Акрамя таго, некаторыя пытанні ажыццяўлення рэкламнай дзейнасці ўрэгуляваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 1996 г. № 210.

На пытанні адказвала начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ