Варыяцыі на тэму...

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

IV Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі” сабраў юных мастакоў з 22 краін. Днямі ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры дзяцей і юнацтва адбылося адкрыццё экспазіцыі іх работ, якая прадставіла больш за 400 малюнкаў. Тут сабраліся шматлікія ўдзельнікі конкурсу з розных рэгіёнаў Беларусі і госці з іншых краін, а таксама члены журы.

 /i/content/pi/cult/203/2349/Variacii.jpg

Арганізавалі конкурс міністэрствы адукацыі, культуры, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”.
Узначаліў журы член Беларускага саюза мастакоў Леанід Гоманаў, а ў яго склад уваходзілі мастачка з Сербіі Вера Джукіч, выкладчык кафедры графікі БДАМ Павел Татарнікаў, дырэктар ДМШ № 1 г. Омска Валерый Цімафееў, а таксама мастакі і педагогі з Масквы і Кіева. Перад імі стаяла складаная задача: ацаніць больш за 12 тысяч работ. Вызначэнне ж пераможцаў праходзіла з 8 па 14 лютага 2009 года.
Кіраўнікі конкурсу адзначылі, што многія з работ не па-дзіцячы прафесійныя. Калі глядзіш на творы дзяцей ад 3 да 16 гадоў, складваецца ўражанне, што іх цікавіць і хвалюе вялікая колькасць надзённых праблем. З’явілася безліч варыяцый раскрыцця тэм, і кожная — у своеасаблівай тэхніцы, з непаўторным каларытам: загадкавыя людзі і пейзажы Усходу, гарадскія і сельскія краявіды, сямейныя сцэны, паказаныя з нечаканага боку, і многае іншае прыцягвае ўвагу наведвальнікаў выстаўкі.
95 чалавек былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II, III ступені, таксама 111 выкладчыкаў па малюнку адзначылі Дыпломамі педагогаў.
Пасля таго, як завершыцца выстаўка твораў у Мінску, яны будуць паказаны ў выставачных залах рэгіёнаў рэспублікі і іншых дзяржаў.

А.С.