На рэках беларускіх — і не толькі

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Да Вялікадня Музычная капэла “Санорус” на чале з Аляксеем Шутом, які нядаўна быў уганараваны медалём Францыска Скарыны, падрыхтавала дзве новыя праграмы духоўнай музыкі. Асаблівае месца займаюць у іх прэм’еры твораў беларускіх кампазітараў.

— Свой новы твор, да прыкладу, — расказаў дырэктар, мастацкі кіраўнік капэлы А.Шут, — даслаў нам Сяргей Хвашчынскі. Упершыню прагучыць у Мінску партытура Андрэя Бандарэнкі “На рэках Вавілонскіх” для хору і віяланчэлі (дагэтуль яна выконвалася толькі ў Гродне), падрыхтаваная сумесна з тамтэйшай капэлай імя Антонія Тызенгауза і групай сучаснай харэаграфіі “ТАД”. Акрамя таго, прагучаць творы Алены Атрашкевіч, Сяргея Бельцюкова, Алега Хадоскі.
Узгадаем мы і беларускія духоўныя творы мінулых дзесяцігоддзяў — таго ж Аляксея Туранкова. Прагучыць і руская класіка Дзмітрыя Бартнянскага, і заходнееўрапейская — “Stabat mater” Джаакіна Расіні, выкананне якога складзе асобны канцэрт.
Дарэчы, саліраваць у гэтым найскладаным творы будуць, акрамя нашай Таццяны Пятровай, вядучыя артысты Беларускай оперы — Наталля Афініна і Янаш Нялепа, а таксама таленавіты студэнт 5-га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Канстанцін Батурын.

Н.Б.