Электронны банк музейнай фактуры

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Як паведамляе “К” галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Сяргей Разанаў, 31 сакавіка на базе Веткаўскага музея народнай творчасці прайшоў абласны семінар, на якім аналізаваўся ход выканання Рэспубліканскай праграмы развіцця музейнай справы на 2006 — 2010 гады.

У семінары бралі ўдзел кіраўнікі дзяржаўных музеяў Гомельшчыны. Абмяркоўваліся такія праблемныя пытанні, як павышэнне колькаснага і якаснага ўзроўню музейных калекцый, абнаўленне пастаянных экспазіцый, актывізацыя выставачнай дзейнасці, стварэнне адзінага банка электронных даных музейных прадметаў вобласці…
На Беларусі, як вядома, існуе 144 музеі, у тым ліку 12 — рэспубліканскага падпарадкавання. 30 устаноў музейнага тыпу налічваецца на Гомельшчыне. Цягам апошніх трох гадоў у вобласці адкрыта 8 новых музеяў. Па агульнай колькасці выставак лідзіруе менавіта Гомельшчына. А Веткаўскі музей народнай творчасці — адзін з адметных у рэспубліцы. Але няма мяжы дасканаласці.
Таму гаворка на семінары ішла, безумоўна, і пра пашырэнне платных паслуг, музейна-адукацыйных праграм, і пра актывізацыю рэкламнай дзейнасці, і пра набыццё камп’ютэрнага абсталявання ды праграмнага забеспячэння для ўкаранення электроннай формы ўліку музейных прадметаў.

Яўген РАГІН