Канферэнцыі і... этнаканцэрты

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Красавік традыцыйна багаты на навуковыя канферэнцыі, сярод якіх вылучаюцца тыя, што звязаны з даследаваннем і папулярызацыяй айчыннай культуры.

У прыватнасці, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура. Навука. Творчасць”, дзе, па словах прарэктара па навуковай рабоце Марыны Мажэйка, мяркуюць прыняць удзел як вучоныя з нашай краіны, так і з Польшчы, Кітая, Казахстана, Ізраіля, Францыі і Турцыі. Сярод узнятых аспектаў форуму вылучаюцца пытанні найноўшых тэндэнцый у развіцці культуры і актуальных праблем культуралогіі, мастацкай творчасці ў сучаснай культуры, сучасных тэндэнцый у сістэме мастацкай адукацыі.
Не менш цікавы будзе і навукова-творчы праект гэтага ж універсітэта, звязаны з праблемамі аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны на дзяржаўным і міжнародным узроўнях “Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання”, у межах якога адбудзецца ІІІ аднайменная Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, V этнаграфічны канцэрт “Фальклор беларускай глыбінкі”, пройдуць майстар-класы вядучых спецыялістаў у галіне даследавання і пераймання ўсходнееўрапейскага фальклору, а таксама святочны канцэрт постфальклорных гуртоў, у якім прымуць удзел, апрача беларускіх калектываў, выканаўцы з Вільнюса, Санкт-Пецярбурга і Кіева.
14 — 15 красавіка Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі праводзіць XVІII Навуковыя чытанні памяці Л.С. Мухарынскай — сусветна вядомай музыказнаўцы і этнамузыколага, адной з заснавальнікаў сучаснай беларускай музычнай навукі. Канферэнцыя ў гэтым годзе мае назву “Музычная культура Беларусі ў сусветнай прасторы”. Як паведаміла загадчыца кабінета народнай музыкі, мастацтвазнаўца Таццяна Бярковіч, пад час Чытанняў гаворка будзе весціся аб гісторыі і тэорыі беларускай музыкі, музычных культурах свету і іх прадстаўніках, праблемах творчасці, выканальніцтва, педагогікі ў Беларусі. У праграме канферэнцыі заяўлены даклады выступоўцаў з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Акрамя таго, у межах Чытанняў плануецца прэзентацыя калекцыі аўдыёзапісаў з фонду Фонаархіва этнамузыкі БДАМ.
І ўрэшце, напрыканцы месяца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў правядзе Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Сучаснае мастацтва Беларусі: панарама, перспектывы”, мэта якой — абмеркаванне актуальных праблем і тэндэнцый развіцця сучаснага мастацтва, аналіз тэарэтыка-метадалагічных падыходаў вывучэння сучаснай культуры.

Канстанцін АНТАНОВІЧ