Кантэкст Яснай Паляны

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Працягваецца рэалізацыя праектаў, прымеркаваных да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Адзін з іх пры непасрэднай падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны падрыхтаваны Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з расійскім музеем Льва Талстога. У адкрыцці выстаўкі “Жыццё Л.М. Талстога ў фотаздымках сучаснікаў”, што адбылася напрыканцы гэтага тыдня, прынялі ўдзел прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, даследчыкі творчасці пісьменніка.

Цягам двух месяцаў пад час выстаўкі можна будзе ўбачыць класіка сусветнай літаратуры на аматарскіх і прафесійных фотаздымках разам з жонкай Соф’яй Андрэеўнай і дзецьмі, літаратарамі і творчай элітай таго часу, а таксама пазнаёміцца з ілюстрацыямі да твораў Талстога. Усяго прадстаўлена больш за 100 фотаздымкаў, шэраг якіх быў зроблены ва ўсім вядомай Яснай Паляне фатографамі С.Лявіцкім, М.Тулінавым, А.Савельевым.
Акрамя таго, як адзначаюць у музеі, дзякуючы супрацоўніцтву з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа, Беларускім дзяржаўным музеем-архівам літаратуры і мастацтва, сталічнай бібліятэкай імя Льва Талстога ў экспазіцыі падрыхтавана літаратурна-дакументальная частка праекта, што ўключае кнігі з аўтографам пісьменніка, прыжыццёвыя выданні, якія пабачылі свет у Германіі, Швейцарыі, рукапісы перакладаў яго твораў на беларускую мову.

Канстанцін АНТАНОВІЧ