“Возера” сяброўства

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Гонар адкрыць Год культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь па праве быў прадстаўлены Дзяржаўнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру Расіі. 15 красавіка на сцэне нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета сусветна вядомая расійская трупа пакажа сапраўдную балетную перліну — “Лебядзінае возера” П.Чайкоўскага.

 /i/content/pi/cult/203/2343/Ciskaridze.jpg

Саліраваць будуць адны з самых зорных артыстаў тэатра — Святлана Захарава, Андрэй Увараў і Мікалай ЦЫСКАРЫДЗЭ, якому мы патэлефанавалі напярэдадні ягонага ад’езду з Маcквы.
— Мікалай, мінчане добра памятаюць ваш ранейшы візіт у сталіцу Беларусі: 25 верасня 2005 года вы разам з Імперскім Рускім балетам выступалі на сцэне нашага Палаца Рэспублікі. Чым запомнілася вам тая паездка?
— Я нідзе не атрымліваў столькі кветак! Не паводле колькасці — бо звычайна дораць вялізныя, пышна аформленыя букеты. А ў вас на сцэну пацягнулася цэлая чарада людзей рознага ўзросту, якія неслі па 3-5 асобных кветачак — ружы, гваздзікі, нават неўласцівыя гэтай пары года цюльпаны. Гэта было так кранальна! Адчувалася, што гэта не прынятая паводле этыкету ўвага да госця, а — сапраўды ад сэрца, з усёй шчырасцю, хтосьці, можа, нават на апошнія грошы. Арганізатары таго вечара потым прызнаваліся, што ніколі не бачылі на падобных, па сутнасці, камерцыйных, праектах столькі дзеячаў культуры, інтэлігенцыі і ўсіх тых, хто цэніць найперш мастацтва, а не толькі вядомыя імёны.
— Чаго чакаеце ад цяперашняга прыезду — такога ж мора кветак?
— Радасці! Вельмі хочацца пабачыць ваш адноўлены тэатр.
— А якая публіка вам найбольш даспадобы: інтэлігентная, дасведчаная?..
— Добрая. Праз аркестравую яму я яе не бачу, але адчуваю. Хаця пад час выступлення пра гэта не задумваешся. Галоўнае — ціха выйсці, станцаваць, ціха сыйсці. Але — пад апладысменты.
— У “Лебядзіным возеры” мы ўбачым вас у партыі злога чараўніка Ротбарда, які ў рэдакцыі Юрыя Грыгаровіча названы Злым Геніем. Але ў вашым рэпертуары ёсць і Зігфрыд з гэтага ж спектакля — сапраўдны балетны прынц, закаханы юнак. Якая з гэтых роляў вам бліжэйшая?
— Ніякая. Роля Мікалая Цыскарыдзэ.
Акрамя “ролі Мікалая Цыскарыдзэ”, мы ўбачым у “Лебядзіным возеры”, заснаваным на неўміручай харэаграфіі Марыуса Пеціпа, адну з найбольш яркіх цяперашніх прымадоннаў — народную артыстку Расіі Святлану Захараву, якая апошнім часам паспяхова саліруе ў “La Scala”. Спецыяльна для яе італьянскі харэограф Франчэска Вентрыльі паставіў свой новы аднаактовы балет — “Супергульня”, дзе гераіня трапляе ў віртуальную прастору камп’ютэрнага свету. Прэм’ера адбылася 9 красавіка на творчым вечары прымадонны ў Вялікім тэатры Расіі. Ну, а перад мінчанамі і гасцямі нашай сталіцы Святлана Захарава паўстане белай і чорнай лябёдкамі — Адэтай і Адыліяй, якія, па меркаванні ўплывовых балетных крытыкаў, лічацца ў яе выкананні эталоннымі. Яе партнёрам — прынцам Зігфрыдам — будзе народны артыст Расіі, уганараваны шматлікімі міжнароднымі медалямі і званнямі Андрэй Увараў. І хаця Мікалай Цыскарыдзэ сказаў у нашай з ім размове, што рускі балет, хаця і стаў сімвалам рускай культуры, не можа выявіць загадкавай рускай душы, бо тая куды глыбейшая, — кожны з артыстаў, безумоўна, падорыць нам часцінку сваёй душы. А мы ім — сваёй.

Надзея БУНЦЭВІЧ