Рэспубліканскі суботнік у Год роднай зямлі

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г


Брэстчына
Ад Брэсцкай крэпасці да музейнага комплексу Орды
Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк паведамляе “К”, што сёння, у дзень рэспубліканскага суботніка, культасветнікі Брэстчыны працуюць, у асноўным, на добраўпарадкаванні прылеглых да аб’ектаў культуры тэрыторый. Да прыкладу, рыхтуецца да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Музейныя супрацоўнікі заняты цяпер на святых для кожнага беларуса мясцінах.
Не менш клопату і ў раёнах вобласці. У Іванаўскім, па словах начальніка аддзела культуры Уладзіміра Шэляговіча, на рэспубліканскі суботнік выйшлі ўсе 383 работнікі культуры. Даводзяцца да ладу помнікі воінам, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай, а таксама аб’екты гісторыі і культуры, у тым ліку і ў аграгарадках. Шмат працы на тэрыторыі Раённага музейнага комплексу. Нагадаем чытачу, што на радзіме Напалеона Орды, у вёсцы Варацэвічы, пазалетась пачала дзейнічаць карцінная галерэя, а ў 2008-ым была ўведзена другая чарга комплексу — лазня, сауна, кацельня. Неўзабаве распачнецца ўзвядзенне музейнага будынка.

Віцебшчына
Галоўны аб’ект — плошча Перамогі 
У Рэспубліканскім суботніку прымае ўдзел каля пяці тысяч работнікаў культуры з 21 раёна вобласці. Першачарговая ўвага нададзена чысціні малых гарадоў і аграгарадкоў. Частка культасветнікаў задзейнічана на будаўнічых аб’ектах культуры і аховы здароўя.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларысы Аленскай, адным з галоўных аб’ектаў добраўпарадкавання ў абласным цэнтры стала плошча Перамогі. Работы вядуцца і ў паркавых зонах Віцебска, а таксама чысцяцца берагі і рэчышча ракі Віцьба.

Гомельшчына
Дзень суботніка — дзень цвярозасці
Супрацоўнікі Гомельскага палацавапаркавага ансамбля, а таксама работнікі ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама працуюць сёння ў гарадскім парку. Перліна абласнога цэнтра Палац Румянцавых і Паскевічаў, а таксама прылеглая старасвецкая паркавая зона павінны выглядаць узорна.
З не меншай адказнасцю паставіліся да рэспубліканскага суботніка ў рэгіёнах. Як паведамляе “К” начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў, супрацоўнікі аддзела наводзяць сёння чысціню на замацаванай тэрыторыі — лесапасадцы на ўездзе ў Рагачоў з мінскага напрамку. Работнікі культуры раёна, калектывы школ і шэф арганізацый заняты на добраўпарадкаванні 98 пахаванняў і 140 помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны... Дарэчы, дзень суботніка рашэннем райвыканкама абвешчаны на Рагачоўшчыне днём цвярозасці.

Гродзеншчына
Інтэрнат адкрыецца праз тыдзень
Работнікі культуры абласнога цэнтра працуюць на Гродзенскім драматычным тэатры, дзе заканчваюцца рэстаўрацыйныя работы, а таксама на будоўлі інтэрната Гродзенскага музычнага вучылішча. Дарэчы, чатырохпавярховы інтэрнат на 240 месцаў са спартыўнай залай будзе здадзены ў эксплуатацыю, як запэўнівае начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, літаральна праз тыдзень.

Магілёўшчына
Пад гукі духавых аркестраў
Упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама поўным складам выехала сёння ў вёску Жылічы Кіраўскага раёна, знакамітага сваім палацам. Па словах начальніка абласнога ўпраўлення культуры Анатоля Сінкаўца, ва ўсіх раёнах вобласці і ў Магілёве сёння гучаць духавыя аркестры, пад гукі якіх і адбываецца на Магілёўшчыне суботнік. У абласным цэнтры адным з асноўных аб’ектаў добраўпарадкавання стаў Пячэрскі парк.

Міншчына
На Кургане Славы
Начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч паведамляе “К”, што супрацоўнікі ўпраўлення цягам рэспубліканскага суботніка працуюць на Кургане Славы. Мерапрыемствы ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пройдуць у кожным раёне вобласці, у кожным райцэнтры і вёсцы. Будуць дагледжаны вайсковыя могілкі, мемарыялы і комплексы, месцы масавага адпачынку насельніцтва, лесапаркавыя і водаахоўныя зоны.

Мінск
Норма — 60 кубоў
Увесь мужчынскі склад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працуе па канкрэтным адрасе: Фрунзе, 19, Нацыянальны музей гісторыі і культуры краіны.Работа сур’ёзная бетанаванне перакрыццяў будынка, які знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі. Норма — 60 кубаметраў бетону.
Як паведамляе “К” намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, старшыня прафсаюзнага камітэта Міністэрства культуры Уладзімір Панцялейка, удзельнікі суботніка, натуральна, будуць працаваць поруч з прафесійнымі рабочымі. Інакш кажучы, якасць бетанавання — гарантавана!

Андрэй СТАРЖЫНСКІ