Паводле сістэмы

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

Пра тое, што заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, доктар культуралогіі, прафесар Уладзімір Скараходаў — асоба няўрымслівая, ведаюць усе. На нядаўнім канцэрце сваіх зорных вучняў (а іх шматлікія міжнародныя перамогі — вынік і яго ўласнай методыкі) у Белдзяржфілармоніі Уладзімір Паўлавіч здзівіў ізноў: у свае 70 гадоў (а ў душы — па-ранейшаму 20) ён узяў у рукі дырыжорскую палачку.

 /i/content/pi/cult/202/2340/Pavodle.jpg
 Дырыжыруе У.Скараходаў, саліст — яго выхаванец Я.Шымановіч.
Праўда, кіраваў аркестрам ён не ўпершыню. Чаго толькі няма за ягонымі
плячыма! Педагагічная дзейнасць (15 лаўрэатаў больш як 20-ці прэстыжных міжнародных конкурсаў), кіраўнічая (у розныя гады ён працаваў у Міністэрстве культуры, узначальваў Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры), выканальніцкая (салістам сімфанічнага аркестра нашага Вялікага тэатра), даследчыцкая (чатыры манаграфіі і каля 70-ці іншых навуковых прац), арганізатарская (да ўсяго, у міжнародных музычных арганізацыях і суполках)... У студэнцкія ж гады, займаючыся па класе кларнета ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, ён стварыў у Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме... біг-бэнд. На нядаўнім жа канцэрце дырыжыраваў Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі.
Адбылася на вечары і прэзентацыя яго новай кнігі — “Парады маім вучням”. Напісаная на дзіва, як кажуць, лёгкім пяром, яна ўтрымлівае найцікавыя метадычныя распрацоўкі, звесткі пра вучняў (гэткі “даведнік” лепшых маладых кларнетыстаў краіны) і папраўдзе слушныя парады, не “спісаныя” з падручнікаў, а — знойдзеныя і апрабаваныя ва ўласнай практыцы. Сярод іх — прапанова вучыць творы, “крочачы назад” (з канца на пачатак, а не наадварот), вызначаць тэмп не як хуткасць руху, а як яго характар. А яшчэ — абавязковае карыстанне на музычнай эстрадзе... сістэмай К.Станіслаўскага. 

Надзея БУНЦЭВІЧ