Навуковая канцэпцыя экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

(Працяг. Пачатак у № 13.)

У працэсе працы над экспазіцыяй музей кіруецца традыцыйнай схемай навуковага праектавання:
1) канцэпцыя (тэарэтычная частка);
2) пашыраная тэматычная структура;
3) тэматыка-экспазіцыйны план;
4) мастацкае праектаванне (дызайн-праект).
Навуковая канцэпцыя дае першаснае ўяўленне пра будучую экспазіцыю. Яна вызначае мэты і задачы экспазіцыі, асноўную праблематыку і тэматычную структуру, дае агульную характарыстыку музейнага збору, прапануе метады іх падачы.
Праводзіцца аналіз экспазіцый, што функцыянавалі раней, і ўказваюцца адметнасці новай экспазіцыі.
Пашыраная тэматычная структура вызначае падзел будучай экспазіцыі на ўзаемазвязаныя часткі — раздзелы, тэмы, экспазіцыйныя комплексы, канкрэтныя мемарыяльныя комплексы, фрагменты навуковай рэканструкцыі, а таксама тэхнічныя сродкі, якія будуць узмацняць уздзеянне экспазіцыі на музейнага наведвальніка: аўдыёвізуальныя сродкі, дзеючыя мадэлі, макеты, дэманстрацыйныя ўстаноўкі і інш.
Тэматыка-экспазіцыйны план адлюстроўвае канкрэтны склад экспазіцыйных матэрыялаў з шэрагам характарыстык: назвамі раздзелаў, тэм, тэматычных комплексаў, вядучымі тэкстамі і анатацыямі, пералікам экспанатаў у экспазіцыйных комплексах з пазначэннем асноўных атрыбуцыйных даных, звесткі пра характар экспазіцыйных матэрыялаў (аўтэнтык, копія і інш.), іх памеры. Да тэматыка-экспазіцыйнага плана дадаюцца этыкетаж, дакументацыя, неабходная для навуковай рэканструкцыі, распрацоўкі навукова-дапаможных матэрыялаў, а таксама фармулююцца пажаданні да канкрэтных мастацкіх рашэнняў — асобныя мастацкія прыёмы, меры па забеспячэнні захаванасці экспанатаў і інш.Істотны фактар, які ўплывае на працэс разгортвання экспазіцыі, — наяўнасць неабходных плошчаў. Асноўная экспазіцыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь будзе размешчана ў будынку на вуліцы К.Маркса, д.12, які пабудаваны на пачатку ХХ ст. і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Плануецца зрабіць вуліцу К.Маркса пешаходнай, што дасць магчымасць больш шырокаму колу турыстаў наведаць музей і пазнаёміцца з гісторыяй беларускага народа. Частка экспазіцыі “Традыцыйная беларуская культура” і адкрытае захаванне фондаў размесцяцца ў будынку музея на вуліцы Фрунзе, 19 — помніку архітэктуры першай паловы ХІХ ст. Экспазіцыйная і выставачная плошчы, на якія разлічана канцэпцыя ў будынку на вул. К.Маркса, 12, складаюць 1769 кв. м (19 залаў): экспазіцыйныя залы — 1480,2 кв. м, выставачная зала — 185,8 кв. м, лекцыйная зала — 55 кв. м, зала для музейна-педагагічных заняткаў — 48 кв. м. Плошчы ў будынку на вул. Фрунзе, 19 размеркаваны наступным чынам: экспазіцыя “Традыцыйная беларуская культура” — 823 кв. м, адкрытае захаванне фондаў — 611 кв. м, лекцыйная зала — 100 кв. м, зала для музейна-педагагічных заняткаў — 70 кв. м.
Канцэпцыя экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь мае вялікую навуковую, сацыяльную, ідэалагічную і культурную значнасць. Стварэнне пастаяннай экспазіцыі на яе аснове будзе садзейнічаць рашэнню актуальных задач адраджэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, пашырэнню ведаў аб нашай краіне ў свеце, павышэнню яе міжнароднага прэстыжу. Аўтарскі калектыў упэўнены, што экспазіцыя будзе працаваць на кансалідацыю беларускага грамадства, выхаванне патрыятызму, падтрыманне міжканфесійнага і міжнацыянальнага ўзаемаразумення.
ПЕРЫЯД І. ПЕРШАБЫТНА-АБШЧЫННЫ ЛАД НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Першабытная эпоха — найстаражытнейшы этап у развіцці грамадска-эканамічных адносін чалавецтва. Яна ахоплівае надзвычай вялікі адрэзак часу: ад першапачатковага засялення тэрыторыі чалавекам да фарміравання першых дзяржаўных утварэнняў.
Перыяд першабытна-абшчыннага ладу — вызначальны крок у развіцці грамадства. У гэты час чалавек набыў сучасныя антрапалагічныя рысы, навучыўся вырабляць прылады працы, перайшоў ад прысвойваючай да вырабляючай гаспадаркі, з’явіліся рэлігія, мастацтва. У гэты перыяд чалавек засяліў і асвоіў усю тэрыторыю Беларусі, якая стала адным з галоўных ачагоў фарміравання славянскай супольнасці.
Гісторыя першабытнага грамадства паўстае як шматгранны і складаны працэс, у значнай ступені абумоўлены размяшчэннем Беларусі ў цэнтры еўрапейскага кантынента.Пераход ад першабытнага ладу да наступнай фармацыі — феадалізму — на Беларусі праходзіў у VI — IX стст., што тыпова для Усходняй Еўропы.
У канцы І тыс. н. э. з’яўляюцца пісьмовыя крыніцы, здольныя шматгранна асвятліць жыццё нашых продкаў.
Экспазіцыя перыяду падзелена на гістарычныя раздзелы і тэмы, у межах якіх вылучаюцца археалагічныя культуры. У яе склад уключаны асобныя мастацка-экспазіцыйныя комплексы: “Паляванне ў перыяд мезалітычнага часу”, “Гарадзішчы”, “Пахавальныя абрады”, “Майстэрні” і інш.
РАЗДЗЕЛ І. ПАЛЕАЛІТ (100 тыс. г. да н. э. — 8 тыс. да н. э.)
Палеаліт — самая старажытная эпоха ў гісторыі чалавецтва, яе адлік вядзецца ад першапачатковага засялення людзьмі пэўных тэрыторый.
Фарміраванне чалавека пачалося ва ўмовах істотнага пахаладання клімату, а яго рассяленне ў Еўропе прыпала на ледавіковую эпоху. Першымі людзьмі, якія з’явіліся на тэрыторыі Беларусі, былі неандэртальцы.
Тэмы: Прыледавіковая фауна Беларусі. Першыя людзі на тэрыторыі Беларусі. Першыя верхнепалеалітычныя стаянкі на Беларусі. Насельніцтва Беларусі ў фінальным палеаліце. Духоўная культура і вераванні насельніцтва Беларусі.
РАЗДЗЕЛ ІІ. МЕЗАЛІТ (8 — 5 тыс. да н. э.)
Эпоха мезаліту вылучаецца зменай прыроднага асяроддзя, калі адбыўся паступовы пераход ад познеледавікоўя да максімальна спрыяльных кліматычных умоў. У выніку гэтага змяніўся жывёльны свет, што паўплывала на ўсе бакі жыцця мезалітычнага чалавека. Ва ўмовах максімальна спрыяльнага клімату асабліва эфектыўнай робіцца прысвойваючая гаспадарка — збіральніцтва і паляванне. У гэтую эпоху адбываецца працэс прыручэння чалавекам першых жывёл.
Тэмы: Поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі. Грэнская, свідэрская, яніславіцкая, кудлаеўская, валкушанская, каморніцкая культуры. Навацыі ў матэрыяльнай культуры: шырокае выкарыстанне лука і стрэл, састаўных прылад. Першыя прыручаныя жывёлы.
РАЗДЗЕЛ ІІІ. НЕАЛІТ. 5 — 3 тыс. да н. э.
Новы каменны век традыцыйна вылучаецца на падставе з’яўлення земляробства, жывёлагадоўлі, глінянага посуду і шліфаваных каменных вырабаў.
Пры гэтым на Беларусі вытворчыя формы гаспадаркі сталі шырока вядомымі ў сярэдні (на поўдні) і позні (на поўначы) перыяды неаліту. Новая эпоха ў гісторыі Беларусі вылучаецца найперш дзякуючы распаўсюджванню керамічнай вытворчасці.
Тэмы: “Неалітычная рэвалюцыя” — распаўсюджванне вытворчай гаспадаркі. Асаблівасці гаспадаркі насельніцтва Беларусі ў неаліце: развіццё прысвойваючых форм гаспадарання, зараджэнне комплекснай гаспадаркі. Пачатак керамічнай вытворчасці. Тарфянікавыя паселішчы Паўночнай Беларусі. Матэрыяльная культура носьбітаў нёманскай, верхнедняпроўскай і днепра-данецкай культур. Духоўная культура і вераванні насельніцтва Беларусі ў неаліце.
РАЗДЗЕЛ ІV. РАССЯЛЕННЕ ІНДАЕЎРАПЕЙЦАЎ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ (сярэдзіна 3 тыс. да н.э. — 1800/1700 гг. да н. э.)
У 3 тыс. да н. э. у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе на вялікіх прасторах ад берагоў Рэйна да Паўднёвай Скандынавіі, Усходняй Прыбалтыкі, Паволжа і Сярэдняга Падняпроўя, у тым ліку і на Беларусі (у першай палове 3 тыс. да н. э.) распаўсюджваюцца помнікі і матэрыялы кола культур шнуравой керамікі. Доўгатрывалыя і складаныя працэсы культурных узаемадзеянняў новага насельніцтва з мясцовым паступова прывялі да значных змен у позненеалітычным грамадстве і фарміравання новага ладу жыцця.
Канец неаліту — пачатак бронзавага веку — перыяд росквіту крэмнеапрацоўкі.
Неад’емнай часткай крамянёвага інвентару стаянак і пахавальных комплексаў дадзенай эпохі з’яўляюцца наканечнікі стрэл, дзід, кінжалы, сярпы, нажы, сякеры. Выканаць гэтыя прылады мог толькі майстар вельмі высокага ўзроўню. З’яўляюцца сярпы з двухбаковай апрацоўкай і спецыяльна падрыхтаваныя ўкладышы да састаўных сярпоў, якія сведчаць пра развіццё земляробства. Асаблівага росквіту дасягнула тэхніка шліфоўкі каменю (свідраваныя сякеры, булавы, матыкі, каменныя шліфаваныя сякеры-кліны).
Тэмы: Культура шарападобных амфар. Рассяленне індаеўрапейцаў на тэрыторыі Беларусі. Сярэднедняпроўская культура. Асаблівасці матэрыяльнай культуры індаеўрапейскага насельніцтва. Асаблівасці духоўнай культуры індаеўрапейцаў.
РАЗДЗЕЛ V. РАННІ ПЕРЫЯД БРОНЗАВАГА ВЕКУ (1800/1600 — 1200/1000 гг. да н. э.)
Бронзавы век — час актыўнага пашырэння вырабаў з бронзы і ўзнікнення металургіі. Металічныя вырабы ўжываліся побач з каменнымі і крамянёвымі, якія яшчэ працягвалі пераважаць, але ўносілі адчувальныя змены ў жыццё людзей і спрыялі развіццю грамадства. Наступленне гэтай эпохі адзначалася зрухамі ва ўсіх сферах жыцця. Найноўшыя распрацоўкі беларускіх археолагаў даводзяць, што на пераважнай частцы тэрыторыі Беларусі ранні перыяд бронзавага веку пачынаецца са з’яўленнем старажытнасцей тшцінецкага культурнага кола.
Тэмы: Тшцінецка-сосніцкая супольнасць. Тарфянікавыя паселішчы Паўночнай Беларусі.
РАЗДЗЕЛ VІ. ПОЗНІ ПЕРЫЯД БРОНЗАВАГА ВЕКУ (1200/1000 — 800/600 гг. да н. э.)У гэты час на Верхнім Падняпроўі і ва Усходнім Палессі пачынаюць распаўсюджвацца старажытнасці лебядоўскага тыпу, а на захадзе Беларусі зараджаецца культура штрыхаванай керамікі і назіраюцца пэўныя ўплывы лужыцкай культуры.Тэмы: Матэрыяльная культура насельніцтва Беларусі ў познім бронзавым веку. Духоўная культура і вераванні насельніцтва Беларусі ў бронзавым веку.
РАЗДЗЕЛ VIІ. РАННІ ЖАЛЕЗНЫ ВЕК
Жалезны век з’яўляецца заключным этапам першабытнай эпохі. Асноўнай падставай яго вылучэння стала распаўсюджванне металургіі жалеза і вырабу з яго прылад працы і зброі.
Асваенне металургіі жалеза стала штуршком да імклівага тэхнічнага прагрэсу і значна паскорыла далейшае развіццё матэрыяльнай культуры, гаспадарчых і сацыяльных адносін.
На тэрыторыі Беларусі мелася ўся неабходная для металургіі жалеза сыравіна — шматлікія радовішчы балотных руд і неабсяжныя лясы, што і прадвызначыла хуткае распаўсюджванне навыкаў выплаўкі жалеза па ўсёй тэрыторыі краіны.
Першымі авалодалі навыкамі чорнай металургіі носьбіты мілаградскай культуры на поўдні Беларусі. Пашырэнню чорнай металургіі спрыялі даступнасць сыравіны (балотных і азёрных руд), адклады якіх маюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Выкарыстанне жалеза вельмі істотна паўплывала на матэрыяльную культуру і гаспадарку і адкрыла новыя далягляды ў развіцці вытворчай гаспадаркі.
Асновай комплекснай гаспадаркі насельніцтва Беларусі былі земляробства і жывёлагадоўля. Выкарыстанне жалезных прылад працы дазволіла не толькі забяспечваць насельніцтва неабходным мінімумам харчавання, але і ствараць пэўныя запасы, што стымулявала развіццё абмену і гандлю і, адначасова, правакавала рабаўніцтва і войны. А гэта, у сваю чаргу, вяло да з’яўлення груп людзей, якія пастаянна займаліся вайсковай справай.
На поўначы Беларусі на працягу ўсяго ранняга перыяду жалезнага веку існавалі дзве археалагічныя культуры: днепра-дзвінская — ва ўсходняй частцы рэгіёна — і культура штрыхаванай керамікі — у заходняй. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу насельніцтва Паўднёвай Беларусі ў раннім жалезным веку хутчэй знаёмілася з найбольш перадавымі тэхнічнымі і культурнымі набыткамі, чым іх паўночныя суседзі. Набліжанасць да прычарнаморскіх і паўднёваеўрапейскіх цэнтраў антычнай цывілізацыі прадвызначыла большую інтэнсіўнасць развіцця культур Паўднёвай Беларусі.
Тэмы: Тэхналогіі выплаўкі жалеза і металаапрацоўкі. Першыя жалезныя вырабы на тэрыторыі Беларусі. Днепрадзвінская і штрыхаванай керамікі культуры. Мілаградская культура. Паморская культура. Духоўная культура і вераванні насельніцтва Беларусі ў раннім жалезным веку.
РАЗДЗЕЛ VІІІ. ЭТНАКУЛЬТУРНАЯ СІТУАЦЫЯ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў АНТЫЧНЫ ПЕРЫЯД І ЭПОХУ ВЯЛІКАГА ПЕРАСЯЛЕННЯ НАРОДАЎ (І — V стст. н. э.)
У першых стагоддзях нашай эры адбыліся кардынальныя змены ў матэрыяльнай культуры і побыце насельніцтва Беларусі. Значна выраслі колькасць і асартымент жалезных прылад працы. Гэта спрыяла далейшаму развіццю вытворчай гаспадаркі, што, у сваю чаргу, прывяло да пашырэння маёмаснай няроўнасці і ўскладнення сацыяльных адносін.
Пашырэнне маёмаснай няроўнасці і паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі вялі да ўскладнення рэлігійных уяўленняў і культавай практыкі насельніцтва Беларусі.Тэрыторыю Беларусі непасрэдна закранула Вялікае перасяленне народаў — перыяд масавых перамяшчэнняў рознаэтнічнага насельніцтва па ўсёй Еўропе. З эпохай Вялікага перасялення народаў звязаны шэраг археалагічных культур Беларусі.
Тэмы: Археалагічныя культуры Паўночнай Беларусі — днепра-дзвінская і штрыхаванай керамікі. Зарубінецкая культура. Вялікае перасяленне народаў і Беларусь: вельбарская, кіеўская культуры. Духоўная культура і вераванні насельніцтва Беларусі ў першай палове І тыс. н. э.
ПЕРЫЯД ІІ. БЕЛАРУСЬ У СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ
Гэтая эпоха ў гісторыі Беларусі звязана з працэсамі этнагенезу і рассялення славян, утварэннем дзяржаўнасці, распаўсюджваннем хрысціянства.
Грамадства ранняга Сярэднявечча характарызуецца як шматукладнае, дзе суіснавалі тры эканамічныя ўклады: першабытна-абшчынны, рабаўладальніцкі (на ўзроўні хатняга) і феадальны.
Бурны рост вытворчых сіл адбіўся на развіцці жывёлагадоўлі, земляробства і рамёстваў і выклікаў паскарэнне распаду першабытна-абшчыннага ладу. На змену радавой абшчыне прыйшла суседская, у аснове якой ляжалі эканамічныя адносіны.
Старажытнарускі перыяд вызначаецца фарміраваннем дзяржаўнасці на землях Беларусі, пашырэннем знешніх сувязей, з’яўленнем і распаўсюджваннем хрысціянства. Грамадства старажытнарускага часу адрознівалася шматукладнасцю: з перажыткамі першабытна-абшчыннага ладу, элементамі рабаўладальніцтва (на ўзроўні хатняга рабства) актыўна развіваўся феадалізм. Адной з адметных рыс перыяду стала ўзнікненне і актыўнае развіццё гарадоў на Беларусі.
Працяглым і самабытным гістарычным перыядам у сярэднявечным мінулым беларускага народа быў той час, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ). Ядром ВКЛ пры яго ўтварэнні ў сярэдзіне ХІІІ ст. былі беларускія землі Верхняга і Сярэдняга Панямоння і землі па верхнім цячэнні р. Віліі.
Гісторыя беларускага народа ў Сярэднявеччы насычана як значнымі дасягненнямі ў розных сферах грамадска-палітычнай, дзяржаватворчай, этнаканфесійнай дзейнасці, стварэннем вялікіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, так і разбуральнымі войнамі. Эканамічнае, палітычнае, культурнае развіццё было вынікам працяглага, далёка не простага ўзаемадзеяння розных сацыяльных і палітычных фактараў, міжнародных і ўнутраных дачыненняў.
Менавіта ў гэты перыяд нашы продкі ўпершыню пачалі асэнсоўваць сябе цэласным, непарыўным народам са сваёй гістарычнай спадчынай, культурай, светапоглядам, звычаямі, гаспадарчым і жыццёвым побытам.
Актыўна назапашваліся духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, высокі ўзровень якіх сведчыў пра вялікі ўнутраны патэнцыял беларускага народа.

Экспазіцыя перыяду падзелена на гістарычныя раздзелы і тэмы. У яе склад уключаны асобныя мастацка-экспазіцыйныя комплексы: “Гарады. Рамёствы. Гандаль”, “Кнігадрукаванне. Францыск Скарына. Бібліятэкі” і інш.


У поўным аб’ёме канцэпцыя размешчана на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: www.kultura.by