У Галандыю з уласным “Багаццем…”

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь адзначыў Міжнародны дзень тэатра не толькі чарговай канцэртнай праграмай, але і прэс-канферэнцыяй, прысвечанай далейшым планам трупы. З журналістамі сустрэліся намеснік генеральнага дырэктара тэатра Валерый Гедройц, галоўны дырыжор, заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна і галоўны мастак Аляксандр Касцючэнка. Паводле драматургіі размова нагадвала сучасна трактаваную санатную форму — з уступам, галоўнай і пабочнай партыямі, бурлівай распрацоўкай, кодай.

 /i/content/pi/cult/202/2337/U-Galandyju.jpg
Урачыстым уступам, тэма якога зноў узнікне ўжо перад кодай, у яе сярэдзіне і ў фінале, сталіся ўражанні ад фае адноўленага будынка тэатра, дзе і праходзіла прэс-канферэнцыя, і глядзельнай залы.
У якасці “галоўнай партыі” выступалі пытанні, звязаныя са штатным раскладам і прызначэннем на кіраўнічыя пасады. Як вядома, выконваючым абавязкі генеральнага дырэктара з’яўляецца Валянцін Пышной. Месца галоўнага рэжысёра па-ранейшаму застаецца вакантным. Прэтэндэнтаў шукаюць, але з запрашэннем спецыяліста надта спяшацца тэатр не збіраецца.
— Кандыдату на пасаду галоўнага рэжысёра, — зазначыў В.Гедройц, — спачатку будзе прапанавана пастаноўка, і толькі пасля яе адбудзецца прызначэнне. Так што ўсё гэта будзе не раней за наступны год. Гэта вельмі важны выбар, і на гэтым месцы павінен быць рэжысёр з сучаснай пастановачнай “мовай”.
А.Касцючэнка распавёў, як апынуўся на пасадзе галоўнага мастака. Раней ён ужо сем гадоў працаваў у нашым Вялікім тэатры, з іх чатыры з паловай загадваў пастановачнай часткай. Потым восем гадоў прайшлі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага:
— У мяне каласальнае веданне тэхнікі сцэны, і я пастараюся апраўдаць давер.
Лейтматывам, які неаднойчы гучаў з вуснаў В.Пласкіны пад час прэс-канферэнцыі, была роля сродкаў масавай інфармацыі (“Вы для нас — важныя людзі, на вагу золата”), заклік стварыць вакол працы тэатра цёплую грамадскую атмасферу. А “пабочнай партыяй”, якая ў працэсе распрацоўкі атрымала папраўдзе магутнае гучанне і стала прэтэндаваць на ролю галоўнай, можна лічыць далейшыя творчыя планы трупы.
Як паведаміў В.Пласкіна, ужо падпісаны кантракт з галандскай фірмай на новую пастаноўку ў нас оперы Вердзі “Трубадур”. З нашымі артыстамі будзе працаваць галандская пастановачная трупа, і тэатр павязе “Трубадура” ў Галандыю, дзе плануецца паказаць 13 — 14 спектакляў. У канцы сезона, што прыпадзе на пачатак ліпеня, мы ўбачым прэм’еру оперы “Чужое багацце нікому не на карысць” Яна Давіда Голанда, які ў канцы XVIII стагоддзя быў запрошаны Радзівіламі з Германіі ў Нясвіж, дзе стварыў гэты і іншыя музычныя спектаклі. “Чужое багацце...” будзе папраўдзе багатым: пастаноўка оперы будзе каштаваць больш за 80 тысяч долараў.
Да канца каляндарнага года плануецца паставіць оперу Вердзі “Макбет”, канцэртнае выкананне якой было летась у Віцебску. Будзе адноўлена “Хаваншчына” Мусаргскага — да 170-годдзя з дня нараджэння кампазітара.
У канцы наступнага сезона на сцэне зноў з’явіцца яго “Барыс Гадуноў”.— Хочацца, — сказаў В.Пласкіна, — каб у рэпертуары быў буйны, маляўнічы рускі спектакль. Нам, славянам, увогуле рускія оперы куды бліжэйшыя па духу, чым тыя, што напісаны на еўрапейскіх мовах.
У снежні трэба чакаць балет “Папялушка” С.Пракоф’ева. Харэографам-пастаноўшчыкам запрошаны Юрый Пузакоў з Расіі. Яго “Каханне пад вязамі”, пастаўленае ў 2006 годзе ў нашым тэатры і вырашанае ў жанры харэадрамы, значна прайгравала побач з канцэптуальна-філасофскімі, насычанымі пластычнымі знаходкамі балетамі В.Елізар’ева. Але цяпер, як было засведчана на прэс-канферэнцыі, Ю.Пузакоў “набраўся вопыту”. У 2010 годзе штосьці паставіць у нас і Раду Паклітару — былы выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які апошнім часам узначальвае трупу сучаснай харэаграфіі ў Кіеве.
Што ж да бліжэйшых планаў, дык з красавіка на сцэне адноўленага тэатра ідуць ужо не толькі гала-канцэрты, але і балетныя спектаклі. Адаптаваць да новай сцэны іх аказалася лягчэй, чым оперныя, у якіх, паводле В.Пласкіны, усе заднікі парэзаны, бо сцэна Цэнтральнага Дома афіцэраў, дзе ў час рамонту гасцявала опера, зусім маленькая. У “распрацоўцы” галоўная і пабочная партыі набылі новыя абрысы.
Што да штатнага раскладу, дык В.Пласкіна выказаў свае думкі наконт пажаданага адкрыцця ў аркестры і хоры стажорскіх груп. Ён хацеў бы таксама правесці атэстацыю оперных салістаў, але пры гэтым заўважыў, што ніводнага народнага ці заслужанага артыста не звольняць. Пакуль жа новыя “твары” можна ўбачыць у... аркестравай яме: тэатр набыў шмат новых інструментаў, і гэты працэс, на радасць музыкантам і публіцы, працягваецца. Дарэчы, “вакантных месцаў” у глядзельнай зале на бліжэйшыя спектаклі і канцэрты не прадбачыцца: цікавасць да тэатра значна ўзрасла. І, што вельмі важна, не толькі з боку гледачоў, але і з боку замежных імпрэсарыо, салістаў і нават спонсараў. Тэатр атрымаў магчымасць змяняць цэны на білеты ў адпаведнасці з попытам. Разам з тым, тут і надалей будуць праходзіць дабрачынныя акцыі (да Дня тэатра, між іншым, тэатр правёў два канцэрты: адзін — па квітках, другі — па запрашальніках, для ветэранаў тэатра і дзеячаў культуры).
Ды ўсё ж асаблівую моц набыла ў фінале размовы “пабочная партыя”, што трансфармавалася ў абмеркаванне менавіта беларускага рэпертуару.Нашы кампазітары, вядома, прыносяць у тэатр свае партытуры. Але, пэўна, тэатр павінен і сам замаўляць аўтарам творы. У прыватнасці, В.Пласкіна выказаў прапанову, каб Міністэрства культуры правяло конкурс на лепшую беларускую оперу. На нашу ж думку, тэатр мог бы і сам правесці своеасаблівы “конкурс” — сярод тых айчынных партытур, што ўжо назапашаны.
Тым больш, што далёка не ўсе яны былі ў свой час пастаўлены на сцэне. Чаму б не правесці цыкл канцэртных выкананняў беларускіх опер розных гадоў? Гэта прадэманстравала б грамадскасці агульную карціну развіцця опернага жанру ў краіне і дапамагло б сфарміраваць “залаты фонд” як уласна опер, так і асобных нумароў.
Нагадаю, яшчэ да пачатку рамонту музыказнаўца Вольга Брылон і дырыжор тэатра Вячаслаў Воліч рыхтавалі і праводзілі праграму “Па старонках беларускіх опер”. Але ў дабрачынным канцэрце да Міжнароднага дня тэатра, які стаўся святочнай “кодай”, не прагучалі нават фрагменты з оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана, якая захоўваецца ў рэпертуары ўжо 20 гадоў.
Што ж да “залатога фонду” салістаў, дык прыходзьце ў тэатр 7 красавіка на творчы вечар “Casta Diva” Ніны Шарубінай: паверце, гэта папраўдзе спявачка экстра-класа, і не толькі ў беларускіх маштабах.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА