“Брыдкае качаня” на шляху “з варагаў у грэкі”

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

У гэтую камандзіроўку на Быхаўшчыну наш карэспандэнт выправіўся напярэдадні “круглага стала”, які пройдзе 7 красавіка ў рэдакцыі “Культуры”. Пасяджэнне будзе прымеркавана да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. У “круглым стале” возьмуць удзел спецыялісты ў гэтай галіне з розных рэгіёнаў рэспублікі. Яны падзеляцца вопытам кансервацыі і рэстаўрацыі такіх аб’ектаў, іх зберажэння. Ёсць пэўны досвед у гэтым накірунку і ў быхаўчан. Але наш карэспандэнт па выніках камандзіроўкі пакуль змог канстатаваць наступнае: праз два гады з часу апошняга наведвання ім раёна сітуацыя з помнікамі старажытнасці зусім не палепшылася.

Маляўнічы дняпроўскі краявід, якім падарожніку адкрываецца Быхаў, па-ранейшаму псуе закінутая будыніна ля самага ўезда ў гарадок. Не кожны здагадаецца з першага позірку, што гэта унікальны помнік беларускай архітэктуры XVI — XVII стагоддзяў, што перад вачыма — адзіны замак на ўсім усходзе Беларусі (ад Брагіна да Верхнядзвінска), які хаця б збольшага ацалеў да нашых дзён.

Натуральна, з аналізу стану помнікаў, работы па іх захаванні і выкарыстанні патэнцыялу старажытнасцей, у тым ліку і эканамічнага, вынікаюць таксама пытанні развіцця агратурызму ў раёне. Між іншым, як сведчаць эксперты, адным з найбольш прывабных па гэтым паказчыку ў вобласці.

 
Сукупнасць руін розных эпох
Няцяжка было заўважыць, што закранаць тэму Быхаўскага замка жыхары горада не надта жадалі. Але і ігнараваць яе немагчыма, бо яна навідавоку.Праблема гэтая ўжо збітая, — кажа начальнік ідэалагічнага аддзела Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Ігнацьеў. — Гаварылася пра яе шмат, але...

А зрухаў пакуль ніякіх. Быхаўскі замак, які некалі лічыўся непрыступным, працягвае пакрысе разбурацца. Ізноў прайшоўшыся па яго руінах пасля двухгадовага перапынку, я не прыкмеціў ніякіх змен. Хіба што на старадаўніх мурах з’явіліся шматлікія, відавочна неаўтэнтычныя, выявы, пакінутыя нейкімі графітыстамі, па якіх плача Адміністратыўны кодэкс.

 /i/content/pi/cult/202/2336/Socium1.jpg
Працэс руйнавання распачаўся яшчэ ў тыя часы, калі замкавы комплекс меў розных гаспадароў — ад мэблевай фабрыкі і да раённага музея. Супрацоўнікі апошняга надоўга запомняць той дзень, калі абрынулася адна з вежаў: усё адбылося практычна ў іх на вачах.

Прычына руйнавання самая банальная: па дарозе прагрукатала цяжкая фура, і выкліканай яе коламі вібрацыі было дастаткова, каб адрузлы мур рассыпаўся. Цяпер замкавы комплекс уяўляе з сябе сукупнасць руін розных эпох.

Гадоў пяць таму многім здавалася, нібыта сітуацыя вось-вось павінна выправіцца. СМІ з радасцю паведамілі: у замка знайшоўся новы гаспадар — прадпрымальнік з такім самым прозвішчам, што і слынны магнацкі род, які некалі тут валадарыў. Ды, як неўзабаве, даволі прадказальна, выявілася, такі аб’ект для аднаго асобна ўзятага прадпрымальніка — яўна “не па зубах”. Відавочна і тое, што і сіламі раёна яго не адужаць: для паўнавартаснай рэстаўрацыі патрэбны дзесяткі мільёнаў долараў.

Без сумневу, вырашэнне гэтай праблемы магчымае толькі на абласным узроўні. Тым болей, Быхаўшчына мае нямала іншых адметнасцей, здатных пераўтварыць гэты раён у адзін з найбуйнейшых турыстычных цэнтраў рэгіёна.

Вось і шлях ад замка да другой галоўнай быхаўскай адметнасці — унікальнай сінагогі абарончага тыпу, якая паўстала адначасова з крэпасцю, — займае лічаныя хвіліны. Вокны культавага будынка ўжо каторы год пазабіваны дошкамі. Зазірнуўшы ў прагал паміж імі, бачу водбліскі сонца, што падаюць згары, — красамоўнае сведчанне таго, што дах унікальнага архітэктурнага помніка месцамі прагніў. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб у гэтым выпадку канстатаваць: будынак знаходзіцца ў вялізнай небяспецы. Вось і інтэр’еры сінагогі цяпер можна ўбачыць хіба на музейных здымках 70-х гадоў.

У нешчаслівым лёсе сінагогі за апошнія дзесяцігоддзі таксама здараліся светлыя моманты.

На пачатку 90-х яна нават “абрасла” будаўнічымі рыштаваннямі: яўрэйская абшчына знайшла грошы на правядзенне рэстаўрацыі. Але потым інфляцыя ператварыла тыя сродкі ў прысак, і ўрэшце рыштаванні давялося прыбраць: яны дашчэнту прагнілі.

Адпаведна, гэты старадаўні гмах таксама вымагае пошуку іншага прызначэння. А з гэтым пакуль праблемы.

Для немца — экзотыка, для беларуса — турбізнес

А вось Баркалабаўскі манастыр, з якім звязаны імёны Лаўрэнція Зізанія і Мялеція Сматрыцкага і, вядома ж, Баркалабаўскі летапіс, трэба аднаўляць, як кажуць, “з нуля”: на яго месцы сёння — роўнае поле. Але маркотны настрой развейвае гамана рабочых, якія ўзводзяць першы, пакуль драўляны, будынак адроджанага манастыра.

Калі цудатворны абраз Казанскай Божай Маці вернецца ў Баркалабава з Быхаўскай царквы, як гэта цяпер і плануецца, у манастыр ізноў пацякуць паломнікі і проста турысты.

Прычым трапіць туды можна будзе не толькі па сушы, але і па вадзе. Піянер агратурызму на Быхаўшчыне Міхаіл Дудзікаў плануе ладзіць адмысловыя экскурсіі для гасцей сваёй сядзібы. І нават расчысціў дзеля гэтага водны шлях праз затокі Дняпра.
 /i/content/pi/cult/202/2336/Socium2.jpg

Былога ваеннага, а цяпер пенсіянера Міхаіла Дудзікава прыцягнула на радзіму дзеда, вядома ж, не столькі настальгія па вясковым ладзе жыцця, колькі рэальная магчымасць распачаць на вёсцы сваю справу, здатную прынесці дывідэнды (спярша маральныя, а ў перспектыве — і матэрыяльныя), жаданне адчуць сябе гаспадаром.

Ён даўно падумваў пра тое, каб пераўтварыць сваё лецішча на беразе Дняпра ў турыстычны аб’ект. Але толькі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы агратурызму гэтыя намеры былі ўвасоблены ў жыццё. Гаспадар атрымаў і вызваленне ад падаткаў, і льготныя крэдыты, і абарону ад празмернай дбайнасці некаторых мясцовых чыноўнікаў. Адным словам — “зялёнае святло” ва ўсіх пытаннях.

Таму праца на тэрыторыі аграсядзібы ніколі не спыняецца. У планах — і стварэнне этнаграфічнага музейчыка, і набыццё вальераў са страусамі, і адкрыццё прыдарожнай кавярні, і тыя самыя водныя маршруты... Зрэшты, усплёск воднага турызму на хвалях Дняпра Міхаіл Дудзікаў чакае трохі пазней. Ён дазнаўся, што паўз яго сядзібу мае праходзіць адзін з самых маштабных трансмежных турмаршрутаў, які дакладна аднаўляе пакручасты шлях “з варагаў у грэкі”. І спадзяецца, што сёй-той з падарожнікаў вырашыць зрабіць тут прыпынак, здалёк пабачыўшы прыгожую альтанку па-над ракой. Тым часам жыхары паўтузіна замежных краін ужо паспелі пабываць у ліку гасцей аграсядзібы. Стабільныя кліенты — зацятыя нямецкія паляўнічыя. Зрэшты, па словах Міхаіла Дудзікава, для заходніх еўрапейцаў нават па грыбы схадзіць — і тое вох якая экзотыка!

У плане развіцця аграэкатурызму Быхаўскі раён займае адну з першых пазіцый у вобласці: сядзіб тут ужо больш за дзесяць. Вядома, гэта зусім не мяжа росту. Але, па словах выконваючага абавязкі начальніка аддзела спорту, фізкультуры і турызму райвыканкама Яўгена Гладкова, штогод іх колькасць павялічваецца.

Загадка “жывых” літар

Даведаўшыся, што вёскай Грудзінаўка некалі валодалі Талстыя, бадай кожны з нас адразу спытае: ці не сваякі яны Льву Мікалаевічу?

— Так, гэта адзіны дваранскі род, але ж у Грудзінаўцы жылі прадстаўнікі іншай яго галіны, — адказалі супрацоўніцы Быхаўскага музея.

Грудзінаўская сядзіба была збудавана з папраўдзе графскай раскошай. Яна ўключала шыкоўны класіцыстычны палац, сажалку, густоўна спланаваны парк плошчай каля шасці гектараў, які ўтрымліваўбольш за паўсотні экзотаў... Між іншым, ён па-ранейшаму тоіць неразгаданую пакуль загадку.

— Калі зірнуць на паркавыя насаджэнні з ладнай вышыні, можна прыкмеціць, што ў адным месцы дрэвы нібы ўтвараюць дзве літары: “Х” і “Т”, — распавядае галоўны захавальнік фондаў музея Ірына Міхайлава. — Што яны значаць? Другую “расшыфраваць” нескладана, а вось першую... Прадстаўнікоў роду Талстых, чыё імя пачыналася б на гэтую літару, у ХІХ стагоддзі не было.

Таямніцы таямніцамі, але сучасная гісторыя сядзібы не ўтрымлівае ў сабе ніякіх інтрыг — яна звыклая, бадай тыповая. Палац, ацалелы ва ўсіх войнах, пэўны час займалі розныя сацыяльныя і медыцынскія ўстановы, пакуль ён не прыйшоў у аварыйны стан. І сёння стаіць закінуты, з забітымі вокнамі. Парк паціху ператвараецца ў лес — хаця экзатычныя пароды ў ім яшчэ захаваліся.

 /i/content/pi/cult/202/2336/Socium3.jpg
— Мы запрашалі спецыялістаў з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, і тыя, агледзеўшы парк, прыйшлі да высновы, што ягоную былую веліч хаця б часткова адрадзіць магчыма, — распавяла навуковы супрацоўнік музея Лілія Спірыдонава. — Адно што — для гэтага патрэбны сродкі.

Можна спадзявацца, што з часам яны знойдуцца. Бо лёс сядзібы цяпер не выклікае песімістычнай няпэўнасці — у адрозненне ад будучыні замка і сінагогі. Сродкі на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі з абласнога бюджэту ўжо выдаткаваны і планамерна асвойваюцца. Значыць, першы крок да адраджэння сядзібы Талстых зроблены.

Якім будзе яе новае прызначэнне? Пакуль што пэўнага адказу ў раёне мне не далі. Але, найверагодней за ўсё, тут размесціцца менавіта ўстанова культуры.

* * *

Абавязкова патрэбна ўключыць у пералік адметнасцей Быхава і Плошчу Герояў — былы цэнтральны пляц ваеннага гарадка, па ўсім перыметры атачоны больш як трыма дзесяткамі бюстаў герояў-лётчыкаў.

Упэўнены, што замежных турыстаў гэты своеасаблівы і адметны помнік не пакіне абыякавымі: нічога падобнага ў сябе на радзіме яны не ўбачаць. Відавочна, што ў сукупнасці ўсе разнастайныя складнікі турпатэнцыялу Быхаўшчыны ўтвараюць прывабную цэласную карціну.

Зрэшты, дадамо яшчэ адзін аргумент — выгоднае геаграфічнае становішча. Быхаў знаходзіцца паміж трыма буйнымі гарадамі: Магілёвам, Гомелем і Бабруйскам. Калі мінчанін можа выхадным днём беспраблемна звазіць сваіх дзяцей у Мір, жыхары двух іншых найвялікшых гарадоў Беларусі наўрад ці сабе гэта дазволяць: надта далёка.

А “канкурэнтаў” у Быхаўскага замка ва ўсёй Усходняй Беларусі няма, калі не лічыць Бабруйскай крэпасці, збудаванай значна пазней.

Уявіць, як мог бы выглядаць замак у будучыні, пасля рэстаўрацыі, зусім нескладана, бо да нас гэта ўжо зрабілі вучні 75-й мінскай гімназіі.

Пакорпаўшыся ў Інтэрнеце, кожны ахвотны адшукае фота макета рэканструкцыі гэтага помніка. Макет выглядае, бы той лебедзь, у якога можа ператварыцца “брыдкае качаня”. Зрэшты, такое дзівоснае ператварэнне запатрабуе нямала сродкаў, высілкаў і, галоўнае, часу. Тым болей, рэстаўрацыі павінны папярэднічаць даследчыцкія працы — грунтоўныя ў прамым сэнсе слова. Бо археалагічных раскопак на тэрыторыі замка пакуль не праводзілі.

Але старыя муры патрабуюць дапамогі ўжо сёння. Іначай яны проста могуць не “дажыць” да сваіх “зорных” часін. Суботнік, пад час якога работнікі культуры сяк-так прыводзяць да ладу прызамкавую тэрыторыю, — гэта занадта мала для такога аб’екта.

Кансервацыя замка і сінагогі — справа, якую нельга адкладаць “на потым”. Няўжо для таго, каб воз зрушыўся з месца, патрэбны новыя прыкметныя страты? Няўжо для таго, каб абгарадзіць замак плотам, трэба чакаць, пакуль старадаўнія муры “адпомсцяць” таму хулігану, які зноў вырашыць апаганіць іх знакам свастыкі?

Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Быхаў — Мінск

    


“Раскатаць” рубероід на дзіравым даху

Здавалася б, праблема быхаўскіх помнікаў архітэктуры надта складаная — бо зрухаў у плане яе вырашэння няма ўжо не першы год. Але начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар ЧАРНЯЎСКІ, да якога “К” звярнулася па каментарый, аўтарытэтна запэўніў у адваротным:

— Каб я меў трохі вольнага часу, дык нарабіў бы на ўласным станку звычайных брускоў, набыў бы пару рулонаў рубероіду (калі не памыляюся, адзін каштуе тысяч гэтак пад трыццаць) і ўласнаручна заняўся б кансервацыяй замка і сінагогі. Балазе досвед такой працы ў мяне ўжо ёсць: пару дзесяцігоддзяў таму даводзілася засцерагаць ад вільгаці іншыя помнікі архітэктуры.

Гэта толькі здаецца, што кансервацыя — справа надзвычай складаная. Насамрэч, яна патрабуе самых элементарных захадаў. І таму мне вельмі дзіўна, што вы, сталічны карэспандэнт, звяртаеце ўвагу на стан быхаўскіх помнікаў архітэктуры, а тыя людзі, якія бачаць іх літаральна штодня, ніякай ініцыятывы не праяўляюць. Тым больш, прымаць меры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны мясцовыя ўлады прымушае не толькі ўсведамленне адказнасці за свой край, але і беларускае заканадаўства.

Ды і сярод рашэнняў ці не кожнай калегіі Міністэрства культуры, прысвечанай гэтай праблематыцы, прысутнічае такі пункт.

Ёсць пэўны комплекс мер, разлічаны на тое, каб падтрымліваць помнікі архітэктуры ў парадку сваімі сіламі і малымі сродкамі. На тое, каб забіць вокны і дзверы дошкамі ды “зацыраваць” дах, хопіць грошай у скарбонцы любога раёна. Каб потым падтрымліваць тэрыторыю помнікаў у прыстойным стане, дастаткова стварыць невялічкую групу ініцыятыўных людзей — у яе могуць уваходзіць, скажам, удзельнікі школьнага краязнаўчага гуртка. Прадстаўнік мясцовых улад — прыкладам, старшыня сельсавета — павінен прыкладна раз на тыдзень наведвацца на гэты аб’ект, каб пераканацца, што ўсё ў парадку.

Ды і ўчастковаму не трэба абмінаць яго ўвагай. Там, дзе гэтыя простыя меры працуюць, праблем, пра якія вы кажаце, няма і не будзе.

Так, рэстаўрацыя — справа складаная і вельмі дарагая, і тут сіламі раёна, вядома, ужо неабысціся. І ў заходніх краінах далёка не кожны гістарычны будынак выглядае ідэальна ды запатрабаваны людзьмі: магчымасці абмежаваны не толькі ў нас.

Але ж пустымі вачніцамі такія камяніцы не зеўраюць.

Калі ў кагосьці ўзнікае пытанне, што ж рабіць, каб выратаваць той ці іншы архітэктурны помнік ад руйнавання, можна заўсёды адрасаваць яго спецыялістам нашага ўпраўлення. У кансультацыях нікому не адмовім. Але ў чарговы раз падкрэслю: ініцыятыва павінна праяўляцца менавіта на месцы. Не трэба чакаць, пакуль хтосьці прыедзе з Мінска, каб “раскатаць” на дзіравым даху рулон рубероіду.