Пытанне – адказ – каментарый

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г


У Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь звяртаюцца з просьбай пракаменціраваць высокія паказчыкі па планах платных паслуг.

На пытанне адказвае начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК:

— Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2006 г. № 786 зацверджана Комплексная праграма развіцця сферы паслуг у Рэспубліцы Беларусь на 2006 — 2010 гады. У мэтах рэалізацыі пазначанай Комплекснай праграмы загадам Міністэрства культуры ад 17 ліпеня 2006 г. № 618 зацверджана Праграма развіцця паслуг культуры на 2006 — 2010 гады.
Паказчык тэмпу росту платных паслуг насельніцтву ў супастаўных цэнах з 2004 года з’яўляецца адным з асноўных мэтавых прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, які ўстанаўліваецца Міністэрству культуры ў адпаведнасці з рашэннямі Урада Рэспублікі Беларусь.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 верасня 2008 г. № 1418 “Аб зацвярджэнні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2009 год” Міністэрству культуры зацверджаны на 2009 год тэмп росту аб’ёму платных паслуг культуры насельніцтву ў супастаўных цэнах па арганізацыях усіх форм уласнасці незалежна ад ведамаснай падначаленасці ў памеры 115 працэнтаў да 2008 года. Для арганізацый культуры камунальнай формы ўласнасці тэмп росту паслуг культуры насельніцтву ў супастаўных цэнах зацвярджаецца рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў.
У адпаведнасці з пунктам 4 дадзенай пастановы Міністэрства культуры, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам даводзяць да падначаленых арганізацый на 2009 год планавыя тэмпы росту платных паслуг культуры насельніцтву ў супастаўных цэнах з улікам магчымасцей кожнай арганізацыі, яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, колькасці пражываючага насельніцтва.
Дзейнасць па аказанні платных паслуг культуры насельніцтва дазваляе арганізацыям культуры дадаткова атрымліваць грашовыя сродкі і накіроўваць іх на матэрыяльнае заахвочванне работнікаў, павышэнне якасці паслуг, якія прадастаўляюцца, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый.


У работнікаў філармоній — нізкая заработная плата (дырыжор — 550 000 руб., адміністратар — 298 000 руб., спецыяліст — 356 000 руб., бухгалтар — 319 000 руб., вадзіцель — 329 000 руб.). Ці ёсць магчымасць яе павысіць?

Умовы аплаты працы работнікаў тэатральна-відовішчных арганізацый вызначаны дадаткамі 8 і 24 пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 21.01.2000 № 6 “Аб мерах па ўдасканаленні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі).
Для павышэння ўзроўню заработнай платы работнікаў філармоній, акрамя бюджэтных сродкаў, неабходна выкарыстоўваць уласныя сродкі філармоній (фонд спажывання).
Сродкі фонду спажывання можна накіроўваць:
— на выплату прэмій (канкрэтныя памеры прэмій вызначаюцца кіраўніком у адпаведнасці з асабістым укладам работніка ў агульныя вынікі працы і максімальнымі памерамі не абмяжоўваюцца);
— на выплату матэрыяльнай дапамогі работнікам;
— на павышэнне тарыфнай стаўкі да 50 працэнтаў згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.07.1999 № 29.


Якім чынам магчыма рабіць даплаты музыкантам за выкарыстанне ў рэпетыцыйнай і канцэртнай дзейнасці ўласных музычных інструментаў?

Артыкулам 106 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца права наймальніку і работніку прадугледзець у працоўным дагаворы парадак і памеры выплаты кампенсацыі за знос (амартызацыю) уласных музычных інструментаў, якія выкарыстоўваюцца работнікам для патрэб наймальніка.
Ступень зносу інструментаў вызначаецца ў працэнтных адносінах да нарматыўнага тэрміну зношвання, а памер кампенсацыі ўстанаўліваецца прапарцыянальна працэнту зносу.
Кампенсацыя за выкарыстанне інструментаў выплачваецца кожнаму канкрэтнаму работніку адначасова з заработнай платай, памер кампенсацыі за адзін дзень разлічваецца з памеру штомесячнай кампенсацыі, дзеленай на планавую колькасць дзён, на працягу якіх выкарыстоўваўся музычны інструмент.


На пытанні адказвала галоўны эканаміст сектара фінансава-гаспадарчых адносін эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ганна ГУРЫНА

 

 

1. З нядаўняга часу аддзелы культуры райвыканкамаў атрымалі магчымасць самастойна ажыццяўляць арганізацыю канцэртнай дзейнасці на месцах, дубліруючы пры гэтым галоўную задачу абласных філармоній. З аднаго боку, зразумела, што аддзелу культуры даведзены план платных паслуг і яго трэба выконваць, але, з іншага боку, — не за кошт арганізацыі канцэртнай дзейнасці прафесійных калектываў.

2. Ёсць праблема ў арганізацыі “канцэртаў па пісьмах”. Гаворка ідзе аб мерапрыемствах, якія не ўнесены ў гадавы Рэспубліканскі план гастрольна-канцэртнага абслугоўвання насельніцтва. Нам жа даводзіцца, па-першае, змяняць свае, ужо выбудаваныя, планы. Па-другое, ставіцца пад пагрозу рэалізацыя білетаў на планавыя канцэрты. І, па-трэцяе, большасць такіх калектываў працуюць па гарантыйнай (прычым немалой) аплаце. Усё гэта прыводзіць да дэзарганізацыі працоўнага працэсу і ўзнікненню дэбіторскай запазычанасці.

На пытанні адказвае начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл КАЗЛОВІЧ:

— Штогод Міністэрствам культуры зацвярджаецца гадавы Рэспубліканскі план гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Разам з тым, гэты план уключае ў сябе не ўсе канцэрты, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён не ўлічвае канцэрты недзяржаўных арганізацый, замежных творчых калектываў. Таму ў рэспубліцы праходзіць вялікая колькасць канцэртаў, не прадугледжаных дадзеным планам.
Аднак каардынацыя гастрольна-канцэртнай дзейнасці ў рэгіёнах (у тым ліку правядзенне планавых і пазапланавых канцэртаў) ускладзена ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 года № 259 на ўпраўленні культуры аблвыканкамаў, ад якіх залежыць эфектыўнасць арганізацыі канцэртнага жыцця ў вобласці.
Упраўленні культуры, выдаючы пасведчанні на правядзенне культурна-відовішчнага мерапрыемства, павінны ўлічваць ў першую чаргу Рэспубліканскі план гастрольна-канцэртнай дзейнасці і канцэрты дзяржаўных творчых калектываў.

 

Ці ажыццяўляецца ў нас падрыхтоўка кінавідэаінжынераў з вышэйшай адукацыяй?

На пытанне адказвае намеснік дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла ДУБРОЎСКАЯ:

— Згодна з “Кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых, занятых у культуры і мастацтве” (выдадзены “НДІ працы”, Мн., 2003) у цяперашні час пасада “кінавідэаінжынер” не прадугледжана. Найбольш блізкія да гэтага паняцця кваліфікацыйныя характарыстыкі наступных спецыялістаў кінематаграфіі: інжынер відэамантажу і інжынер відэаабсталявання. На жаль, падрыхтоўка дадзеных спецыялістаў у Рэспубліцы Беларусь не ажыццяўляецца.
Дэпартаментам па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вядзецца работа па магчымасці арганізацыі падрыхтоўкі інжынераў відэамантажу на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з наступнай спецыялізацыяй на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Таксама вывучаецца запатрабаванасць арганізацый кінавідэагаліны
ў кадрах інжынераў відэаабсталявання і магчымасць падрыхтоўкі дадзеных спецыялістаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.