“Брэсцкая крэпасць”: хутка прагучыць “Матор!”

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

Адным з гучных культурных праектаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, што абяцае стаць заўважнай кінематаграфічнай падзеяй на ўсёй постсавецкай прасторы, з’яўляецца поўнаметражны мастацкі фільм “Брэсцкая крэпасць”. Стваральнікамі гэтай стужкі, якая рэканструюе на экране падзеі чэрвеня 1941 года і на здымкі якой з саюзнага бюджэту будзе выдаткавана 225 мільёнаў расійскіх рублёў, выступаюць Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы і Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Прэм’ера фільма запланавана на май 2010 года. Сёння ж мы гутарым з намеснікам начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксеем БЯЗУГЛЫМ пра тое, на якім этапе цяпер знаходзіцца работа над фільмам.

 /i/content/pi/cult/202/2329/Brest1.jpg

— Праца ідзе ў нармальным вытворчым рэжыме. Дзякуючы канструктыўнаму супрацоўніцтву паміж усімі зацікаўленымі структурамі нам удаецца спакойна вырашаць усе бягучыя пытанні. А летам нарэшце прагучыць доўгачаканая каманда “Матор!”: першы здымачны дзень з удзелам дэпутатаў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі запланаваны на 1 чэрвеня.

— Аляксей Мікалаевіч, пра праект гэты было шырока аб’яўлена яшчэ летась, і кіраўнік ТРА Саюза Ігар Угольнікаў абяцаў, што 22 чэрвеня 2008 года ў Брэсцкай крэпасці распачнецца здымачны перыяд…

— Так, ініцыятарам стварэння “Брэсцкай крэпасці” з’яўляецца Ігар Угольнікаў. Ён да гэтага часу зняў аднайменны дакументальны фільм, і менавіта ад яго зыходзіла прапанова аб працы над поўнаметражнай мастацкай стужкай, фінансаванне якой узяла на сябе Саюзная дзяржава. Гэты праект, безумоўна, прыцягнуў нашу ўвагу. Але ж мы былі зацікаўлены і ў тым, каб “Беларусьфільм” не проста “аказаў вытворчыя паслугі”, а ў выніку займеў на стужку правы, адпаведныя і прапарцыянальныя сваім укладанням у вытворчы працэс.
Творчасць творчасцю, але ж нельга забывацца і на такія важныя нюансы, як аўтарскія правы. Прынамсі, як будзе размяркоўвацца даход ад пракату стужкі, дзе будзе захоўвацца зыходная копія фільма?.. З гэтай прычыны беларускі бок ініцыяваў дэталёвую прапрацоўку юрыдычных і фінансавых пытанняў адносна правоў уласнасці. Тым больш, што маецца і адпаведнае даручэнне Прэзідэнта нашай краіны аб абавязковым захаванні інтарэсаў беларускага боку.
Гэтай тэме былі прысвечаны два пасяджэнні Парламенцкага сходу Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, першае з якіх адбылося 12 мая мінулага года непасрэдна ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Вынікам іх сталася тое, што, па-першае, былі ўрэгуляваны фінансавыя і прававыя пытанні. А па-другое, быў зацверджаны варыянт літаратурнага сцэнарыя. Асабліва хачу падкрэсліць той факт, што праца над ім адбывалася з улікам шырокага грамадскага абмеркавання. Свае погляды і думкі выказалі спецыялісты самога Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, ветэраны Вялікай Айчыннай, члены Ваенна-навуковага таварыства пры сталічным Доме афіцэраў, навуковыя супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Міністэрства абароны, спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі… Задачай гэтага абмеркавання было — пазбегнуць у сцэнарыі непраўдападобных фактаў.

— Вырашылі адысці ад ідэі зняць яркі і захапляльны экшн?

— Такі падыход быў цалкам адрынуты! На экране павінна быць толькі праўда і толькі сапраўдная гісторыя. Іншая справа, што з пэўных этычных меркаванняў і іншых аб’ектыўных прычын у фільме будуць паказаны не ўсе з тых “фактаў”, пра якія мы даведаліся. Не будзе акцэнтавання ўвагі на тым, што ўдар у чатыры гадзіны раніцы быў раптоўны настолькі, што многія з вайскоўцаў проста не паспелі апрануцца. Гэты фільм — пра тых людзей, якія праявілі свой высокі гераізм, застаўшыся ў крэпасці і абараняючы яе да апошняй кроплі крыві. З аднаго боку, гэта было пекла, дзе сканцэнтравалася велізарная агнявая моц. Але, з іншага боку, на гэтым кавалку зямлі адбылася гэткая ж магутная канцэнтрацыя чалавечага гераізму, подзвігу, патрыятызму і самаадданасці. Менавіта гэта фільм і мусіць паказаць гледачам ва ўсёй сваёй велічы, а не “абсмоктваць” камандаванне, якое, згодна з прадпісаннем, магло і павінна было вывесці ўсіх людзей, бо вядома, што крэпасць ніхто не збіраўся абараняць і ўтрымліваць.

 /i/content/pi/cult/202/2329/Brest2.jpg

Гарнізон павінен быў выйсці з крэпасці і заняць палявую абарону. Іншая справа, што сама лінія абароны — тыя доты, дзоты, што былі за ёю, аказаліся непадрыхтаванымі, без адпаведнай збройнай “начынкі”. А таму — і абсалютна непрыдатнымі для баявых дзеянняў.
Наогул, у савецкім кінематографе да тэмы Брэсцкай крэпасці падступаліся не раз. Але, на мой погляд, многія з тых фільмаў былі пэўнай агітацыйна-прапагандысцкай “прадукцыяй” — данінай часу. Дадзены ж фільм на першае месца ставіць глыбокую і дэталёвую псіхалагічную прапрацоўку вобразаў абаронцаў крэпасці, стварэнне партрэтаў людзей-патрыётаў, пераможцаў.
Вядома, што не толькі беларусы стаялі ў шэрагах тых, хто абараняў Брэсцкую крэпасць: былі там і рускія, і ўкраінцы, ды і прадстаўнікі ці не ўсіх народаў былога СССР. І гэты фільм цалкам здольны стаць гісторыяй пра агульначалавечы Подзвіг, які перад страшэннай навалай нараджаецца з найвялікшай еднасці і сяброўства.

— Пад літаратурным сцэнарыем будучага фільма стаяць чатыры прозвішчы. Гэта плён “злучэння” чатырох розных гісторый?

— Справа ў тым, што першапачаткова варыянтаў сцэнарыяў фільма было нашмат больш, чым чатыры. Мы ўсе іх уважліва разгледзелі і вырашылі, што ў многіх з іх ёсць нейкія яркія эпізоды, дыялогі, ідэі, хаця і непрапісаныя як след, але тыя, якія заслугоўваюць увагі. Мы прапанавалі аб’яднаць аўтарскія намаганні, і, на маю думку, гэткі творчы сінтэз пайшоў на карысць. Наш вядомы драматург і кінасцэнарыст Аляксей Дудараў, як вядома, — майстар псіхалагічнай прапрацоўкі вобразаў, да таго ж, ён умее пісаць цікавыя і яркія дыялогі. Аляксандр Котт, які з’яўляецца рэжысёрам гэтага фільма, як прадстаўнік маладога пакалення валодае дынамікай, кінематаграфічнай мовай. Канстанцін Вараб’ёў спецыялізуецца на гістарычнай канкрэтыцы: ён узняў гэты пласт па зборы факталогіі, канкрэтных дакументаў у архівах і іншых даступных крыніцах. Ну, а Ігар Угольнікаў, як я ўжо казаў, з самага пачатку быў ініцыятарам і аўтарам гэтага праекта.

— Якім чынам пераадольваліся творчыя рознагалоссі?

— Хаця пэўныя спрэчкі і вяліся, аўтары дасягнулі адзінства ў тым, што гэта павінна быць не шараговая, прахадная стужка, не “экшн” і не просценькі баявік. У фільме мусіць быць псіхалогія, ідэалогія, а рэальная гісторыя, якую аўтары “Брэсцкай крэпасці” раскажуць з экрана сваім гледачам, стане пазнавальнай, і паставяцца да яе з належнай павагай і пашанай.
Паколькі “Брэсцкая крэпасць” адрасавана ў значнай ступені маладому пакаленню, яна павінна мець блізкую яму, сучасную кінамову. Прымяненне камп’ютэрных эфектаў, амуніцыя, зброя, тэхніка — гэта ўсё не павінна быць выпадковым, аляпаватым, а ствараць максімальна праўдзівую атмасферу — гэта адна з важнейшых задач фільма. Яшчэ раз падкрэслю, “Брэсцкая крэпасць” — не фільм-катастрофа, а героіка-патрыятычная стужка на канкрэтнай гістарычнай аснове.

— Ці будуць заняты ў фільме беларускія акцёры?

— Можаце ў гэтым нават не сумнявацца! У адпаведнасці з патрабаваннем Кіраўніка нашай дзяржавы мы адстойваем гэтыя пазіцыі пры любой сумеснай вытворчасці. Нават калі студыя проста аказвае платныя паслугі іншым кінавытворчым арганізацыям. Калі вы глядзіце расійскія тэлесерыялы, то, думаю, пастаянна заўважаеце “нашы твары”. Без усялякіх сумненняў кажу, што ў акцёрскі склад фільма ўвойдуць беларускія акцёры. Але не трэба забывацца, што гэта — сумесны праект, і, акрамя нашых, у ім будуць заняты і расійскія зоркі кінематографа, і, думаю, акцёры з іншых краін. Акурат цяпер у самым разгары акцёрскія кастынгі, і хаця пэўныя імёны ўжо “на прыкмеце”, я пакуль што не буду іх агучваць.

— Мяркуючы па вашых словах, “Брэсцкая крэпасць” у пэўнай ступені стане не проста мастацкай, але і іміджавай стужкай.

— Несумненна. Я перакананы, што фільм будзе цікавы не толькі беларусам і расіянам, але і гледачам на ўсёй постсавецкай прасторы. Бо не сакрэт, што сярод загінуўшых абаронцаў Брэсцкай крэпасці можна знайсці і імя брата былога грузінскага лідэра Эдуарда Шэварнадзэ, ды і многіх іншых воінаў самых розных нацыянальнасцей.
“Брэсцкая крэпасць” — гэта наш своеасаблівы адказ стужцы “Ратуючы радавога Райна”. Мы хочам паказаць мужнасць людзей, якія былі патрыётамі сваёй радзімы, шчыра верылі ў сваю дзяржаву і ідэалы. І ў жахлівай, экстрэмальнай сітуацыі яны здолелі захаваць сваю веру. І дзякуючы трываласці сваіх перакананняў і ідэалаў — перамаглі.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА