Навуковая канцэпцыя экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г


УВОДЗІНЫ

Стварэнне Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь мае вялікае значэнне для нашай дзяржавы і нацыі. Яно дыктуецца тым, што сёння Беларусь жыве ў новых палітычных і сацыяльна-эканамічных умовах, калі адбываюцца глыбокія пераўтварэнні ва ўсіх сферах жыцця, нараджаецца ідэалогія незалежнай дзяржавы, пераацэньваецца шэраг важнейшых падзей у айчыннай гісторыі.
У адпаведнасці з рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі (пратакол даручэнняў № 7 ад 30 снежня 2007 г.) Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь ствараецца на базе Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі.
Прадстаўленая навуковая канцэпцыя экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь складаецца з гістарычных перыядаў, падзеленых на раздзелы і тэмы, вызначаныя ў адпаведнасці з сучаснай гістарычнай навукай. Канцэпцыя распрацавана вучонымі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і навуковымі супрацоўнікамі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі на грунце найноўшых дасягненняў айчыннай гістарычнай навукі і музеялогіі з выкарыстаннем лепшага сусветнага вопыту.
Распрацоўка навуковай канцэпцыі экспазіцыі — важны і неабходны этап на шляху стварэння музея.
Па сваёй сутнасці Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь павінен быць галоўным і важнейшым музеем краіны. Аб гэтым сведчыць гісторыя, гэтага патрабуе сучаснасць.
З’яўленне нацыянальных музеяў на мяжы XVIII — XIX стст. звязана з працэсам фарміравання нацый. Вытокі паняцця “нацыянальны музей” бяруць пачатак ад часоў Вялікай французскай рэвалюцыі. Дакладна вядомы дата нараджэння гэтага паняцця — 26 мая 1791 г., а таксама імя чалавека, які выступіў з ідэяй стварэння нацыянальнага музея, — Анакрэон Гільёціні. На чале новага музея быў пастаўлены актыўны дзеяч рэвалюцыі, вядомы французскі мастак Жак Луі Давід, якому належаць знакамітыя словы: “Не памыляйцеся, грамадзяне! Музей — зусім не дарэмны збор прадметаў раскошы і марнасці, якія служаць толькі для задавальнення цікаўнасці. Музей, правільна арганізаваны, можа і павінен стаць школай вялікага значэння, школай выхавання”.
На мяжы ХХ — ХХІ стст. значэнне нацыянальных гістарычных музеяў у дзяржаўным і грамадскім жыцці краін свету вельмі вырасла і пашырылася. Іх дзейнасць — важнейшы фактар захавання нацыянальнай культурнай спадчыны, выхавання патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, развіцця навукі і адукацыі, турызму.
Нацыянальны гістарычны музей павінен увасабляць беларускую нацыянальную ідэю, а яго экспазіцыя — знаёміць не толькі з багатай і каштоўнай гісторыка-культурнай спадчынай беларускага народа, але і з сучаснымі дасягненнямі нашай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічаць аб’яднанню і кансалідацыі беларускага грамадства.
Гісторыя унікальнага збору Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі цесна звязана са станаўленнем музейнай справы ў нашай краіне. У склад яго калекцый уваходзяць прадметы з былых Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея (1908 г.), Беларускага дзяржаўнага музея (1923 г.), а таксама Беларускага музея ў Вільні і іншых.
Распараджэннем Савета Міністраў БССР ад 15.12.1956 г. № 1728-р у 1957 г. была створана арганізацыйная група для правядзення падрыхтоўчых работ па адкрыцці Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, вынікам дзейнасці якой стала стварэнне ў 1964 г. Дзяржаўнага музея БССР. Важкі ўнёсак у стварэнне і развіццё музея зрабілі яго дырэктары С.Сапешка, І.Загрышаў, галоўныя захавальнікі Р.Доўнар-Запольская, А.Жукоўская, супрацоўнікі А.Заклінская, Л.Клок, В.Рабцэвіч і іншыя.
Экспазіцыя Дзяржаўнага музея БССР адкрылася напярэдадні 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі — у лістападзе 1967 г. У яе адначасова ўваходзілі раздзелы прыроды і гісторыі Беларусі ад першабытнага ладу да сучаснасці. Як і ўсе экспазіцыі гістарычных музеяў у СССР, яна з’яўлялася своеасаблівым дапаўненнем да адзінага агульнапрынятага падручніка па гісторыі, змест якога строга рэгламентаваўся ў самых высокіх ідэалагічных інстанцыях. Экспазіцыя была пабудавана ў адпаведнасці з афіцыйнай марксісцка-ленінскай канцэпцыяй гістарычнага працэсу. Двойчы (у 1977 і 1982 гг.) перарабляліся раздзелы, прысвечаныя гісторыі савецкага перыяду. Але, нягледзячы на тое, што апошняя экспазіцыя была прызнана адной з лепшых у былым СССР, нязменнымі заставаліся метады, прынцыпы яе пабудовы і стаўленне да аўтэнтычных помнікаў. Пасля распаду СССР яна была дэманціравана. У 1992 г. была створана экспазіцыя “Старажытная Беларусь”, якая стала першай спробай пераасэнсавання ролі музейнага прадмета і яго інтэрпрэтацыі. Аднак з цягам часу яна вычарпала свае магчымасці і перастала адпавядаць сучасным патрабаванням у галіне музейнай справы.
Сваю сучасную назву Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі атрымаў у 1991 г. у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.02.1991 г. № 63.
Распараджэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.01.1992 г. № 16р філіялам музея стаў “Дом-музей І з’езда РСДРП”.
У 2000 г. была распрацавана канцэпцыя новай экспазіцыі музея, але яна засталася нерэалізаванай з прычыны адсутнасці неабходных экспазіцыйных плошчаў і фінансавых сродкаў.
Сёння кіраўніцтва нашай дзяржавы надае вялікую ўвагу захаванню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ад 7.05.2003 г. № 139рп музею быў перададзены будынак па вуліцы Фрунзе, 19, што пашырыла яго экспазіцыйныя плошчы. Акрамя размяшчэння ў гэтым будынку рэстаўрацыйна-фондавага комплексу (рэстаўрацыйных майстэрняў, фондасховішчаў, рэспубліканскай службы па вядзенні Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, камп’ютэрнага цэнтра і інш.), значная частка яго плошчы будзе адведзена экспазіцыі “Традыцыйная народная культура беларусаў” і адкрытаму захаванню фондаў.
На працягу апошніх гадоў важнейшыя моманты гісторыі краіны знаходзілі адлюстраванне ў музеі ў рамках тэматычных выставак: “Касцярэзнае рамяство Беларусі ад першабытнасці да Сярэднявечча”, “Гістарычны партрэт Вялікага княства Літоўскага”, “Гісторыя Беларусі XVI — XVIII стст. у партрэтах і геральдыцы”, “Мастацтва ў гарадской культуры ХІХ — пачатку ХХ стст.”, “Праз далячынь стагоддзяў. Традыцыйная народная культура беларусаў”, “Беларуская вёска 1920 — 1930-х гг.”, “Сучасная Беларусь. Этапы культурнага будаўніцтва” і іншых. Гэтыя выставачныя праекты далі магчымасць распрацаваць падыходы, прынцыпы, прыёмы для стварэння новай канцэпцыі экспазіцыі.
Сёння грамадства патрабуе ад музея гістарычнай аб’ектыўнасці і дакладнасці. Пры стварэнні генеральнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі краіны, музеі выкарыстоўваюць агульнапрынятую методыку навуковага і мастацкага праектавання з улікам спецыфікі сваіх калекцый.
Агульным з’яўляецца тое, што экспазіцыя павінна адпавядаць узроўню перадавой акадэмічнай навукі. Толькі вынікі навуковых даследаванняў могуць быць адзінай моцнай асновай дзейнасці музея.
Аўтарскі калектыў вучоных Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі абапіраўся на сучасныя дасягненні айчыннай і замежнай гістарычнай навукі.
У выніку сумеснай працы былі вызначаны канцэптуальныя асновы, якія дазваляюць пабудаваць цэласную гістарычную экспазіцыю. Канцэпцыя створана на аснове храналагічна-праблемнага падыходу з выкарыстаннем грунтоўнай метадалагічнай базы, аснову якой склалі прынцыпы гістарызму і аб’ектыўнасці, агульнанавуковыя метады дэдукцыі, індукцыі, аналізу і сінтэзу, а таксама спецыяльна-гістарычныя метады (гісторыка-генетычны, гісторыка-сістэмны, гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны).
У аснову канцэпцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пакладзены:

навуковыя дасягненні айчынных і замежных вучоных;

комплекснае навуковае даследаванне гісторыка-культурнай спадчыны, якая захоўваецца ў музейным зборы;

аналіз гістарыяграфіі і дакументальных крыніц па гісторыі Беларусі, якія захоўваюцца ў архівах, музеях, бібліятэках краіны.

Арыентацыя музея на дакладнасць і аб’ектыўнасць надае яму асаблівую місію ў справе фарміравання гістарычнай свядомасці народа. Гэтая місія таксама звязана з месцам музея ў сістэме сродкаў масавай камунікацыі: яго разглядаюць як інстытут, куды можна звярнуцца па аб’ектыўную інфармацыю, атрыманую ў працэсе найноўшых даследаванняў. Музей з’яўляецца тым месцам, дзе сустракаюцца інтарэсы высокай навукі і масавага спажывання. Ён функцыянуе ў сістэме культуры, таму зацікаўлены ў тым, каб сфера пасіўнага духоўнага спажывання (якая культывавалася пры ранейшым разуменні гэтага інстытута) і сфера актыўнага духоўнага жыцця сталі адзіным цэлым, каб музейная дзейнасць стала зразумелай і цікавай не толькі прафесіяналам, але і звычайнаму наведвальніку.
На масавым узроўні музей прадугледжвае забеспячэнне культурна-камунікацыйных, адукацыйных, забаўляльных патрэб наведвальнікаў розных сацыяльных груп і ўзроставых катэгорый.
Навуковая канцэпцыя экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адлюстроўвае:

працэсы фарміравання і развіцця беларускага этнасу, нацыі, дзяржаўнасці;

асаблівасці гістарычнага развіцця духоўных, матэрыяльных і культурных працэсаў і іх узаемасувязі з сусветнай гісторыяй і культурай;

сучасную гісторыю Рэспублікі Беларусь.

Канцэпцыя прадугледжвае адпаведнасць экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:

сучасным навуковым і метадалагічным падыходам да музейнай справы і гістарычнай навукі;

сучаснаму ўзроўню развіцця музейнага дызайну і тэхналагічнага абсталявання.

Праз падзеі, што вызначылі лёс Беларусі, праз дзейнасць яе славутых асоб Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь павінен дапамагчы наведвальніку адчуць сябе беларусам — прадстаўніком адметнай нацыі, якая з’яўляецца неад’емнай часткай сусветнай супольнасці.
Асноўны элемент музейнай мовы — музейны прадмет. Паўната адлюстравання гістарычных сюжэтаў у экспазіцыі напрамую залежыць ад наяўнасці адпаведных калекцый. Сучасны музей — гэта найперш дасканала апрацаваны музейны збор, пастаўлены на службу наведвальнікам праз разнастайныя формы камунікацыі.
Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі з’яўляецца унікальным сховішчам нацыянальнай спадчыны: ён валодае багацейшым зборам музейных прадметаў, якія маюць вялікае культурнае значэнне для нашай дзяржавы і нацыі. Па стане на 1 студзеня 2008 г. збор музея складае 275 072 адзінак захоўвання асноўнага фонду і 91 921 адзінак захоўвання навукова-дапаможнага фонду.
Храналагічныя рамкі музейных прадметаў у калекцыях — ад 40 тыс. гадоў да н. э. і да нашых дзён. За апошнія некалькі гадоў збор музея павялічыўся на 10 148 адзінак. Галоўныя крыніцы папаўнення калекцый — навуковыя экспедыцыі (археалагічныя, этнаграфічныя); праца з мясцовымі жыхарамі па перадачы, дарэнні асабістых прадметаў, дакументаў, якія ўяўляюць музейную каштоўнасць; збор матэрыялаў, звязаных з сучаснымі падзеямі, што адбываюцца ў краіне; супрацоўніцтва з мытняй па пытаннях кантролю за вывазам культурных каштоўнасцей за мяжу з мэтай перадачы музею тых, што канфіскаваны; дзяржаўныя сродкі, скіраваныя на набыццё унікальных, асабліва важных і неабходных музею прадметаў; нешматлікія спонсарскія сродкі.
У апошнія гады музей правёў вялікую працу па аналізе фондавых калекцый, атрыбуцыі музейных прадметаў, што дазволіла стварыць перспектыўную праграму камплектавання фондаў. Праграма ўдакладніла напрамкі збору, тэматыка камплектавання стала канцэнтравацца на вузлавых момантах гісторыі краіны і сёння зарыентавана на стварэнне новай экспазіцыі.
Збор музея складаецца больш чым з 40 калекцый, але не ўсе яны маюць аднолькавы ўзровень паўнаты і музейнай значнасці. Сваёй якасцю і колькасцю вылучаюцца наступныя: археалагічная, нумізматычная, зброі, старадрукаў, рукапісаў, іканапісу, дакументаў, выяўленчага мастацтва, керамікі, нацыянальнага касцюма, народнага мастацтва, фотадакументаў. Шэраг прадметаў са збору музея ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:

1) скарб манет рымскай чаканкі І — ІІ стст. н. э. (1-я катэгорыя);

2) камплект паясных блях канца XV ст. (1-я катэгорыя);

3) царскія вароты з іканастаса Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка сярэдзіны XVIII ст. (2-я катэгорыя);

4) партрэт Юзафа Прозара работы невядомага мастака першай паловы ХІХ ст. (2-я катэгорыя).

Не меншую каштоўнасць уяўляюць слуцкія паясы, а таксама манетна-рэчавыя скарбы, якіх у музеі 116, шэраг арыгінальных дакументаў XVI — XVII стст. і іншыя.
Разам з тым, у музеі амаль адсутнічаюць прадметы, датаваныя XV — XVIІ стст., таму непазбежна ўзнікаюць праблемы пры асвятленні адпаведных тэм.
У такой сітуацыі прапануецца выкарыстаць побач з музейнымі прадметамі навукова-дапаможныя матэрыялы ў выглядзе муляжоў, выкананых паводле арыгіналаў, якія захоўваюцца ў іншых музеях, а таксама копіі архіўных дакументаў, рэканструкцыю касцюмаў, інтэр’ераў і г. д.
Акрамя таго, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь як вядучы музей гістарычнага профілю ў працэсе стварэння экспазіцыі не абмяжуецца выключна рамкамі сваіх калекцый, але і дасць магчымасць іншым беларускім музеям прадэманстраваць лепшае з іх збораў у экспазіцыі агульнанацыянальнага ўзроўню.
Пры фарміраванні экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь будуць выкарыстаны прынцыпы навуковасці, сістэматычнасці, даступнасці і “тэатральнасці” (ачалавечванне экспазіцыі), а таксама іншыя метады і прынцыпы паказу, актуальныя ў сучаснай музейнай практыцы. Стрыжнем экспазіцыі, яе “чырвонай” лініяй павінны стаць тры складнікі: Чалавек — Грамадства — Дзяржава. Галоўны экспазіцыйны рад будзе будавацца па тэматыка(падзейна)-храналагічным прынцыпе. Такі прынцып прапануецца для пераважна мірных, эвалюцыйных перыядаў гісторыі; перыяды татальных выбухаў і войнаў, найбольш яскравых гістарычных падзей будуць прадстаўлены ў асобных экспазіцыйных комплексах, якія павінны ўзмацняць эмацыянальнае ўздзеянне экспазіцыі.
Мастацка-архітэктурныя элементы экспазіцыі будуць дапоўнены сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Частка інфармацыі пераводзіцца ў віртуальную, электронную форму — гэта датычыцца як малаатракцыйных музейных прадметаў, так і тых, што не экспануюцца, а захоўваюцца ў фондах. Такім чынам, ствараецца магчымасць трансліраваць інфармацыю аб музейных прадметах, будаваць віртуальныя выстаўкі як на аснове ўласных калекцый, так і калекцый іншых музеяў. Гэта ж датычыцца тэм, якія немагчыма праілюстраваць традыцыйнымі музейнымі сродкамі (развіццё асобных галін вытворчасці і г. д.). Экспазіцыя прадугледжвае стварэнне і выкарыстанне спецыяльнага мультымедыйнага прадукту для правядзення культурна-адукацыйных праграм.
Асобнае месца ў экспазіцыі будзе адведзена так званай “мяккай рэстытуцыі”, якая прадугледжвае віртуальнае вяртанне на радзіму беларускіх каштоўнасцей у выглядзе галаграм, трохмерных камп’ютэрных выяў.
Асаблівая ўвага будзе нададзена сістэме сучаснага відэанагляду і клімат-кантролю, а таксама экспазіцыйнаму абсталяванню, якое павінна быць высокатэхналагічным, надзейным у захоўванні экспанатаў, прыстасаваным для іх усебаковага агляду, лёгкім і мабільным.

Адметнасці ствараемай экспазіцыі:

сумесная праца вучоных-гісторыкаў і музеязнаўцаў (раней музеі карысталіся толькі кансультацыйнай дапамогай вучоных);

правядзенне комплекснага аналізу, сістэматызацыі, класіфікацыі падзей і фактаў гісторыі Беларусі для іх адлюстравання ў музейнай экспазіцыі;

распрацоўка канкрэтных аптымальных рэкамендацый па адлюстраванні розных перыядаў гісторыі Беларусі;

паказ сучаснай гісторыі Беларусі, якая падсумоўвае дасягненні краіны за апошнія 15 гадоў незалежнага развіцця;

стварэнне выставачнай залы, адведзенай для спецыяльных праектаў, якія дазволяць больш глыбока пазнаёміць наведвальнікаў з асобнымі падзеямі айчыннай гісторыі;

стварэнне ў будынку музея на вуліцы Фрунзе, 19 часткі экспазіцыі, прысвечанай традыцыйнай беларускай культуры;

арганізацыя адкрытага захавання фондаў у дадатак да асноўнай экспазіцыі (упершыню ў практыцы айчынных дзяржаўных музеяў);

атрыманы вопыт і напрацоўкі могуць быць выкарыстаны для стварэння экспазіцый у іншых музеях краіны.

 

Працяг канцэпцыі — у наступных нумарах “К”.