“А я не здагадаўся затрымаць яе...”

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

У гэтым годзе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа святкуе сваё 50-годдзе. За гэты час сабраны багатыя калекцыі кніг, рукапісаў, фатаграфій, дакументаў, якія звязаны з рознымі этапамі жыцця і творчасці класіка беларускага слова. Першай у шэрагу выставак унікальных прадметаў, многія з якіх паказваюцца ўпершыню, стала экспазіцыя з фондаў музея, прысвечаная Жанчыне, Прыгажосці, Маці, — “Вобраз мілы, поўны чараў…”.

 /i/content/pi/cult/201/2323/Kolas1.jpg

Якуб Колас. 1908 г.

Якуб Колас сябраваў з многімі жанчынамі, перапісваўся, прысвячаў ім вершы. На выстаўцы — прыгожыя і светлыя твары Марыі Каменскай, Аляксандры Зотавай, Наталлі Чакалінскай, Зосі Лук’яновіч, Уладзіславы Луцэвіч, Ніны Кулакоўскай, Ніны Нагіной, Святланы Сомавай, Эдзі Агняцвет, Зосі Лыньковай, Аляксандры Кетлер…


У лістах Якуба Коласа да некаторых жанчын напрыканцы можна знайсці словы “люблю”, “цалую”… “Пры чытанні такіх пісьмаў Коласа да жанчын міжволі прыгадваюцца блокаўскія “Стихи о Прекрасной Даме”. У абодвух выпадках выказваюцца блізкія па духу пачуцці. Толькі гераіні твораў Блока — абстрактныя, сімвалічныя вобразы, часам — з адценнем містыкі. А Колас звяртаецца ў пісьмах да канкрэтных адрасатаў. Некаторым жанчынам ён прысвяціў лірычныя, поўныя закаханасці вершы”, — пісаў з гэтай нагоды сын паэта Даніла Міцкевіч.
А яшчэ Яўгенія Пфляўмбаум паспрабавала даць разгадку ўзаемных цёплых і шчырых адносін Якуба Коласа з жанчынамі. У 1955-м яна пісала паэту: “Наогул, я пераканалася, дарагі дзядзька Якуб, што многія жанчыны хінуцца да Вас душою. Гэта, відаць, таму, што Вы з асаблівай цеплынёю ставіцеся да іх, што Вы як паэт умееце бачыць у іх тое ўнутранае, часта прыхаванае, хараство, той “кристалл”, аб якім Горкі пісаў, што ён “кристаллизуется только на основе кристалла”.


“Лідэр агарчаскай фракцыі” — Цётцы Шапёрцы

На адносіны Аляксандры Зотавай і Якуба Коласа праліваюць святло каштоўныя матэрыялы 100-гадовай даўніны. Але напачатку — слова самой Аляксандры Георгіеўне: “Летам 1907 года, зайшоўшы ў рэдакцыю “Нашай нівы” на Завальнай вуліцы ў Вільні, пабачыла я бледнага, худога хлапца з сумным поглядам. “Хто гэта ў вас з вачамі мучаніка?” — пытаюся ў рэдактара Уласава. Ён расказаў, што гэта настаўнік Міцкевіч, з якім ён пазнаёміўся ў цягніку і ў якога адкрыў паэтычны талент. Наступным разам Уласаў пазнаёміў мяне з Якубам Коласам.”
Нядоўга давялося тады пажыць у Вільні Якубу Коласу. Пасля вобыску і канфіскацыі

 /i/content/pi/cult/201/2323/Kolas2.jpg

Аляксандра Зотава. 1905 — 1907 гг.

рукапісаў рэвалюцыйных вершаў па загадзе паліцыі яму давялося пакінуць Вільню. Але ўжо 1 верасня 1907 года Колас вяртаецца ў Вільню з афіцыйным дазволам на права жыхарства ў горадзе і працуе ў рэдакцыі “Нашай нівы”. Больш частымі сталі сустрэчы з Аляксандрай Зотавай. Паэт заходзіў у дом настаўніка Георгія Георгіевіча Зотава, дзе вечарамі збіралася моладзь… А аднойчы згаварыліся паехаць на Каляды ў Пецярбург — паглядзець сталіцу. У выніку, так ужо сталася, на зборны пункт ва ўмоўлены час з усёй кампаніі з’явіліся толькі двое — Аляксандра Зотава і Якуб Колас.
З хваляваннем гартаем старонкі альбома Аляксандры Зотавай: шмат малюнкаў, празаічных і вершаваных прысвячэнняў, напісаных для ўладальніцы альбома яе сябрамі ў 1907 — 1909 гадах. 5 студзеня 1908 года, вечарам, гэты альбом трымаў у сваіх руках Якуб Колас і пакінуў на памяць сяброўцы лірычны верш “Маленькая лазейка в собственную душу”.

Сладкие думы, тихие грёзы,
Лучшие чувства печальной души!
Вы не излились как тёплые слёзы,
Вы затаились как искры в глуши.

Пасля гэтага і яшчэ двух элегічнага настрою чатырохрадкоўяў Якуб Колас (дарэчы, у той час ужо звольнены з настаўніцкай працы, а звольненыя настаўнікі, якія чакалі прысуду царскага суда, называлі сябе “агаркамі”) дадае:

Бывший человек, а ныне кандидат в четвёртые роты. Лидер огарческой фракции.)
“Самый сильный тот, кто стоит одиноко” (Ибсен). Высоко держите знамя Человека, то знамя, которое Вы успешно несли до сих пор. А ўжо гэта сказаў Якуб Колас”.

У маі 1908 года паэт дорыць Аляксандры Зотавай сваю фатаграфію. На адвароце — дарчы надпіс: “Милой Александре Георгиевне, Славному человеку, Владелице единственной души “тётке Шопёрке” на память от Якуба Коласа: Столпцы Минской губ. 8 мая 1908 г.”.
“Агаркі” празвалі Аляксандру Зотаву Цёткай Шапёркай за тое, што яна не прымала ўдзел у выступленнях рэвалюцыйна настроенай моладзі.


“Ведаеце, Якуб! Я выходжу замуж”

Аляксандра Зотава ўспамінала: “Як шкада, што нельга зафіксаваць вобраз, які жыва стаіць у памяці. Часам так ясна згадваецца Колас… У шэрай баранковай шапцы, у паліто з такім жа каўняром, з сумнымі вачыма на бледным твары. Глядзіш на фатаграфію — зусім не тое, зусім не Колас. Нават на лепшай з фатаграфій, падоранай ім мне, дзе ён у цёмнай кашулі з цвічком, замест згубленага перад фатаграфаваннем гузіка ў каўнерыку, — і там ён не падобны так, як бы хацелася…”
15 верасня выязная сесія Віленскай судовай палаты асуджае паэта па 126 артыкуле на 3 гады заключэння ў астрозе без пазбаўлення правоў. А маладая настаўніца Аляксандра Зотава едзе працаваць у Чэрвеньскае гарадское вучылішча. Сяброўства і перапіска працягваюцца. Не раз Аляксандра Зотава наведвала Коласа-вязня ў Мінскім астрозе. У адзін са сваіх візітаў яна паведаміла яму: “Ведаеце, Якуб! Я выходжу замуж”.
Перажыванні, унутранае хваляванне паэта знайшло выйсце і вылілася ў верш “Пясняр вясны”, які быў напісаны 24 лютага 1909 г. І як тут не аспрэчыць агульнапрынятае: маўляў, не існуе Коласавай аўтабіяграфічнай лірыкі:

Ён жыў адзін, адзін душою,
Вясны і вольнасці пясняр,
І меў ён дар жалобных песень,
Сардэчных песень дзіўны дар!

<...>

Але на тым ужо кургане
Не бачыў пташкі дарагой:
Яна з другім ужо спявала,
В’ючы гняздзечка над гарой…

Верш пераклікаецца з дарчым надпісам на фатаграфіі, якую паэт падарыў 22 сакавіка 1913 года, за тры месяцы да жаніцьбы з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай. Чуюцца ў ім ноты развітання:

Не шумі ты, лес высокі,
Сумных песень не спявай,
Дзён даўнейшых, дзён далёкіх
Ты мне, лес, не ўспамінай.


“Звязаць парваную нітку...”

Пазней, у 1936-м, Аляксандра Зотава-Рамановіч успамінала: “У мяне на сумленні многа грахоў адносна Коласа. Занятая сваім жыццём, часта забывалася я аб ягоных просьбах з турмы; магчыма, гэта яшчэ збольшвае маё жаданне пабачыцца з ім цяперашнім, успомніць старое, пагаварыць аб новым, звязаць парваную нітку знаёмства…”
Калі паэт адбываў пакаранне ў Мінскім астрозе, ён выслаў Аляксандры Георгіеўне сшытак сваіх вершаў. Захавалася з іх толькі два: “Пясняр вясны”, “Ці ж то гэтак трэба?”, а таксама байка на рускай мове “Огарок и Базыль”. Са шкадаваннем прыгадвае Аляксандра Георгіеўна ў сваіх успамінах і пра страчаную перапіску: “З тоўстай пачкі Коласавых лістоў да мяне ад 1907 да 1917 года засталіся толькі два ды тры паштоўкі”. Якраз тры гэтыя паштоўкі, надпісаныя на рускай мове, альбомчык, 2 фатаграфіі Якуба Коласа з дарчымі словамі ў 1962 годзе перадала сама Аляксандра Зотава-Рамановіч у музей паэта.

 /i/content/pi/cult/201/2323/Kolas3.jpg

Віленская інтэлігенцыя каля ўвахода ў рэдакцыю “Нашай нівы”.Тут, у 1907-ым, пазнаёміліся Якуб Колас і Аляксандра Зотава.

Адна з паштовак — ад 18.01.1913 г. — адпраўлена з Пінска, дзе Колас настаўнічаў у 3-м прыходскім вучылішчы. Адрасавана яна на станцыю Карэлічы Навагрудскага павета Мінскай губерні. Аляксандра Георгіеўна працавала там настаўніцай у гарадскім вучылішчы. Дзве астатнія паштоўкі пісаліся ў больш трывожныя часіны (22.05.1916 г., 25.12.1916 г.) з Пярмі, дзе служыў Якуб Колас.
Знайшлі яны адрасата ў Сызрані Сімбірскай губерні. Жыла там Аляксандра Георгіеўна ў доме Макарава на Мяшчанскай вуліцы.
На паштоўцы ад 25.12.1916 г. ёсць прыпіска жонкі Якуба Коласа — Марыі Дзмітрыеўны: “Шлю Вам сердечный привет, милая Александра Георгиевна! Хотелось бы встретиться с Вами на родине. Пишите нам…”.
Сустрэцца з Марыяй Дзмітрыеўнай Аляксандры Георгіеўне не давялося. А з Якубам Коласам яна сустрэлася праз 45 гадоў. І той пазнаў яе адразу, пра што пісаў у лісце ад 10 жніўня 1954 года:

“… Я действительно узнал: это была моя очень хорошая знакомая, тогда только что окончившая Высшие женские курсы. Накануне Нового 1908 года мы ездили с ней в тогдашний Петербург. Вместе ходили по театрам, по музеям. Мы вели оживлённую переписку. Когда я сидел в крепости, она была учительницей Червеньского городского училища, изредка навещала меня в тюрьме. В одно из своих посещений она сказала мне: “Знаете, Якуб! Я выхожу замуж!” Больно мне было тогда слышать эти слова. Она больше ко мне не приходила, и с тех пор я не видел её до её последнего прихода, о котором я рассказываю Вам. Сейчас она была очень взволнована и скоро ушла, а я не догадался задержать её, поговорить. Мне как-то стало даже грустно — так уходит время, так уносит и молодость и свойственную ей красоту…”.


(Працяг будзе.)


Антаніна ГАРОН, галоўны захавальнік фондаў,

Таццяна МАКАРАНКА, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа