Сцэнограф-філосаф

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

“Крыштальная зорка” ў гэтым тэатральным сезоне асвяціла падмосткі Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі: прамяністы прыз трапіў да галоўнага мастака калектыву — Віктара ЛЕСІНА.

 /i/content/pi/cult/201/2315/Scenograf.jpg
— Вестка аб гэтай прэстыжнай узнагародзе заспела мяне знянацку. Я служу тэатру трыццаць гадоў, выпусціў не адзін дзесятак пастановак, але ўнутрана адчуваю, быццам працягваю працаваць над адным вялікім спектаклем — даўжынёй ва ўсё жыццё. Мяркую, такое ўспрыманне ўласціва многім тэатральным мастакам. Ты вывучаеш пэўны матэрыял, шукаеш адпаведную патрабаванням рэжысёра наватарскую ідэю ўвасаблення, а між тым, некаторыя задумкі ў сілу розных прычын могуць так і застацца на паперы. Але калі тая думка мяне ўнутрана тузанула, зачапіла, я імкнуся ўвасобіць задуманае ў сцэнаграфіі.
Шчыра ўпэўнены, што самым вялікім поспехам тэатральнага мастака з’яўляецца тая сцэнаграфія, якая не парушае структуру спектакля і не замінае акцёру выказацца. У першую чаргу глядач павінен бачыць на сцэне акцёра, потым — улоўліваць рэжысёрскае вырашэнне, і толькі пасля задумвацца аб мастаку. Талент апошняга вымяраецца менавіта далікатным стварэннем атмасферы спектакля.
Сёння моднай тэндэнцыяй на айчыннай тэатральнай прасторы стала выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій. Цудоўна, што ў тэатрах з’явілася найноўшая тэхніка і мы можам разам з усім светам паспрабаваць сябе ў візуалізацыі. Не схаваю: я таксама з задавальненнем выкарыстоўваў мультымедыя. Але, на маю думку, мы хутка пройдзем гэтыя эксперыменты. Відэарад дапамагае вырашыць некаторыя задачы, але такі эфект імгненны. Каштоўнасць беларускага тэатра — ва ўменні вучыць чалавека думаць, таму будучае — за сцэнаграфіяй, якая адпавядае філасофскім запатрабаванням айчыннага тэатра.