Шчыра ўпэўнены, што самым вялікім поспехам тэатральнага мастака з’яўляецца тая сцэнаграфія, якая не парушае структуру спектакля і не замінае акцёру выказацца. У першую чаргу глядач павінен бачыць на сцэне акцёра, потым — улоўліваць рэжысёрскае вырашэнне, і толькі пасля задумвацца аб мастаку. Талент апошняга вымяраецца менавіта далікатным стварэннем атмасферы спектакля.
Сёння моднай тэндэнцыяй на айчыннай тэатральнай прасторы стала выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій. Цудоўна, што ў тэатрах з’явілася найноўшая тэхніка і мы можам разам з усім светам паспрабаваць сябе ў візуалізацыі. Не схаваю: я таксама з задавальненнем выкарыстоўваў мультымедыя. Але, на маю думку, мы хутка пройдзем гэтыя эксперыменты. Відэарад дапамагае вырашыць некаторыя задачы, але такі эфект імгненны. Каштоўнасць беларускага тэатра — ва ўменні вучыць чалавека думаць, таму будучае — за сцэнаграфіяй, якая адпавядае філасофскім запатрабаванням айчыннага тэатра.