Ідэнтыфікацыя Ікара

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

У Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва праходзіла выстаўка пад назвай “Ідэнтыфікацыя” маладога жывапісца Таццяны Кандраценка, выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

 /i/content/pi/cult/201/2312/Ikar.jpg

Т.Кандраценка. “Сцэна”.

Таксама як і непаўторны каларыт, вялікае задавальненне прыносіць усведамленне шматзначнасці асобнага палатна і нестатычнасці агульнай канцэпцыі творчасці аўтара. Бывае, сэнс нейкага жывапіснага ўрыўка ляжыць на паверхні, а часам знайсці разгадку задумкі мастака надта складана. Менавіта да такіх належыць Таццяна Кандраценка. І хоць яна расказвае пра сваю цікавасць да апрацоўкі розных элементаў мас-медыя, пасля знаёмства з яе жывапісам не ўзнікае адчування, што ўбачыў традыцыйны поп-арт. Ружовы, жоўты, гламурна-фіялетавы колеры, “модныя”, як лічыцца, сёння ў гарадскім жыцці, на яе палотнах не ствараюць уражання штампаванасці. Таму што мастачка абдумвае і экспрэсіўна абмалёўвае не рэчы, а пачуцці — сучасных гараджан.
Кампазіцыйна як мініяцюрныя работы, так і карціны вялікіх памераў вельмі дакладна, падаецца, адпавядаюць задумцы мастачкі. Пасярод шырокай пустой вуліцы на задумлівую маладую дзяўчыну, быццам з неба, зваліўся няўдачлівы “Ікар”, які адразу пранікае ёй у сэрца, і гэтая пустэча халодна-шэрых тонаў толькі падкрэслівае, наколькі будзе важным для яе гэты чалавек з паламанымі крыламі. Дыптых ствараюць работы пад агульнай назвай “Час гульняў I”. Дзяцінства хлопчыка і дзяўчынкі — у ніжняй частцы палатна — пераходзіць у сталасць — у верхняй. У першым выпадку гэта ветраная, няўдзячная будучыня, а ў другім — забяспечанае вандраванне па прыгожым свеце. Праз геаметрычныя лініі, якія пераразаюць глыбіню на палатне, выпісаную змяшанымі колерамі са шматлікімі адценнямі, перадаюцца часавыя і прасторавыя межы.
На аснове штодзённых назіранняў за гараджанамі, іх, часам шакіруючымі, учынкамі, Таццяна затрымлівае ўвагу на найбольш важным у такіх тэмах, як страта індывідуальнасці ў моладзі, безабароннасць перад будучыняй, імкненне да яркага жыцця, вострых адчуванняў. Дастаткова канкрэтныя выявы людзей знаходзяцца ў хаатычным постмадэрнісцкім трымценні мар і страхаў, аб якіх можна здагадвацца па колеры, частках аб’ектаў. Несумненна, індывідуальнасць у заклапочаным позірку на акаляючыя праблемы дае магчымасць вылучыць жывапіс Таццяны Кандраценка.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ