Выстаўка прысвечана 30-годдзю яе творчай і культурна-асветніцкай дзейнасці, якія заўсёды выклікалі цікавасць мастацтвазнаўцаў і гледачоў. Н.Чарнагалова. “Нацюрморт з чырвонымі півонямі”.
Свае вернісажы Наталля Арсенцьеўна суправаджае яркімі імпрэзамі— тэатралізаванымі “шоу”, дзе гучыць музыка, спевы, дэкламуюцца вершы.
Яна не прымае пэндзляў: стварае свае прыгожыя асацыятыўныя палотны без аніякіх падмалёвак, неспадзявана, літаральна рукамі, пальцамі, часта дэманструе бодзі-арт і поп-арт, арганізуе “хуткасныя” майстар-класы, дзе ўжо праз 5— 7 хвілін гатовы іскрамётны накід! У Брэсце, напрыклад, магчымасць дазваляла прывесці ў экспазіцыю нават каня (!), і там мастачка ў вобразе каралевы — “Вершніца” К.Брулова — у шыкоўнай вопратцы з’яўлялася перад крыху збянтэжанымі наведвальнікамі вернісажу.
Аднак Н.Чарнагалова — гэта і вельмі тонкі, артыстычны, вялікай жаночай пяшчоты і мудрасці мастак. Колькі сонца, экспрэсіі, цяпла, святочнага настрою, жыццялюбства, гармоніі, любові да свету і людзей у крыштальна празрыстых імпрэсіяністычных каляровых пералівах яе цудадзейных фарбаў! Таму яе карціны выклікаюць у наведвальнікаў душэўнае задавальненне, энергетычны супакой, дораць натхненне і бясконцую радасць!
А.Р.