Тадж-Махал

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

Безумоўна, самае цікавае, захапляльнае і пазнавальнае ў нашым жыцці — падарожжы па замежных краінах. У гэтым сэнсе вельмі шанцуе вядомаму беларускаму журналісту, заслужанаму работніку культуры, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Міхаілу Шыманскаму.

Ён — вандроўнік апантаны і нястомны — аб’ездзіў амаль усю Еўропу, пабываў у Сірыі, Іране, Егіпце, Кітаі (аж тры разы), пра які напісаў і выдаў цэлую трылогію.Нядаўна падарожнічаў па Індыі. Падрыхтаваў і здаў у выдавецтва “Мастацкая літаратура” рукапіс кнігі пра гэтую непаўторную краіну, цікавасць да якой у Беларусі — выключная. Нашы людзі хочуць ведаць пра яе багацейшую культуру, самабытную гісторыю, старажытныя традыцыі, высокую духоўнасць. Тым больш, што Беларусь і Індыя цесна супрацоўнічаюць паміж сабою ў самых розных сферах жыцця. У час афіцыйнага візіту Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў дружалюбную краіну ў красавіку 2007 года была зацверджана міжурадавая праграма супрацоўніцтва ў галіне культуры, мастацтва, асветы, сродкаў масавай інфармацыі і друку на 2007 — 2009 гады.
Сёння мы прапануем чытачам нататкі Міхаіла Шыманскага, якія дапамогуць хоць крыху адкрыць для сябе загадкавую Індыю, яе непаўторную культуру. 

Нас чакае палац
Безумоўна, шаноўныя чытачы, вы чулі пра знакаміты ва ўсім свеце палац Тадж-Махал у Індыі. Ён адзіны ў сваім родзе на нашай зямлі, нідзе і нікім больш не паўтораны... Сімвал кахання магутнага Шаха Джахана да сваёй жонкі Мумтаз Махал, апеты паэтамі ў мностве вобразных, хвалюючых вершаваных радках...
Мне пашчасціла ўбачыць Тадж-Махал, атрымаць вялікую асалоду ад сустрэчы з ім, і хачу расказаць пра свае ўражанні.
У горад Агру, дзе знаходзіцца палац, мы прыехалі надвячоркам. Доўгая дарога пад гарачым сонцам, сярод мноства мітуслівых і самых розных машын, нас вельмі стаміла. У гатэлі наш гід Бебек кажа:
— Вось на гэтым месцы заўтра сустракаемся ў пяць гадзін раніцы і адразу ж едзем да Тадж-Махала: у гэты час ён выглядае надзвычай прыгожа.
Ранавата, канешне. Да таго ж, хочацца хоць крыху паглядзець Агру, далёкую сталіцу Вялікіх Маголаў. Колькі ж часу ў нас застанецца на сон? Ну і што, адсыпацца будзем дома! Зараз жа мы ў казачнай Індыі і нас чакае Тадж-Махал.
Раніцай едзем па вуліцам Агры. Горад ужо не спіць, хутка напаўняецца людской мітуснёй, рознагалосым гулам, рухам. Пад’язджаем да тэрыторыі палаца, выходзім з нашага джыпа і перасаджваемся ў невялічкі аўтобус — чысценькі, акуратны, ну быццам тая цацка.

 /i/content/pi/cult/201/2310/Taj-Mahal.jpg
Перад усходам сонца

Спачатку мы не зразумелі, у чым справа. І толькі потым наш гід растлумачыў, што на тэрыторыі Тадж-Махала забаронены рух звычайнага транспарту. Тут турыстаў возяць спецыяльныя аўтобусы, якія працуюць на экалагічна чыстым паліве. Яшчэ адметная дэталь — над палацам забаронена пралятаць: вібрацыя атмасферы ад самалётаў, верталётаў можа пашкодзіць канструкцыям Тадж-Махала. Не дазваляецца таксама праносіць сюды вялікія сумкі, запальнічкі, напоі. Словам, палац берагуць як бясцэнны здабытак, і зусім нездарма. Цэлы натоўп чорненькіх худзенькіх хлопчыкаў быццам бярэ нас у свой “палон”. Яны прапаноўваюць самыя розныя сувеніры, большасць якіх — з белага мармуру. Гід нас загадзя папярэдзіў, каб мы ні ў якім разе не спыняліся і не таргаваліся з гэтымі хлапчукамі. Бо яны, убачыўшы наш інтарэс да іх “тавару” (тым больш, што мы светлыя тварам, значыць, прыехалі з іншых краін і, канешне, па іх уяўленні,багатыя), не адстануць ад нас. Значыць, рызыкуем спазніцца да самага цікавага моманту Тадж-Махала, калі ён велічна ўзвышаецца пад ранішнім сонцам. Мы слухаемся нашага гіда, і не звяртаючы ніякай увагі на хлапчукоў, якія крычаць, шумяць, бегаюць, вырываемся з іх натоўпу.


Любімая жонка Шаха Джахана

Выключна цікавыя і хвалюючыя лёс палаца, гісторыя яго будаўніцтва. У 1612 годзе імператар Шах Джахан быў заручаны з Мумтаз Махал. Пасля таго, як узышоў на прастол, называў сваю любімую жонку “перлінай палаца”. Вядома, як і было прынята, такі высокі правіцель меў свой вялікі гарэм. Але ж сужэнцы так шчыра кахалі адно аднаго, што Шах
 /i/content/pi/cult/201/2310/Taj-Mahal2.jpg
Джахан не звяртаў увагі на іншых жанчын, пакуль была жывая чароўная Мумтаз Махал. Адзіная з усіх ягоных жонак, яна суправаджала імператара нават у далёкіх ваенных паходах, пераносіла ўсе цяжкасці разам з мужам. Яна была і яго палітычным саветнікам, якому імператар поўнасцю давяраў.

19 гадоў доўжылася шчаслівае жыццё сужэнцаў. За гэты час у іх нарадзілася 13 дзяцей. Але ў 1629-м сям’ю напаткала страшнае гора. Мумтаз Махал раджала чатырнаццатае дзіця. Роды былі цяжкія, і маці не вытрымала іх. Ёй было 39 гадоў — узрост для жанчыны тых часоў вельмі салідны. Частыя ж роды падарвалі здароўе. Смерць любімай жонкі настолькі ўзрушыла Шаха, што ён быў на мяжы самазабойства…


Велічны і непаўторны

Праз паўгода Шах Джахан перавёз цела памерлай жонкі ў Агру. Бо ў перыяд праўлення Вялікіх Маголаў Агра, як і Дэлі, лічылася сталіцай імперыі, яна дасягнула тады свайго росквіту.

Імператар ніяк не мог адысці ад гора, нішто яго не суцяшала. І тады ён вырашыў узвесці жонцы маўзалей, які па сваёй прыгажосці пераўзыходзіў бы усё, што было да таго часу вядома. Ён набыў участак зямлі ў раджы Джэй Сінга на беразе ракі. Палац будаваўся 22 гады. Усяго на работах было занята звыш 22 тысяч чалавек з Індыі і Цэнтральнай Азіі.

Тут працавалі архітэктары з Шыраза і мастакі з Еўропы. Больш як тысяча (!) сланоў рэгулярна дастаўлялі спецыяльны — цвёрды і без пор — мармур з камяняломні, што знаходзілася за 320 кіламетраў ад Агры. Малахіт везлі з Расіі, сердалік — з Багдада, бірузу — з Персіі і Тыбета. Шах Джахан задумаў палац такім, каб тут і захоўваліся астанкі яго жонкі, і той стаў цэнтрам паломніцтва.

Праектаваў палац іранскі архітэктар Юстад Іза. Пасля заканчэння будаўніцтва многім майстрам ампутавалі рукі альбо вялікія пальцы рук: каб яны ўжо ніколі не змаглі
 /i/content/pi/cult/201/2310/Taj-Mahal3.jpg
паўтарыць такі шэдэўр. Месца было выбрана надзвычай удала: да сённяшняга часу ніводны землятрус не прычыніў пакуль маўзалею сур’ёзнай шкоды.

Ну што ж, Тадж-Махал па сваёй прыгажосці варты любімай жанчыны імператара. А па велічы — неверагоднай сіле іх пачуццяў. І што б вы ні паглядзелі ў Індыі, вашы ўражанні не будуць поўнымі без экскурсіі да гэтай святыні. Англійскі паэт Эдвін Арнольд сказаў пра Тадж-Махал, што гэта не частка архітэктуры, не збудаванне, а — урачыстасць кахання да жанчыны, выражаная ў мармуры.

Сімвал кахання

…Паволі крочым да маўзалея ўздоўж мармуровага басейна. Тут шыкоўны сад. Па сутнасці, увесь комплекс і ёсць сад, закрыты з трох бакоў. Уваход — накшталт невялікага палаца з чырвонага каменя, упрыгожаны белым узорным порцікам. Зверху — адзінаццаць купалаў, па баках — дзве вежы, таксама ўвянчаныя белымі купаламі. Агароджа не простая — гэта высокія галерэі з чырвонага пясчаніка, якія цягнуцца да мінарэтаў і самога маўзалея.

Сад спланаваны арыгінальна і дзіўна — як дарога, што вядзе да галоўнай святыні. Яго вось — арашальны канал, раздзелены пасярэдзіне шляху мармуровым басейнам. Надзіва прыгожыя фантаны. Наш гід прапануе нам зрабіць фотаздымкі наступным чынам: здымаць не сам маўзалей, а яго адлюстраванне ў вадзе. Мы, зразумела, прымаем параду гіда.

І вось ён — маўзалей. З асляпляльна белага мармуру, проста неверагоднай прыгажосці. Некалькі хвілін мы стаім зачараваныя і захопленыя, нічога не гаворым, толькі глядзім на гэты цуд, каб найбольш поўна ўспрыняць яго сваім сэрцам і розумам. Проста не верыцца, дый годзе: мінула звыш 350 гадоў, як быў узведзены палац, а выглядае так, быццам адсюль толькі што пайшлі будаўнікі. Велічнае тварэнне чалавечага розуму, фантазіі, таленту, душы.

Цудоўнае адлюстраванне палаца ў басейне. Чыстая, празрыстая вада “паўтарае” яго з самымі маленькімі драбніцамі. Тут палац бы ў дзвюх рэаліях — на зямлі і ў вадзе. Гляджу ўгару — палац велічна лунае ў чыстым небе. Першыя промні сонца ствараюць на яго купалах і сценах цудоўную гульню колераў: залацістага, жоўтага, светла-ружовага, светла-блакітнага.

Каб убачыць такую чароўнасць, не тое што рана праснуцца, як зрабілі мы, — можна і не спаць усю ноч.

Сам маўзалей знаходзіцца на пастаменце, вышыня яго 6,7 метра, плошча — 95 квадратных метраў. Тут жа, на пастаменце, — чатыры стройныя мінарэты, па адным у кожным куце. Кожны мінарэт вышынёй амаль 42 метры, увянчаны маленькім купалам.

Мінарэты не толькі выконваюць ролю раўнавагі для ўсяго палаца, але размешчаны такім чынам, каб не закрануць галоўнае збудаванне пры магчымым падзенні.

Пяшчотны бутон кветкі ў небе

Цэнтральны выпуклы купал — бы карона велічнай структуры. Ён урачыста нясе за сабою на 74 метры ўгару ўсю астатнюю частку канструкцыі.

Быццам пайшло ў хвалюючыя і чыстыя нябёсы вялікае пачуццё вечнага кахання жанчыны, у гонар і памяць якой узведзены велічны маўзалей. І, відаць, нездарма купал сваёй формай нагадвае пяшчотны бутон кветкі ў небе…

Купал — важны кампанент ісламскага стылю архітэктуры, паколькі гэта, як мяркуюць, сувязь паміж нябёсамі і зямлёю. У той час, калі квадратная структура пабудовы прадстаўляе матэрыяльны свет, купал сімвалізуе сховішча нябёсаў. Уся структура купала распрацавана, бы дакладная копія трона Бога ў раі, дзе гіганцкі купал падтрымліваюць чатыры вуглавыя слупы. Ніжняя частка купала багата ўпрыгожана арнаментам. Тут — інкрустацыя з самацветаў, на парталах — мудрагелістыя надпісы-цытаты з Карана. Фасад унізе аздоблены рэльефным мармуровым узорам з кветак і раслін.

Зачараваны і ўражаны, гляджу на галоўны купал. Акрамя незямной прыгажосці, ён цудоўна гарманіруе з аркамі і іншымі, меншымі, купаламі. І з тымі самымі стройнымі мінарэтамі. З гэтага месца фатаграфаваць нацыянальную святыню нельга. Паліцэйскія пільна сочаць за тым, каб хітрыя замежныя турысты не парушалі ўстаноўлены парадак. Зрабіць здымак на памяць на фоне маўзалея можна толькі з аднаго пункта — ад увахода.

Падыходзім да шырокай мармуровай лесвіцы, якая вядзе да сэрца маўзалея. Тут пакідаем свой абутак, зусім як перад уваходам у індускі храм. І вось — самае святое месца маўзалея: цэнтральная зала. За разной мармуровай шырмай відаць дзве кенатафы — Мумтаз Махал і Шаха Джахана. Сама ж усыпальніца, дзе спачываюць іх астанкі, — унізе. Магіла імператара значна большая і знаходзіцца побач з магілай яго любімай жонкі.

Кенатафы ўпрыгожаны тонкай работай з самацветаў: 35 розных тыпаў каштоўных і напаўкаштоўных камянёў выкарыстоўвалася пры гэтай інкрустацыі. Біруза, нефрыт, агат, карал, ляпіс-лазурак, онікс, карнеол, гранат, малахіт і іншыя ствараюць дзіўную мазаіку кветак.

Гэтыя камяні дастаўлялі сюды з розных кантынентаў: крышталь — з Кітая, ляпіс-лазурак — з вострава Цэйлон, карнеол — з Багдада, агат — з Йемена. А самы прыгожы — карал — з Аравіі…

Тут ціха-ціха, усе гукі замерлі. Праз адчыненыя вокны злёгку патыхае ранішнім, яшчэ свежым, вецярком.

Яго трагедыя

Сапраўдная трагедыя спасцігла Тадж-Махал, калі будаўніцтва набліжалася да канца. У 1653 годзе, тады ўжо стары, імператар Шах Джахан загадаў пачаць узводзіць другую пабудову. Гэта павінен быў быць маўзалей ужо для самога правіцеля, дакладная копія першага, але ж з чорнага мармуру. Размясціць яго планавалася на супрацьлеглым беразе ракі Джамны.

— Вось там, — паказвае гід Бебек рукою ў бок ракі.

Мы глядзім туды: нічога няма, толькі, здаецца, нешта самотнае і загадкавае павісла ў светла-ружовай прасторы.

— Тры стагоддзі таму там пачыналася будаўніцтва чорнага маўзалея, — працягвае гід. — Але ж Шаху Джахану не ўдалося яго завяршыць, мо на тое была воля нябёсаў...

У рэальнасці ж усё атрымалася куды больш празаічна і сурова. Шматлікія войны разарылі краіну. А гэтыя праекты, якія зацьмявалі розум па сваёй раскошы і выдумцы, патрабавалі велізарных сродкаў. Словам, чарговая задума імператара выглядала проста бяздумна, ён, мяркуючы па ўсім, страціў пачуццё меры.

У 1667 годзе Шах Джахан захварэў. Праз год ягоны сын Аурангзей, які прагнуў улады, звергнуў бацьку з прастола. Ён спыніў будаўніцтва другога маўзалея, а бацьку пасяліў да канца яго жыцця ў вежы Чырвонага форта ў Агры. Там Шах Джахан і правёў свае астатнія дзевяць гадоў. З акна пакоя, дзе знаходзіўся былы магутны правіцель, быў бачны Тадж-Махал. Цяжка сказаць, што ён адчуваў, калі глядзеў на велічныпалац.

Хаця можна здагадвацца. Але пасля сваёй смерці Шах Джахан зноў прыйшоў да сваёй любімай: згодна з запаветам, яго астанкі пахавалі побач, у адной усыпальніцы з Мумтаз Махал.

Шкатулачка, набытая ў індыйскага хлопчыка

У XVIII стагоддзі Тадж-Махал прыйшоў у запусценне. Але ж у ХІХ быў поўнасцю адноўлены дзякуючы намаганням лорда Керзона, віцэ-караля Індыі.

Праўда, трэба меркаваць, неацэннае беззваротна знікла з палаца. Калісьці вялізныя дзверы, што сімвалізавалі ўваход у рай, цалкам былі са срэбра, на іх ляжаў тонкі малюнак з тысячы сярэбраных цвічкоў. Зараз дзверы — медныя, а тыя дзесьці зніклі. Ды і вельмі дарагія камяні на фасадзе і ў сярэдзіне з тых часоў надта парадзелі. Няма і залатога парапета…

Пасля агляду палаца на шляху да нашага аўтобуса мы зноў апынуліся ў цесным коле хлапчукоў-гандляроў. Я звярнуў увагу на аднаго з іх — вельмі худога, сарамлівага, ён стаяў убаку. Па ўсім было відаць, што яму цяжка спаборнічаць з астатнімі, надзвычай бойкімі і надакучлівымі. У руцэ ён трымаў маленькую шкатулачку з белага мармуру. Я паглядзеў на хлопчыка, ён працягнуў шкатулачку мне. На яе накрыўцы была прыгожа выведзена яркая кветачка, у якой, мне падалося, жыла нейкая вельмі пяшчотная, чыстая, жаночая прыгажосць.

Мне яна чымсьці нагадала прыгажосць Мумтаз Махал.

Тую шкатулачку я набыў у сціплага, невясёлага індыйскага хлопчыка. Калі дома, у Мінску, бяру ў рукі — успамінаю той ранак у Тадж-Махале. І быццам зноў бачу цудоўны палац, адчуваю вечную сілу і ўрачыстаць чалавечага кахання…

Міхаіл ШЫМАНСКІ