Пейзаж па-сучаснаму

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

Вялікай персанальнай выстаўкай жывапісу пад назвай “Імгненні жыцця”, якая экспануецца ў мінскім Палацы мастацтва, адзначыў шасцідзесяцігоддзе з дня нараджэння беларускі пейзажыст Уладзімір Ткачэнка.

 /i/content/pi/cult/201/2309/Pejzazh1.jpg

У.Ткачэнка. “Чытанне”.

111 шырокафарматных арыгінальных аўтарскіх карцін, створаных, у асноўным, за апошнія 2 — 3 гады, занялі амаль што ўсю плошчу галерэі.

Гэты сціплы па натуры, духоўна прывабны, яркі, мэтанакіраваны мастак на працягу ўсяго творчага шляху не змяняў уласных поглядаў і прынцыпаў, каб дагадзіць кан’юнктуры заказчыкаў, часу. Яго стыхія — Айчына: прыгожая старажытная беларуская зямля і чароўная родная прырода.

У палотнах Ткачэнкі няма так званага гламура, не прысутнічае тут і натуралізм. Затое адчуваецца рэдкасная назіральнасць, цярплівасць, шчырае жаданне спазнання невядомага і пастаянныя шматгадзінныя вандроўкі-штудыі на пленэры з эцюднікам у руцэ. Таму пейзажы Уладзіміра Ткачэнкі заўжды вельмі дакладныя, жывыя, быццам перанесеныя ў рамах з квітнеючых ці заснежаных палеткаў, дуброў, выспаў рэчак, азёр — у залу. Колькі ў іх паэзіі, фантазіі, захаплення, глыбокай пашаны да навакольнага свету! Творча пераасэнсоўваючы дасягненні рэалістычнага класічнага жывапісу, у тым ліку і вялікіх беларускіх пезажыстаў-папярэднікаў, Уладзімір Ткачэнка вось ужо цягам чатырох дзесяцігоддзяў з поспехам распрацоўвае свой адметны метад-стыль — вельмі надзённы, сучасны, дзе ўдала спалучаюцца адчувальнасць матэрыяльнага і імпрэсіянізм колеру.

Аляксандр РУНЕЦ