У.Ткачэнка. “Чытанне”. |
Гэты сціплы па натуры, духоўна прывабны, яркі, мэтанакіраваны мастак на працягу ўсяго творчага шляху не змяняў уласных поглядаў і прынцыпаў, каб дагадзіць кан’юнктуры заказчыкаў, часу. Яго стыхія — Айчына: прыгожая старажытная беларуская зямля і чароўная родная прырода.
У палотнах Ткачэнкі няма так званага гламура, не прысутнічае тут і натуралізм. Затое адчуваецца рэдкасная назіральнасць, цярплівасць, шчырае жаданне спазнання невядомага і пастаянныя шматгадзінныя вандроўкі-штудыі на пленэры з эцюднікам у руцэ. Таму пейзажы Уладзіміра Ткачэнкі заўжды вельмі дакладныя, жывыя, быццам перанесеныя ў рамах з квітнеючых ці заснежаных палеткаў, дуброў, выспаў рэчак, азёр — у залу. Колькі ў іх паэзіі, фантазіі, захаплення, глыбокай пашаны да навакольнага свету! Творча пераасэнсоўваючы дасягненні рэалістычнага класічнага жывапісу, у тым ліку і вялікіх беларускіх пезажыстаў-папярэднікаў, Уладзімір Ткачэнка вось ужо цягам чатырох дзесяцігоддзяў з поспехам распрацоўвае свой адметны метад-стыль — вельмі надзённы, сучасны, дзе ўдала спалучаюцца адчувальнасць матэрыяльнага і імпрэсіянізм колеру.
Аляксандр РУНЕЦ