Статус каштоўнасці

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

Днямі ў свет выходзіць кніга — “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”, падрыхтаваная ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Кніга з’яўляецца вынікам фарміравання нацыянальнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей, пачатак якому паклаў Закон Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 1992 “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны”.

Дзяржаўны спіс зацверджаны загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 21 чэрвеня 2007 г. № 141 і ўключае гісторыка-культурныя каштоўнасці, чый статус вызначаны пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. №578 і ад 3 верасня 2008 г. № 1288.

Усяго ў Дзяржаўны спіс уключана 4787 гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны: гэта помнікі археалогіі, архітэктуры, гісторыі, горадабудаўніцтва, мастацтва, што раней былі адзначаны ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, выдадзеным у 1984 — 1988 гг. “Беларускай савецкай энцыклапедыяй”, у спісах помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага і мясцовага значэнняў, а таксама матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якім з 1992 года нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці паводле ўведзенага ў дзеянне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

У Спіс не былі ўключаны помнікі савецкім партыйным і дзяржаўным дзеячам (Леніну, Дзяржынскаму, Кіраву і г. д.), якія ствараліся па тыпавых праектах і не ўяўляюць мастацкай або архітэктурнай вартасці, таму колькасць аб’ектаў у Спісе значна меншая, чым знаходзілася на ўліку ў БССР.

Задача — удакладняць!

Над выданнем кнігі спецыялісты ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працавалі паўтара года. Але, як адзначыў адзін са складальнікаў, галоўны спецыяліст сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны названага ўпраўлення Юрый Барысюк, праца гэтая вядзецца пастаянна. Па дзеючым заканадаўстве любая юрыдычная або фізічная асоба ў пiсьмовай форме з абавязковым абгрунтаваннем можа ўнесці ў Мiнiстэрства культуры прапанову аб наданні матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасцi чалавека статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Міністэрства культуры забяспечвае разгляд такіх прапаноў Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь. Пры ўмове станоўчага рашэння Рады статус гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтым аб’ектам будзе нададзены Саветам Міністраў. Адпаведна, праз некалькі гадоў, мяркуюць спецыялісты, узнікне патрэба перавыдаць Спіс: ён папоўніцца за кошт аб’ектаў, якія за гэты перыяд атрымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Акрамя таго, на калегіі Міністэрства культуры пастаўлена задача: сумесна з абласнымі ўпраўленнямі культуры правесці канчатковы аналіз ранейшых спісаў помнікаў, вызначыць рэальны стан аб’ектаў і прадставіць прапановы па наданні ім статуса каштоўнасці.

Нарматыўны складнік

Што ж уяўляе з сябе новае выданне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь? Парадак вядзення Дзяржаўнага спіса зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 г. № 762. Кожны раздзел Спiса складаецца са звестак, якiя змяшчаюцца ў наступных графах: шыфр, назва, датаванне, месцазнаходжанне, катэгорыя, дата i нумар пратакола пасяджэння Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, дата i нумар пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Звесткі па гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый “0”, “1” і “2” дапоўнены здымкамі, апісаннем і кароткай гістарычнай даведкай. Для гэтага ў кнізе выкарыстаны матэрыялы Банка звестак гісторыка-культурных каштоўнасцей, вядзенне якога ажыццяўляецца спецыялістамі унітарнага прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя”. У Банк звестак уносіцца інфармацыя з уліковых дакументаў і матэрыялаў спецыяльных даследаванняў, якія праводзяцца перад работамі на гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Дзяржаўны спiс змяшчае наступныя раздзелы:

гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб матэрыяльных i нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, што знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь (незалежна ад iх паходжання);
гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя, згодна з заканадаўствам, знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб матэрыяльных i нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя пры дакументальна пацверджаным беларускiм паходжаннi апынулiся за межамi Рэспублiкi Беларусь, у парадку, што адпавядае нормам мiжнароднага права, а таксама звесткi аб увасобленых нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, носьбiты якiх пры бясспрэчным (у тым лiку прызнаным iмi самiмi) беларускiм паходжаннi (нацыянальнасцi) не маюць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;
гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя незаконна знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб матэрыяльных i нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя ў парушэнне норм мiжнароднага права пры дакументальна пацверджаным беларускiм паходжаннi апынулiся за межамi Рэспублiкi Беларусь;
гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя знiклi цi страчаны пры нявысветленых абставiнах. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб матэрыяльных i нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, наяўнасць якiх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей;
гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiшчэння, страты цi знiкнення. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб матэрыяльных i нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, што знаходзяцца пад пагрозай знiшчэння, страты цi знiкнення, з указаннем прычын, што выклiкаюць пагрозу, i мер, неабходных для захавання гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей.

На сённяшні дзень гісторыка-культурныя каштоўнасці ўключаны толькі ў першы раздзел. Напрыклад, дагэтуль ніхто не звярнуўся з прапановай уключыць у раздзел “Гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя знiклi цi страчаны пры нявысветленых абставiнах” Крыж Еўфрасінні Полацкай.

У першым раздзеле гісторыка-культурныя каштоўнасці пададзены па тэрытарыяльным прынцыпе. У кожнай вобласці, спачатку — па раёнах, прадстаўлены нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, потым, адпаведна, — рухомыя матэрыяльныя і нематэрыяльныя.

Спецыялістам і...

Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў, аднак наклад выдання невялікі і складае ўсяго 1020 асобнікаў, таму, у першую чаргу, яна павінна апынуцца ў руках спецыялістаў.

— Напрыканцы хочацца выказаць словы шчырайпадзякі супрацоўнікам і кіраўніцтву Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва”, што правялі вялікую працу па рэдактуры, карэктуры, а таксама падборы ілюстрацый, якіх не хапала для выдання Спіса. А галоўнае — выканалі гэтую працу ў кароткі тэрмін,— дадаў Юрый Барысюк.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

 І выхад у Інтэрнет
“Выхад у свет “Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” — значная падзея не толькі для нашай краіны, але і для еўрапейскага рэгіёна, бо наша спадчына ўяўляе цікавасць не толькі для беларусаў, а і для сусветнай супольнасці”, — падкрэсліў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар ЧАРНЯЎСКІ.

— Хаця гэтае выданне — спецыялізаванае, — лічыць Ігар Мяфодзьевіч, — і разыдзецца ў першую чаргу па органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, паступіць у Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства замежных спраў, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, у сувязі з тым, што частка накладу пойдзе ў бібліятэкі, яно будзе даступна і для шырокага чытача.

— А ці з’явіцца ў Інтэрнеце Дзяржаўны спіс?

— Ёсць такая задума. Варта размясціць у Інтэрнеце банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне беларусаў. Гэта быў бы інфармацыйны рэсурс дзяржаўнага значэння. Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей рабіўся ў электроннай версіі. Зараз папросту патрэбна карэкціроўка праграмнага забеспячэння. Спадзяёмся, зможам з цягам часу ўдасканаліць банк даных. Пасля гэтага можна будзе размяшчаць Дзяржаўны спіс у Інтэрнеце.

— Інфармацыя аб гісторыка-культурных каштоўнасцях даступная. А што чакае тых, хто ставіцца да іх неналежным чынам?

— У нас ёсць заканадаўства — Адміністрацыйны, Крымінальны кодэкс. І тых, хто парушае закон, чакае адказнасць. І няважна, ці выдадзены Спіс, ці не выдадзены: закон патрабуе прыцягваць да адказнасці яго парушальнікаў. Калі справа тычыцца нанясення шкоды каштоўнасцям, дык складаецца пратакол, фіксуецца парушэнне. Адпаведны дакумент накіроўваецца ў адміністрацыйную камісію, альбо заводзіцца крымінальная справа. Следчыя і судовыя органы прымаюць рашэнне: якое пакаранне за такое парушэнне павінна быць. Інфармацыя аб усіх заканадаўчых актах зарэгістравана ў Нацыянальным рэестры прававых актаў.

Артыкул 10 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны вызначае, што кампетэнцыя мясцовых выканаўчых, распарадчых органаў — забеспячэнне кантролю за станам, выкарыстаннем, правядзеннем работ на месцы знаходжання гісторыка-культурных каштоўнасцей. Спецыялісты Міністэрства культуры не ў стане праехаць праз усю Беларусь і пракантраляваць, як ахоўваюцца помнікі культуры на месцах. А мясцовыя супрацоўнікі гэта могуць і павінны рабіць. Скажам, калі ў раёне, як, напрыклад, у Слонімскім, знаходзіцца каля ста помнікаў рознай катэгорыі, дык у месяц на 5— 10 аб’ектах можна пабываць. А ў цэлым за год, на мой погляд, можна пракантраляваць агульную сітуацыю.