На пытанні адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

У сувязі з адсутнасцю ў нарматыўна-прававых дакументах дакладнай фармуліроўкі творчай дзейнасці, якой могуць займацца кіраўнікі ўстаноў культуры (дырэктары, намеснікі, загадчыкі аддзелаў) згодна з артыкулам 255 Працоўнага кодэкса РБ на ўмовах штатнага сумяшчальніцтва, просім даць адказы на наступныя пытанні

1. Ці мае права дырэктар РДК працаваць па сумяшчальніцтве кіраўніком у калектыве са званнем “народны”, “узорны” на 0,5 стаўкі?
2. Ці мае права дырэктар ДШМ, які мае поўную нагрузку ў школе (9 гадзін дырэктара і 9 навучальных гадзін па сумяшчальніцтве) працаваць па сумяшчальніцтве кіраўніком народнага калектыву ў РДК на 0,5 стаўкі?
3. Што ўключае ў сябе паняцце “творчая дзейнасць”?
Дадзеныя пытанні ўзнікаюць у сувязі з тым, што кіраўнікі ўстаноў культуры — людзі творчыя, якія арганізавалі самадзейныя калектывы, дасягнулі прысваення ім звання “народны”, а праца па сумяшчальніцтве ім забаронена, акрамя творчай.
Начальнік аддзела культуры Бярэзінскага райвыканкама Канстанцін ЕРМАКОЎ

На пытанні адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:
— У адпаведнасці з артыкулам 255 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь кіраўніку арганізацыі забараняецца выкананне аплачваемай работы на ўмовах штатнага сумяшчальніцтва, акрамя выкладчыцкай, навуковай або іншай творчай дзейнасці, а таксама медыцынскай практыкі.Артыкулам 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” вызначана, што творчая дзейнасць — гэта від культурнай дзейнасці, якая ўключае мастацкую творчасць і іншую інтэлектуальную дзейнасць, якая заканчваецца з’яўленнем новага, не існуючага раней, самастойнага выніку інтэлектуальнай дзейнасці ў сферы культуры. Мастацкая творчасць — гэта стварэнне і (ці) выкананне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва.
Пад калектывам мастацкай творчасці маецца на ўвазе аб’яднанне фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю. Адным з відаў калектываў мастацкай творчасці з’яўляецца непрафесійны (самадзейны) калектыў, кіраўніцтва ў якім ажыццяўляе кіраўнік, які прызначаецца на пасаду заснавальнікам калектыву.
У адпаведнасці з пунктам 27 Палажэння аб непрафесійным (самадзейным) калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 26 верасня 2008 г. № 34, у абавязкі кіраўніка непрафесійнага (самадзейнага) калектыву мастацкай творчасці (далей — калектыў) уваходзіць:
рашэнне пытанняў арганізацыйнай, вучэбна-творчай і выхаваўчай работы з калектывам;
ажыццяўленне прыёму (запісу) у калектыў, у тым ліку правядзенне пры неабходнасці папярэдняга адбору (конкурсу);
вядзенне неабходнай арганізацыйна-тэхнічнай дакументацыі;
фарміраванне рэпертуару і канцэртных праграм калектыву і яго салістаў;
правядзенне індывідуальных, групавых і агульнакалектыўных рэпетыцыйных заняткаў;
забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення калектывам канцэртных нумароў, спектакляў, выставак і іншых культурных мерапрыемстваў;
арганізацыя ўдзелу калектыву ў аглядах, конкурсах, фестывалях, святах і іншых мерапрыемствах;
ажыццяўленне фота-, відэа-, аўдыёфіксацыі выступленняў калектыву;
стварэнне і захаванне архіва матэрыялаў аб калектыве, вырашэнне пытанняў па набыцці касцюмаў, музычных інструментаў, рэпертуарнай літаратуры і інш.;
удасканальванне асабістага прафесійнага майстэрства;
стварэнне ўмоў для аховы здароўя ўдзельнікаў калектыву, падтрыманне станоўчага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве.
Як бачым, дзейнасць кіраўніка калектыву носіць у большасці сваёй арганізацыйны характар і не з’яўляецца дзейнасцю па стварэнні і (ці) выкананні твораў мастацкай літаратуры і мастацтва (хаця і не выключае адначасова і такую дзейнасць). Такім чынам, згодна з артыкулам 255 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь кіраўнік раённага Дома культуры, дзіцячай школы мастацтва не мае права выконваць аплачваемую работу на ўмовах штатнага сумяшчальніцтва ў якасці кіраўніка непрафесійнага (самадзейнага) калектыву. Але, у той жа час, ён можа быць удзельнікам такога калектыву.
Адказ у адносінах да дырэктара дзіцячай школы мастацтваў падрыхтаваны з улікам таго, што ў адпаведнасці з пунктам 6 Палажэння аб установах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры, зацверджанага пастановай Міністэрства культуры ад 8 снежня 2008 г. № 41, дзіцячая школа мастацтваў з’яўляецца юрыдычнай асобай.