Юныя беларусы — на Алімпіяду ў Вашынгтон

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Дзяцінства — крэатыўная пара. Фактычна ўсе дзеці цягнуцца да алоўка ці пэндзля. Падтрымка бацькоў адыгрывае вялікую ролю ў гэтым працэсе. Працягне малады талент свае заняткі выяўленчым мастацтвам ці спыніць? Ці стане дзіцячае апантанае захапленне ў будучым здабыткам прафесіі?

 
Мінчукі Вітаўт Кашкурэвіч (12 гадоў) і Каця Лазар (10 гадоў), якія паходзяць з сямей багатых мастацкімі традыцыямі, неаднаразова спрабавалі свае сілы на міжнароднай арэне і маюць ужо шэраг узнагарод. I вось цяпер перад імі вымалёўваецца цудоўная магчымасць паехаць у якасці пераможцаў на міжнародную Алімпіяду дзіцячага мастацтва ў Вашынгтон, ЗША.

Вітаўт і Каця ў мінулым годзе паўдзельнічалі ў конкурсе “Самародак”, які арганізоўваў Міжнародны фонд “Таленты трэцяга тысячагоддзя”, дзе яны перамаглі, і фонд даслаў іх працы на разгляд на Алімпіяду дзіцячага мастацтва ў ЗША. Міжнароднае журы ў Вашынгтоне таксама вылучыла іх працы сярод фіналістаў конкурсу як лепшыя ад Беларусі. Фіналам Алімпіяды, якая праводзіцца раз на чатыры гады, гэтым летам стане Сусветны дзіцячы фестываль, на які дэлегатамі ад Беларусі і павінны паехаць Вітаўт і Каця. Галоўнымі мэтамі фонду “Таленты трэцяга тысячагоддзя” з’яўляюцца падтрымка юных талентаў, сусветнае замацаванне сяброўскіх кантактаў і садзейнічанне культурнаму абмену паміж рознымі краінамі. Удзел беларускіх юных мастакоў у Сусветным дзіцячым фестывалі, безумоўна, мае вялікае значэнне для развіцця міжнародных культурных сувязей. Улічым, што ў конкурсе прынялі ўдзел сто краін і больш за тры мільёны дзяцей з усяго свету.

Сусветны дзіцячы фестываль, які будзе праходзіць у Вашынгтоне 22 — 26 чэрвеня 2007 года, уключае цікавую праграму для дзяцей-удзельнікаў, выкладчыкаў і бацькоў. Розныя дні фестывалю прадугледжваюць спецыяльныя імпрэзы, прысвечаныя здароўю і навакольнаму асяроддзю, творчасці і ўяўленню, міру на Зямлі. Канешне, будзе і цырымонія ўзнагароджання маленькіх удзельнікаў.

Безумоўна, актыўна падтрымліваюць нашых канкурсантаў іх маці, якія з’яўляюцца мастацкімі выкладчыкамі і першымі дарадчыкамі ў творчым працэсе. Іх мастацкі і выкладчыцкі вопыт адыгрываевялікую ролю ў развіцці маладых талентаў: Таццяна Сіплевіч, маці Вітаўта, выкладае на кафедры графікі, а Карына Харанека, маці Кацюшы, — на кафедры малюнка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Для ўдзелу ў міжнароднай Алімпіядзе дзіцячага мастацтва ў ЗША Каця з Вітаўтам падрыхтавалі малюнкі на спартыўную тэматыку, зыходзячы з патрабаванняў гэтага конкурсу. Кацюша з ранняга дзяцінства вельмі любіць маляваць коней, таму натуральна, што тэмай для новай працы яна абрала конны спорт. А вось увагу Вітаўта прывабліваюць зімовыя віды спорту. Свой малюнак дляАлімпіяды ён прысвяціў сноўборду. Дынамічная па кампазіцыі, праца цалкам адпавядае вясёламу запалу гэтага зімовага віду спорту. Да таго ж, Вітас вырашыў “насяліць” сваю кампазіцыю яшчэ і рознымі жывёламі, што садзейнічае добраму настрою.Вось такі вясёлы запал, мабыць, і не пакінуў журы раўнадушным да прац нашых удзельнікаў!

Ганна ЦІХАНАВА