Чый “слядок” на следавіку?

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Аглядаючы старажытныя курганы, што размешчаны ў канцы вуліцы Трактарнай у Капылі, на старых яўрэйскіх могілках, звярнуў увагу на адзін з надмагільных камянёў, паваленых часам на зямлю. Пад пэўным вуглом сонечных промняў на ім выразна відаць выявы дзвюх рук, узнятых крыж-накрыж. Што ж абазначае гэты сімвал?

 /i/content/pi/cult/200/2294/Kamenj1.jpg

Капыль, яўрэйскія могілкі. Надмагільны камень мясцоваму рабіну, ХІХ стагоддзе.

У свой час даводзілася быць на старых яўрэйскіх могілках у Празе, якія, з’яўляючыся часткай музейнага комплексу старога горада, прыцягваюць шмат наведвальнікаў, нягледзячы нават на даволі высокі кошт білетаў. Менавіта там на адным з камянёў я ўбачыў такую ж выяву, што і на яўрэйскіх могілках у Капылі. Гэта, у некаторай ступені, заахвоціла маю цікаўнасць да раскрыцця сэнсу такой выявы.

У сінагозе, што стаіць пры гэтых могілках і выкарыстоўваецца як музей гісторыі пахавальнага яўрэйскага абраду, даведаўся, што магіла, дзе на помніку ёсць выява скрыжаваных рук, належыць когану — святару. Дакладны пераклад гэтага слова: пасрэднік паміж Богам і тым, хто прыносіць Богу ахвяру, каб ушанаваць Яго. Коган лічыцца ў яўрэяў галоўным святаром у адрозненне ад левіта, накшталт архірэя і дыякана ў праваслаўных хрысціян. Займаць такую высокую пасаду маглі толькі Аароніды, нашчадкі сыноў Аарона, які, паводле Старога Запавету, быў памазаны Маісеем на святарства пасля перамогі над амалікіянамі.

Другі цікавы камень можна знайсці на ўскрайку вёскі Кудзінавічы Пацейкаўскага сельсавета таго ж Капыльскага раёна, дзе на могілках ля старой капліцы ляжыць вялізны валун, вядомы ў народзе пад назваю “Божы слядок” або “След Хрыста”. Камень гэты памерам 2,3 на 2,6 метра і вышынёй каля метра з амаль роўнай пляцоўкай, дзе ёсць адбітак чалавечай ступні даўжынёю 25 см. Больш ці менш выразна відаць адбіткі пальцаў нагі.
Троху ніжэй, пад гэтым следам, высечаны ў тэхніцы плоскага рэльефа крыж, збоку ад якога зроблена конусападобнае паглыбленне, у якім раз-пораз збіраецца вільгаць.
 /i/content/pi/cult/200/2294/Kamenj2.jpg
Камень-следавік і старая капліцаў в.Кудзінавічы Капыльскага раёна.

Побач з каменем размяшчалася драўляная на каменным падмурку з валуноў капліца, узведзеная прыкладна ў 1912-1913 гадах, якая на сённяшні дзень адбудавана нанова. Пад час нашага абследавання (у жніўні 1999 года) перад каменем зроблены невялікі шурф, дзякуючы чаму прасочаны шэры слой, дзе былі знойдзены манеты савецкай чаканкі, чарапок гаршка, гузік, пакрыты карозіяй, медная манета часоў Рэчы Паспалітай перыяду праўлення Аўгуста III.

Сярод мясцовага насельніцтва, асабліва сталага веку, камень ушаноўваецца і па сёння. На святы, “дзевятнік” і “святога Роха”, сюды прыносяць ахвяры: палатно, яйкі, яблыкі, дробныя грошы. Вада з ямкі, што зроблена ў камені, лічыцца гаючай і дапамагае ад хваробы вачэй. Пра гэта казала нам старэйшая жыхарка вёскі Кудзінавічы Аляксандра Верамейчык. Вышэйапісаны помнік з’яўляецца помнікам археалогіі, адносіцца да ліку так званых камянёў-следавікоў, якіх на Беларусі налічваецца каля 70. А на Капыльшчыне іх два.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
археолаг,

кандыдат гістарычных навук