Калі вайна аказалася пераможанай...

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ўмее быць у добрым сэнсе кан’юнктурным. Мы чуем папрокі беларускаму тэатру ў ігнараванні маладых драматургаў, у адсутнасці сур’ёзных сацыяльных тэм, у недахопе спектакляў, прысвечаных вайне. І тут на сцэне менавіта гэтага тэатра з’яўляецца спектакль па п’есе “Калі скончыцца вайна” маладога драматурга Паўла Пражко, герой якога праяўляе ў бітве пад Берлінам высакародства і гуманізм, але ў выніку — апынаецца ў ГУЛАГу. І я не бяруся сказаць, якая з задач для тэатра сталася больш складанай: сцэнічнае асэнсаванне самой тэмы вайны ці праблема ўвасаблення тэксту маладога аўтара.

 /i/content/pi/cult/200/2290/Vajna.jpg
 Сцэна са спектакля “Калі скончыцца вайна”.
Ці варта лішні раз казаць, з якім гонарам і асаблівым пачуццём ставяцца да Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне на Беларусі. Але, як ні парадаксальна, менавіта з гэтай прычыны асабліва важна, каб мастацкія, і ў тым ліку тэатральныя, творы пра вайну не пераўтварыліся ў пустаслоўе, набор банальнасцей і штампаў. Усе і так ведаюць, што вайна — гэта зло, нашмат важней разабрацца і ўсвядоміць, за кошт чаго мы гэтае зло пераадолелі?

Валерый Анісенка пайшоў, напэўна, самым цяжкім шляхам, абрынуўшы на гледача ўсе сродкі выразнасці, што маюцца ў арсенале яго тэатра.

На працягу дзеі на сцэне грымяць выбухі, гучаць стрэлы, праектар перадае кадры ваеннай хронікі, а напрыканцы чуецца пранізлівая песня ў выкананні самога рэжысёра. Але галоўны выразны сродак РТБД — гэта, канешне, акцёры. Яны існуюць у рэчышчы псіхалагічнага мастацтва, і іх задача — максімальнае ўздзеянне на гледача.

Як, да прыкладу, маналог Веранікі Буслаевай, што іграе Таню, дзяўчыну салдата Сашы, які ваюе пад Берлінам. Перад адпраўленнем на вайну яны пасварыліся, а цяпер Таня пакутуе, адбіваючыся ад заляцанняў мясцовага энкавэдзіста. Яе маналог-ліст да Сашы абстаўлены побытава: дзяўчына займаецца хатнімі справамі, раз-пораз садзіцца за стол і наслюньвае аловак. І менавіта гэткая побытавасць дазваляе гледачу настроіцца на адчуванне скразной адзіноты герояў падчас вайны, якая становіцца адной з дамінант спектакля.

Але ў той жа час менавіта побыт заганяе рэжысёра ў пастку ваеннай тэатральшчыны, і ён вымушаны гэтак жа “пераканаўча” паказваць баявыя падзеі: гучна, выбухова. Ды толькі тэатральным спецэфектам далёка да магчымасцей кіно, і як вынік гэтага — той факт, што “ціхія” побытавыя сцэнкі выглядаюць больш пераканаўча за баявыя. А з гэтага пачынае выглядаць галоўны недахоп спектакля — кампазіцыйная рыхласць.

Рыхласць гэтая, вядома, прадказальная ўжо на ўзроўні драматургіі, якая будуецца па прынцыпе паралельнага мантажу “тылавых” сцэн са сцэнамі баявога грымотнага фронту. Пераадолець яе можна было, да прыкладу, праз сцэнаграфічнае рашэнне. Але мастак Валянціна Праўдзіна размясціла “Берлін” справа, а “Мінск” злева, і падзяліла іх рэйкамі (апошнія,як высветлілася напрыканцы, сімвалізавалі ГУЛАГ). Сама па сабе сцэнаграфія выглядае манументальна і спрыяе стварэнню атмасферы спектакля: рэшткі муроў нагадваюць пялёсткі валошкі, якія “муціравалі” пад уплывам вайны, праз залу працягнуты дрот.

Але ж, на шчасце, артысты спраўляюцца і без гэтай манументальнасці. Апрача хіба той сцэны, калі да радавога Сашы нарэшце дапаўзае падмога — тут цесната толькі спрыяе мізансцэнічнай няпэўнасці... Да недахопу драматургіі варта аднесці і сумбурную канцоўку, пад час якой літаральна за тры хвіліны сюжэт робіць такі вялізны скачок, што становіцца незразумела, чаму так павольна дзея рухалася ўвесь папярэдні час. Разам з тым, відавочным плюсам тэксту Паўла Пражко з’яўляецца адсутнасць падзелу на “добрых нашых” і “злых іхніх”: вайна — трагедыя і для немкі Ані, і для рускага салдата Сашы, і для яго дзяўчыны Тані, і для закаханага ў яе Аляксея (якога цікава, зусім не плоска сыграў Андрэй Дабравольскі).

Спектакль трымаецца на сутыкненні нашага байца Сашы і немкі Ані, якая толькі што нарадзіла дзіця (дуэт Дзяніс Паршын — Анастасія Баброва ўжо заявіў пра сябе ў папярэдняй сёлетняй прэм’еры РТБД — “Дзённік паэта”). Яны ворагі, і ім прасцей забіць адзін аднаго. Але нават не дзеля ідэалаў гуманізму, а для саміх сябе — каб захаваць чалавечае і застацца салдатам і маці, а не пераўтварыцца ў забойцаў, яны не робяць рашучы крок у гэтым накірунку. Ды толькі іншым чынам яны паразумецца не могуць, і героям даводзіцца доўга і натужліва пераадольваць гэты камунікацыйны бар’ер. Сыграць моўны бар’ер вельмі цяжка, і трэба ўхваліць стаўленне да сваёй справы Анастасіі Бабровай, якая адмыслова для гэтай ролі авалодала нямецкай мовай. У выніку іх дыялогі распадаюцца на маналогі, і менавіта гэтым п’еса “Калі скончыцца вайна” блізкая да больш позніх тэкстаў Пражко, дзе аўтар значную ўвагу надае аспектам людской камунікацыі. Менавіта гэтыя камунікацыйныя бакі, якія рэжысёры часта абыгрываюць, вырашаючы спектаклі ў выглядзе чыткі альбо выкарыстоўваючы іншыя прыёмы адчужэння, і з’яўляюцца, як мне бачыцца, прычынай поспеху п’ес гэтага драматурга ў Маскве. Але ў дадзенай п’есе, калі задумацца,альтэрнатывай паразуменню адназначна становіцца смерць. І гэта не можа не адбівацца на эмацыйным ладзе спектакля: у тым, як развяжацца гэты сюжэтны вузел і якім чынам прыйдзе да герояў паразуменне, крыецца той самы “ключык” да спектакля, што і абумовіць яго прысуд. Нягледзячы на падкрэслена меладраматычныя сродкі (героі танчаць пад нямецкую мелодыю), пастаноўшчык і артысты здолелі пазбегнуць залішняй эмацыянальнасці і надаць спектаклю тую нотку прыгажосці, якая ажывіла даволі змрочную дзею. Савецкі салдат здолеў сказаць сваё “не!” вайне, адправіўшыся ратаваць нямецкую маці.

І ў гэты кароткі момант спектакля вайна аказалася пераможанай...

Алекс СТРЭЛ