У моды свае амбіцыі

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Пасля нашумелага, асабліва ў жаночым асяроддзі, фільма “Д’ябял носіць “Прада”, які заняў даволі высокую прыступку ў айчынным кіна-хіт-парадзе, ахвотніц стаць манекеншчыцамі, дызайнерамі, візажыстамі і г.д., думаю, стала значна болей. Тым больш, што беларускія ВНУ ды розныя ўстановы гэтаму паспяхова вучаць, нягледзячы на тое, што належная fashion-індустрыя ў нашй краіне папросту адсутнічае. А значыць, стаць знакамітымі ды заможнымі пры такіх абставінах практычна нерэальна. Тым не менш, адзінкі з іх, моцныя духам ды таленавітыя, усё ж не губляюцца і самастойна, дзень за днём,як вясенні дзьмухавец праз асфальт, прабіваюць шлях да сваёй зоркі. Людміла Лабкова – малады мадэльер, чыё імя ўжо стала брэндам. Яна хрэстаматыйны прыклад таго, як правінцыяльная дзяўчынка з пяццю рублямі ў кішэні прыехала заваёўваць сталіцу. Каму як ні ёй ведаць, ці трэба быць “Д’яблам”, каб нешта значыць для моды, і ці магчыма на даходы мадэльера насіць “Прада”.

— Першае пытанне — як табе фільм?

— Калі ў мяне пытаюцца пра яго, я з гонарам адказваю, што прэзентавала яго ў Мінску паказам сваёй калекцыі. Дарэчы, мой каханы, паглядзеўшы кіно, сказаў: гэта ты, ты ў сваёй прафесіі такі ж д’ябал, як і галоўная гераіня. І, мабыць, ён мае рацыю. Бо я таксама не маю часу паўтараць дзесяць разоў і злуюся, калі дзяўчынкі маёй майстэрні забылі нешта зрабіць, прыкладам, каўнерык у сукенцы, што было прынцыпова важным. Бо гэта марнаванне часу, турбаванне кліента... Таму калі мой любы сказаў, што я — сапраўдная Міранда, я прызнала гэта: я магу быць жорсткай.

— А ўвогуле, “модная” сфера ў нас мае такі ж жорсткі характар, як у краінах, дзе мода — вялікі бізнес?

— Ён насамрэч такі, як паказана ў фільме, нават тут, у Беларусі, дзе ён слабаразвіты. І варта толькі даць у нечым слабінку — цябе тут жа затопчуць. Да таго ж, каб быць самастойным мадэльерам у Беларусі, трэба рабіць немагчымае, хаця б таму, што дызайнерскае адзенне, створанае ў адзінкавых экзэмплярах, на жаль, па заканадаўстве не мае права на існаванне, бо яго немагчыма сертыфікаваць. У законе напісана, што ўсё павінна стварацца па ГОСТах і стандартах і быць сертыфікавана. Хаця ў Еўропе для аўтарскага адзення падобная працэдура не абавязковая.

— Ты ўдзельнічала ва ўсіх конкурсах, якіх толькі можна. Яны табе дапамаглі, ці гэта марнаванне часу?

— Гэта вялікая школа, у тым ліку і школа жыцця. Але я перастала ў іх удзельнічаць, бо калі пачала перамагаць раз за разам, забрала ўсе прызы, якія і дзе толькі магчыма, — і ў Беларусі, і ў Расіі, — я зразумела, што я іх перарасла. Хаця для пачаткоўцаў гэта значная адукацыя, якой не можа навучыць ніводная ВНУ. Магу шмат добрага сказаць у адрас беларускіх конкурсаў — у нас яны заўсёды належна арганізаваныя, з прафесійнымі мадэлямі. У Расіі ўсё прынцыпова іншае. Там гэта — бізнес, і навічкам, тым больш чужым, ніколі не дадуць месца вышэй другога. Хаця на расійскіх конкурсах моды працуюць байеры, якія могуць купіць упадабаныя калекцыі. І ў гэтым іх вялікі плюс, якога няма ў нас.

— Ты перажыла безліч сваіх паказаў і хваляванняў: як прымуць? Сёння дэфіле з тваімі калекцыямі праходзяць пад авацыі. Што ты адчуваеш?

— У час дэфіле — тое ж самае,як у першы выхад. І так штораз. Вельмі часта мы ўвогуле не бачым свае калекцыі на подыуме, бо апранаем мадэлей. І пра вынік таго, што адбываецца на подыуме, даводзіцца ведаць толькі па водгуках. А бываюць і няўдалыя паказы. Прыкладам, у Маскве на конкурсе “Прэт-а-партэ на Пакроўцы” я так хутка апранула мадэлей, што яны на свабодны да дэфіле час некуды разбегліся, таму перад выхадам мы не паспелі зашпіліць сяму-таму абутак. І ў мяне абрывалася сэрца, калі з-за гэтага ён злятаў з ног проста на подыуме. Мяне супакойвалі: не хвалюйся, усе зразумелі, што ты хацела паказаць. Але я не прыхільнік недахопаў.

— Цябе заўсёды можна пазнаць па тваіх сукенках. Гэта, напэўна, не проста так?

— О-о-о! Сукенка — мая любоў. Варта яе толькі апрануць — і больш не трэба “варажыць” над вобразам. Да спадніцы, прыкладам, трэба з густам і індывідуальнасцю падбіраць верх, аксесуары, і зрабіць гэта, каб выглядаць “на ўсе сто”, не так хутка. А сукенка адразу задае тон, бо гэта завершаны твор. Я люблю, каб было відаць, што сукенка дызайнерская, рэспектабельная, якасная. І люблю ствараць дарагое адзенне, але гэта не значыць, што яно столькі, а не менш, павінна каштаваць, — яно павінна менавіта гэтак выглядаць.

— Цікава, а хвароба пад назвай “шопінг” уласціва мадэльерам?

— А як жа! Яшчэ ў студэнцтве, калі за душой не было ні рубельчыка, я любіла зайсці ў дарагія буцікі і прымерыць на сябе рэчы, пра якія можна толькі марыць. Памятаю, як давялося палюбавацца на сябе ў жакеціку за 1,5 тысячы долараў ад Лакруа. Я яго апранула і сказала: ён такі файны, але на тры размеры большы за мой. Прадаўцы адразу забегалі: гэта не праблема, за вашы грошы мы яго ўшыем. А я з найграным абурэннем ускрыкнула: вы што, гэта ж Лакруа, дакранацца да яго нажніцамі проста кашчунства! І выйшла. А між тым, я тады не магла дазволіць сабе нават кавалак каўбасы. І хаця я пачала працаваць з юнацтва, і падчас студэнцтва ў мяне ўжо была свая пастаянная кліентура, усе грошы я траціла на вучобу.

— З якім пачуццём ты заходзіш у тыя буцікі сёння, калі можаш пашыць любую мадэль, што там вісіць, самастойна?

— Хаця я вельмі люблю займацца шопінгам у Еўропе, у беларускія модныя галерэі, буцікі я больш не хаджу. Тут да пакупнікоў такое нізкае стаўленне! Апошні раз я была шакіравана адносінамі да сябе ў адным “пантовым” буціку. Мне патрэбны былі джынсы, і я, як чалавек лёгкі і з пачуццём гумару, проста зайшла і сказала: мне патрэбны штонікі. І прадавец, увесь з сябе стыльны, пачаў чытаць мне лекцыю. Маўляў, гэты джынсавы брэнд носіць сама Мадонна, і “штонікаў” у іх тут няма, толькі знакамітыя брэнды. Хаця я, як мадэльер, магла б яму расказаць, што і як у іх магазіне на самой справе называецца, але адказала: “Ведаеце, я не Мадонна, таму мне патрэбны проста штонікі”. У адказ я пачула шмат непрыемнага ў свой адрас, і гэты магазін стаў для мяне кропкай у беларускім шопінгу. За мяжой такое стаўленне да пакупніка — нонсэнс. Там жа, калі ты заходзіш у магазін, значыць, чымсьці тут цікавішся, табе рады, нават калі сёння ты нічога не купіў.

— А што, ты сама не можаш пашыць сабе штонікі?

— Мусіць, лянуюся... Я люблю “адрывацца” на кліентах, таму застаюся “шаўцом без ботаў”. Сябе звычайна адхіляеш на другі план, таму што заўсёды ёсць кліенты з тэрміновымі заказамі.

— Нядаўна спіс тваіх кліентаў папоўніў любімец публікі Сяргей Кухто?

— Так, я працавала ў якасці стыліста над праектам “Ваша лато” на Першым канале. І, думаю, увайду ў гісторыю тэлебачання як чалавек, што зняў з Сярожы жоўтыя боты, якія, аказваецца, былі легендарнымі. Гэта, шчыра кажучы, каштавала мне вялікіх нерваў, але ўсё ж атрымалася надзець на яго прыстойныя боты, а потым падагнаць касцюм па фігуры і павязаць шыйную хустку. Спачатку я думала, што Сярожу такія няўдалыя касцюмы купляюць, аднак высветлілася, што ён сам хацеў мець касцюм настолькі свабодны, каб у ім можна было рабіць як мінімум сальта. Кухто мала каму давярае свой імідж. Але калі яго сябра мадэльер Ваня Айплатаў пахваліў маю працу, Сяргей супакоіўся.

— А жанчыны, напэўна, больш капрызныя?

— Важна знайсці “сваю” кліентку, адчуць яе погляд на жыццё, каб разумець, чаго яна хоча. Бо з гатовай сукенкай усё проста: ты прымяраеш — і разумееш: да твару яна табе ці не. Але бывае так, што жанчына чагосьці вельмі жадае, бо ёй гэта падабаецца на іншых. І яна хоча быць менавіта такой. І калі “павесціся” на жаданне, можна пашыць адзенне, якое кліентка павесіць у шафу і забудзе:гэта будзе не яе вобраз. Так, яна заплаціць грошы, падзякуе мне, але я застануся незадаволеная, бо люблю, калі рэч зношваецца.

— Напэўна, усе твае сябры — суперстыльныя?

— Я часта крыўджуся, калі з сябрамі адпачываю, а яны ператрасаюць свой гардэроб з пытаннем: а як ты мяркуеш, ці пойдзе мне гэта? І, бывае, я адказваю даволі рэзка: ці ёсць у вас сорам? Я ж адпачываю! Вы мяне запрасіце спецыяльна для гэтай мэты, і я вам усё раскажу. Бо мне ж трэба засяродзіцца, думаць. А зараз я адпачываю, і люблю вас такімі, якія вы ёсць, і ў чым вы ёсць.

— У тваіх планах, марах — выхад на сур’ёзныя паказы, нават адкрыццё свайго Дома моды, і ты не баішся смела заяўляць пра свае амбіцыі…

— Так, я магу сабе дазволіць быць амбіцыёзнай, бо шмат працую. Мая філасофія такая: калі шмат працуеш — дык хоць доля з гэтага будзе ў цябе лепшая, чым у астатніх. Рабі шмат — і атрымаеш хаця б частку. Я не той чалавек, каму шанцуе ці ўсё даецца лёгка, але ўсе ўдары лёсу навучылі мяне цярплівасці. Сёння я самастойны чалавек, сама сабе гаспадыня і маю права на амбіцыі. Калі я кажу, што хачу свой Дом моды, мяне ўспрымаюць неадэкватна: у цябе такія амбіцыі, ты так многа жадаеш! А чаму ж не? Напэўна ж, я і працую дзеля гэтага. 

ДаведкаЛюдміла Лабкова, нарадзілася 5 лістапада 1978 года ў Магілёве ў сям’і педагогаў. Пасля вучобы ў школе з архітэктурным мастацкім ухілам, а потым — у Магілёўскім вучылішчы культуры па спецыяльнасці “Дызайн тканін” прыехала паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на “Дызайн адзення”. Сёння — удзельнік і пераможца больш дваццаці найменняў конкурсаў, сярод якіх — “Адміралцейская ігла”, “Белая амфара”, “Прэт- а-партэ на Пакроўцы” ў Маскве, расійская “Сукенка года”, з якой звязана першая перамога, “Рускі куцюр’е”, “Млын моды” і іншыя. 12 красавіка 2007 года — чарговая перамога на Тыдні моды ў Беларусі ў намінацыі “Вялікія спадзяванні”. Сёння Людміла — вядомы дызайнер прэт-а-партэ класа “люкс”, як яе вызначае Беларускі цэнтр моды, вядучы дызайнер “Млына моды”, гаспадыня сваёй Студыі мод 

Анкета “К”

1. Колер, які натхняе. Сёння — жоўты.

2. У якую пару года падабаецца працаваць? Вясной.

3. Любімы мастак. Эль Грэка.

4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.Кевін Костнер і Роберт дэ Ніра.

5. Творы якіх пісьменнікаў хочаш перачытаць? Дастаеўскага.

6. Што слУхаеш? Люблю музыку з дэфіле сваіх калег.

7. Радзіма — гэта што? Мой дом.

8. ЛюбімАя кветка? Дзекабрыст.  

Гутарыла Святлана КАСЯЧЭНКА