Адказы на пытанні чытачоў

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Маюцца сур’ёзныя праблемы ў набыцці музычных інструментаў для дзіцячых музычных школ і дзіцячых школ мастацтваў. Як мяркуеце вырашаць гэтую сітуацыю?

На пытанне адказвае намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар КУРАШ:

— У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь адсутнічае вытворчасць па выпуску музычных інструментаў. Рашэнне гэтай праблемы звязана з закупкай неабходнага інструментарыя ў суседніх краінах, у асноўным, у Расіі.

Забеспячэнне ўстаноў музычнымі інструментамі ажыццяўляецца ў межах выдаткаваных бюджэтных асігнаванняў з улікам прыдатнага да выкарыстання абсталявання на пачатак года. Разлік выдаткаў на набыццё музычных інструментаў ажыццяўляецца на аснове аналізу штогадовых заявак, якія паступілі ад школ мастацтваў.

Закупка музычных інструментаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.11.2008 № 618 “Аб дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь”.

 
Для выканання планаў канцэртнага абслугоўвання філармоніі вымушаны ісці на арганізацыю стратных канцэртаў. Страты пакрываюцца за кошт прыбытку ад канцэртаў расійскіх і іншых эстрадных выканаўцаў. Узнікае наступная праблема: ці рэальна пры гэтым перавышэнне экспарту над імпартам?
На пытанне адказвае начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл КАЗЛОВІЧ:

— Згодна з задачамі, пастаўленымі Урадам Рэспублікі Беларусь, імпарт дапушчальны ў памерах, перакрываемых экспартам.

У сувязі з гэтым пастаўленая праблема павінна вырашацца двума шляхамі. Першы — гэта памяншэнне імпарту шляхам арганізацыі большай колькасці канцэртаў беларускіх эстрадных выканаўцаў. Другі — гэта павелічэнне экспарту, гэта значыць арганізацыя і правядзенне гастролей творчых калектываў і выканаўцаў за мяжой, што прыносяць даход.


Як вырашыць праблему папаўнення трупы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа?

— Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў штогод здзяйсняе прыём абітурыентаў для навучання па спецыялізацыі “Мастацтва драматычнага тэатра і кіно”. У дадзены час у акадэміі на ўсіх курсах дзённай формы падрыхтоўкі навучаюцца 54 студэнты гэтай спецыялізацыі. За апошнія пяць гадоў завяршылі навучанне 67 студэнтаў-бюджэтнікаў, якія атрымалі кваліфікацыю “Акцёр драматычнага тэатра і кіно”. З іх у дадзены час працуюць у тэатрах 44 чалавекі.

Трэба адзначыць, што з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа за гэты перыяд не паступіла ніводнай заяўкі, таму Акадэміяй мастацтваў у трупу тэатра і не накіроўваліся маладыя спецыялісты.


Якая сістэма аплаты за навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў?

— Аплата за навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў устаноўлена ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства і эканамічна абгрунтаванымі разлікамі і складае ў год 2 980 000 рублёў па дзённай форме падрыхтоўкі (уносіцца часткамі чатыры разы ў год) і 1 420 000 рублёў — па завочнай (уносіцца таксама часткамі два разы ў год).


На пытанні адказваў намеснік начальніка ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль МУКАЛАЎ


На калегіі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама прагучала пытанне аб неабходнасці ўвядзення ў невялікіх музеях пасады галоўнага захавальніка фондаў і навуковага супрацоўніка.
На пытанне адказвае галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана ГАЎРЫЛАВА:

— Абавязковымі ўмовамі для стварэння музеяў у адпаведнасці з артыкулам 10 п.3.1, 3.2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь” ад 12 снежня 2005 года з’яўляюцца: наяўнасць культурных каштоўнасцей і (або) выдзеленых з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці унікальных прыродных аб’ектаў, у залежнасці ад якіх вызначаецца профіль музея; магчымасць заснавальніка музея забяспечыць музей будынкам (памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў і музейных калекцый.

Абавязкі адказнасці за збор культурных каштоўнасцей, іх улік, навуковую апрацоўку, захоўванне ў адпаведнасці са службовымі абавязкамі ўскладаюцца на галоўнага захавальніка фондаў і навуковага супрацоўніка. Гэтыя пасады прадугледжаны тыпавымі штатамі для ўсіх дзяржаўных музеяў .


На апошнім сходзе працоўнага калектыву нам далі зразумець, каб тыя, у каго няма профільнай адукацыі, альбо ішлі вучыцца, альбо шукалі іншую працу. Я якраз падыходжу пад гэтую катэгорыю. Працую бібліятэкарам у сельскай бібліятэцы, маю сярэднеспецыяльную адукацыю, далёкую ад бібліятэчнай. Калі пайду вучыцца — гэта будзе другая адукацыя, значыць, атрымліваць яе давядзецца толькі на платнай аснове. Паколькі заробак у сельскіх бібліятэкараў не надта высокі, а ў мяне яшчэ і дачка вучыцца, дык вучобу гэтую ў фінансавым плане проста не адолею. А працу губляць не хочацца, бо яна мне падабаецца.
Вось і хачу запытацца: ці ёсць нейкія ўмовы, пры якіх я магу атрымаць другую сярэднеспецыяльную адукацыю бясплатна?
На пытанне адказвае галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла МУХА:

— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 “Аб правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы”, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, асобы беларускай нацыянальнасці, якія з’яўляюцца грамадзянамі замежных дзяржаў ці асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на дзённую форму атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных ССНУ за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў (далей — за кошт сродкаў бюджэту), калі дадзены ўзровень адукацыі яны атрымаюць за кошт сродкаў бюджэту ўпершыню, альбо на конкурснай аснове паступаць у дзяржаўныя ці прыватныя ССНУ на навучанне на ўмовах яго аплаты фізічнымі ці юрыдычнымі асобамі (далей — на ўмовах аплаты).

У конкурсе на завочную ці вячэрнюю форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту маюць права ўдзельнічаць вышэйпералічаныя асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю і працуюць па профілі выбранай спецыяльнасці, асобы, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй і паступаюць на адпаведныя альбо роднасныя спецыяльнасці, а таксама дзеці-інваліды, інваліды І і ІІ групы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю альбо прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй, пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў для навучання па абранай спецыяльнасці. Іншыя асобы ўдзельнічаюць у конкурсе на завочную ці вячэрнюю форму атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на ўмовах аплаты.


Ці ёсць магчымасць у Міністэрства культуры выйсці з хадайніцтвам да Міністэрства фінансаў аб дазволе даплачваць з пазабюджэтных сродкаў да 50% акладу найбольш цэнным, граматным работнікам (кіраўнікі гаспадарчых груп, галоўныя спецыялісты і інш.)?

— Пастанаўленнем Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2002 г. № 152 зацверджана Інструкцыя аб парадку планавання, уліку і выкарыстання сродкаў, атрыманых арганізацыямі, якія фінансуюцца з бюджэту, ад дзейнасці, што прыносіць даходы (далей — Інструкцыя).

Згодна з пунктам 28 Інструкцыі, па выніках дзейнасці, якая прыносіць даходы, не болей за 40 працэнтаў ад сумы перавышэння даходаў над выдаткамі, што застаецца ў распараджэнні арганізацыі, накіроўваецца ў фонд матэрыяльнага заахвочвання, сродкі, якія засталіся, — у фонд вытворчага і сацыяльнага развіцця.

Пры гэтым сродкі фонду матэрыяльнага заахвочвання могуць выкарыстоўвацца на прэміраванне і аказанне матэрыяльнай дапамогі работнікам, устанаўленне надбавак за высокія прафесійныя, творчыя і вытворчыя дасягненні ў рабоце, складанасць і напружанасць працы, а таксама за выкананне асабліва важных (тэрміновых) работ, павышэнне заработнай платы работнікаў арганізацыі. Акрамя таго, на павышэнне заработнай платы работнікаў арганізацыі могуць накіроўвацца сродкі і з фонду вытворчага і сацыяльнага развіцця.

Такім чынам, парадак выкарыстання сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, вызначаны ў Інструкцыі, і кіраўнік арганізацыі мае права ажыццяўляць стымулюючыя выплаты найбольш каштоўным работнікам, і дазволу Міністэрства фінансаў на гэта не патрабуецца.


Ці магчыма ўвядзенне ў штатны расклад аддзелаў культуры райвыканкамаў пасады намесніка начальніка аддзела?

— Рашэнне аб увядзенні дадатковай адзінкі дзяржслужачага знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых выканаўчых органаў.


Ці будуць павышаны на 5 працэнтаў тарыфныя аклады выкладчыкам дзіцячых школ мастацтваў?

— З 1 студзеня 2009 г. у агульна-адукацыйных установах, спецыяльных установах адукацыі, установах, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, установе адукацыі “Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху”, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2009 г. № 86 “Аб некаторых пытаннях аплаты працы работнікаў устаноў адукацыі” ўстаноўлена павышэнне тарыфных акладаў педагагічным работнікам на 5 працэнтаў. Улічваючы тое, што дзіцячыя школы мастацтваў адносяцца да ўстаноў пазашкольнай адукацыі і навучання ў сферы культуры, вышэйназваная пастанова на іх не распаўсюджваецца.


На пытанні адказвала
начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК