Бестыярыум “выйшаў у свет”

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

У Сярэднявеччы “Бестыярыумы” станавіліся своеасаблівай кнігай пазнання свету. Праз яднанне фантастычных жывёл з рэальна існуючымі, чалавек той эпохі шукаў ключы да пазнання асяроддзя, выводзіў уласныя правілы паводзін у соцыуме. Сучасная навука пацясніла з заалагічных падручнікаў выдумку, але загадкавыя істоты працягваюць хваляваць думкі чалавека. У сакавіку яны чарговы раз (згадаць хаця б творы Хорхе Луіса Борхеса) “выйшлі ў свет”: у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва прайшла выстаўка ляўкасу Маргарыты Сташулёнак “Некласічны бестыярыум”.

 /i/content/pi/cult/200/2285/Bestyaryj.jpg

М.Сташулёнак. “Куфар з сакрэтам”.

Для маладой мастачкі — гэта не першая спроба прадэманстраваць публіцы арыгінальны свет фантазіі. Яна шмат выстаўлялася ў залах сталічных галерэй і музеяў. Многія работы Маргарыты трапілі ў прыватныя калекцыі Вялікабрытаніі, Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі.

Паветраная празрыстасць і лёгкасць, якія тэхнічна ўласцівы роспісу па ляўкасе, быццам спецыяльна выдуманы для таго, каб на невялічкай прасторы ствараць паралельныя сусветы. Сапраўды, мастачка нібыта гуляе з гледачом, накладаючы ірэальнасць на звычную плынь чалавечага быцця. Па сутнасці, на выстаўленых работах можна было пабачыць толькі дзве класічныя міфалагічныя істоты: дракона, які дыхае агнём, ды ілюзорнага адзінарога. У асноўным жа Маргарыта пацягвае смугой фантазіі звыклыя пейзажы. І тады ты раптам заўважаеш, як знаёмы яшчэ ўранку квартал ператвараецца ў “Горад-востраў”, як над спячымі вокнамі лунаюць серэнады акунёў ды карпаў (нізка “Музыка рыб”) ды “Сон”, нібыта жывая вада, пакрысе абуджае ў людзях веру ў цуд, які абавязкова адбудзецца.

Мастачцы ў падачы матэрыялу ўласціва тэатральнасць. Нават серыя работ пад назвай “Рэдкія сцэнарыі” аформлена накшталт вулічнай пляцоўкі вандроўных лялечнікаў. На тых “сцэнах” разыгрываюцца драмы з каралеўскага жыцця, марскія баталіі. Але пры няправільным раскладзе карт лёсу пясочны гадзіннік жыцця перамолвае квітнеючыя сады тых прынцаў і служкаў пустыні.

Але ж у большасці сваёй маляваныя “п’есы” Маргарыты Сташулёнак — жыццесцвярджальныя. Мастачка быццам аглядае асяроддзе праз забытыя якімсьці дзіцем чароўныя шкельцы, адкрываючыпасталелым людзям край, дзе пануюць анёлы. Яны ператвараюць кожны дом у сапраўдны “Каўчэг”, які захоўвае парасткі любові, шчырасці і дабрыні. Бестыярыум Маргарыты — гэта куфар з сакрэтам, які для дапытлівага вока захоўвае адмысловы свет чуллівай душы чалавека.

Для гэтага трэба толькі адкрыць сэрца.

Настасся ПАНКРАТАВА