М.Сташулёнак. “Куфар з сакрэтам”. |
Паветраная празрыстасць і лёгкасць, якія тэхнічна ўласцівы роспісу па ляўкасе, быццам спецыяльна выдуманы для таго, каб на невялічкай прасторы ствараць паралельныя сусветы. Сапраўды, мастачка нібыта гуляе з гледачом, накладаючы ірэальнасць на звычную плынь чалавечага быцця. Па сутнасці, на выстаўленых работах можна было пабачыць толькі дзве класічныя міфалагічныя істоты: дракона, які дыхае агнём, ды ілюзорнага адзінарога. У асноўным жа Маргарыта пацягвае смугой фантазіі звыклыя пейзажы. І тады ты раптам заўважаеш, як знаёмы яшчэ ўранку квартал ператвараецца ў “Горад-востраў”, як над спячымі вокнамі лунаюць серэнады акунёў ды карпаў (нізка “Музыка рыб”) ды “Сон”, нібыта жывая вада, пакрысе абуджае ў людзях веру ў цуд, які абавязкова адбудзецца.
Мастачцы ў падачы матэрыялу ўласціва тэатральнасць. Нават серыя работ пад назвай “Рэдкія сцэнарыі” аформлена накшталт вулічнай пляцоўкі вандроўных лялечнікаў. На тых “сцэнах” разыгрываюцца драмы з каралеўскага жыцця, марскія баталіі. Але пры няправільным раскладзе карт лёсу пясочны гадзіннік жыцця перамолвае квітнеючыя сады тых прынцаў і служкаў пустыні.
Але ж у большасці сваёй маляваныя “п’есы” Маргарыты Сташулёнак — жыццесцвярджальныя. Мастачка быццам аглядае асяроддзе праз забытыя якімсьці дзіцем чароўныя шкельцы, адкрываючыпасталелым людзям край, дзе пануюць анёлы. Яны ператвараюць кожны дом у сапраўдны “Каўчэг”, які захоўвае парасткі любові, шчырасці і дабрыні. Бестыярыум Маргарыты — гэта куфар з сакрэтам, які для дапытлівага вока захоўвае адмысловы свет чуллівай душы чалавека.
Для гэтага трэба толькі адкрыць сэрца.
Настасся ПАНКРАТАВА