Два полюсы аднаго тэксту

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Адкрыццё незвычайнага праекта адбылося ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Новая выстаўка “Графема” ўяўляе сабой калаж арт-праектаў некалькіх беларускіх мастакоў, у кожным з якіх у той ці іншай форме з пэўнай мэтай прысутнічае тэкст.

 /i/content/pi/cult/200/2284/Dva-polusy.jpg

Р.Вашкевіч. “Партрэт на памяць”.

Выстаўка “Графема” — гэта дэманстрацыя мастацтва, дзе знайшлося месца для літар, слоў і словазлучэнняў. Яна — доказ таго, што тэкст і выяўленчае мастацтва — гэта не розныя полюсы, гэта два ўзаемапранікаючыя элементы, якія адкрываюць новыя шляхі для ўвасаблення той ці іншай ідэі: ад філасофскага пазнання самога сябе да папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

У выстаўцы прымаюць удзел Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Аляксей Лунёў, Аляксей Губараў, Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава і Сяргей Кірушчанка. Іх праекты ў розны час ужо былі прэзентаваны грамадскасці паасобку, але ў музеі яны сабраны разам у адзін калаж, каб у сукупнасці звярнуць увагу на такую форму мастацтва, як “тэкст”, што з’яўляецца не проста выкарыстаннем новай тэхнікі, але своеасаблівым канцэптуальным ходам. Апошні і раскрывае пэўную ідэю.

Менавіта гэтым быў абумоўлены выбар мастакоў — удзельнікаў выстаўкі. Усе выстаўленыя работы— не асобна ўзятыя творы, дзе проста прысутнічае тэкст. Гэта — фрагменты буйных «тэкставых» праектаў. Менавіта па гэтай прычыне да работ мастакоў дадаецца тэкст канцэпцыі, каб глядач змог зразумець ідэю, закладзеную ў кожным фрагменце.

Канстанцін АНТАНОВІЧ