Барысаў — Жодзіна — транзіт

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Апошнім часам у беларускім мастацтве склалася тэндэнцыя да ажыўлення выставачнай дзейнасці ў правінцыйных гарадах. Цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў сценах выставачнай залы Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі, дадаткова пацвярджаюць гэты факт. Выстаўкі работ жывапісцаў Валерыя Шкарубы, Нінель Шчаснай, Віктара Альшэўскага, архітэктара Галіны Левінай, скульптара Анатоля Анікейчыка, выніковая выстаўка арт-сесіі юных мастакоў Мінскай вобласці, а таксама навучэнцаў студыі Рышарда Мая — вось няпоўны спіс экспазіцый, што прайшлі ў Барысаве.

 /i/content/pi/cult/200/2282/Barysau.jpg

В.Бялоў. “Нацюрморт з бульёткай”.

Днямі ў выставачнай зале завяршыўся яшчэ адзін праект — выстаўка “Барысаў — Жодзіна — транзіт”, якая дае магчымасць убачыць работы лепшых мастакоў з гэтых гарадоў. Кожны з іх — сталы творца са сваім непаўторным почыркам. Іх работы вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ды і спектр творчых інтарэсаў мастакоў надзвычай шырокі.

Тонкія, прасякнутыя светлым гумарам палотны Аляксандра Фралянкова цудоўна суседнічаюць з дэкаратыўнай гульнёй з фактурамі на нацюрмортах Віктара Бялова. Жывапіс Фралянкова — прыклад рэдкага таленту стварэння атмасферы, інтымнай прасторы герояў твораў і самога аўтара. Работы Бялова дэманструюць легкае валоданне мастацтвам колеру, якому пад сілу надзяленне бутэлек, фруктаў ды талерак душой і характарам. Уладзімір Гладкевіч, больш вядомы сваёй кніжнай графікай, паказаў тэрыторыю філасофіі на работах, выкананых алеем і ў змешанай тэхніцы. Што да Вікенція Стасевіча, дык ён прадставіў серыю пастэляў, мяккая фактура якіх цудоўна пасуе вобразу беларускай прыроды са складаным каларытам. Нечакана глыбокі пласт культуры і гісторыі паўстае на палотнах Сяргея Лагачова. На іх можна заўважыць і своеасаблівы дыялог з хрысціянскімі вобразамі з традыцыйных фрэсак, і гульню ў лубок, і сур’ёзнае даследаванне-пераапрацоўку гістарычнага касцюма. Нарэшце, экспазіцыя не была б поўнай без скульптур Аляксандра Шомава. Дзякуючы ім выстаўка набывае вытанчанасць, ажурнасць, завершанасць.

Прадстаўленыя мастакі маюць у сваёй творчасці і шмат агульнага. Гэта не толькі месца нараджэння, навучанне ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Транзіт паміж двума гарадамі, заяўлены ў назве выстаўкі, прадугледжвае нейкія новыя ўражанні, роздумы. Вось тут і знаходзіцца кропка сутыкнення творчых асоб.

Прыкладам таму з’яўляецца шэраг работ духоўнай тэматыкі: “Анёл” Бялова, трыпціх “Каганец” Гладкевіча, “Спадчына” Фралянкова. Можна заўважыць і агульнае імкненне да пераўтварэнняў, пошуку вобразаў праз касцюмы ў жывапісе Лагачова (“Парадны партрэт рамантычнага героя”) і ў скульптуры Шомава (“Арлекін”, “Панчохі”).

Такія выстаўкі дазваляюць жыхарам невялікіх гарадоў знаёміцца з творчай дзейнасцю сваіх славутых землякоў, назіраць цікавыя з’явы ў беларускім мастацтве. А супрацоўнікі Барысаўскай бібліятэкі заўсёды чакаюць у выставачнай зале творчых асоб і шчыра вітаюць сваіх гасцей.

Наталля ЦАРЫК,
кандыдат мастацтвазнаўства