Музыка мужчынскага роду: Генадзь ПРА-ВА-ТОРАЎ

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Калі б слова “Музыка” было мужчынскага роду, яно гучала б менавіта так: Праватораў. І справа не толькі ў гучнасці гэтага прозвішча (апошнюю яму надае сама асоба Генадзя Панцеляймонавіча — народнага артыста Расіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), але і ў амаль бахаўскай сімволіцы, “зашыфраванасці” ў ім літарных спалучэнняў.

 /i/content/pi/cult/200/2281/Subsustrechy.jpg
ПРА
— гэта сімвал змястоўнасці праватораўскай манеры выканання.

ВА — вокліч радаснага здзіўлення, што ўзнікае ад кожнага сутыкнення з музыкай у ягоным прачытанні.

ТОРаў — знак гістарычнага ўнёску, годнага “музычнай бібліі”, у культуру Беларусі, сімвал сусветнага прызнання і… шалёнай энергетыкі. Бо “тор” па-беларуску — гэта след на дарозе, кірунак дзейнасці, шлях. На іўрыце “тора” — першая частка Бібліі. Па-англійску “tor” — пік, а “top” — вяршыня. А яшчэ — ваўчок, які верціцца так хутка, што прасачыць за кожным абаротам проста немагчыма.

 
ПРА

Калі за пультам ці за раялем — Генадзь Праватораў, ніколі не пакутуеш ад пытання: пра што гэтая музыка? Асэнсаванасць кожнага гуку і ўсёй партытуры разам можна лічыць ягоным творчым крэда.

Здаецца, музыку ён можа зрабіць з усяго, абсалютна з любога спалучэння гукаў — нават прызначанага, так бы мовіць, для таго, кааб патрапіць танцоўшчыкам “пад нагу”, прапаноўваючы пэўную рытміку для іх скокаў. Памятаю, як ён дырыжыраваў некалькімі балетнымі спектаклямі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Думалася: хіба ж гэта яго ўзровень? Яму б — у La Scala дырыжыраваць! Дый артысты, бывала, лаяліся — ажно ў партэры чуваць было: маўляў, куды ён так махае, ажно ногі заплятаюцца. Але раптам звыклы “музон” зайграў такімі яркімі аркестравымі фарбамі, такімі тонкімі псіхалагічнымі адценнямі, што ператварыўся ў Музыку — з вялікай літары. Фразы не проста гучалі, яны быццам выгаворваліся. Замест “сплюшчаных” у пляскаты блінец гукаў утварылася суцэльнае музычнае паветра, што дыхала то як сарамлівая пара на першым рамантычным спатканні, то як каханкі ў парыве жарсці. Адчуванне цуда, што адбываецца ў цябе на вачах, было такім, як быццам бы эскізы “фонавых” малюнкаў ператвараліся ў канцэпцыйныя шэдэўры сусветнага жывапісу.

Можа, такое ўменне “чытаць паміж нотамі” ў Праваторава менавіта з-за таго, што ён і папраўдзе — умее музыку чытаць, а не толькі слухаць.

“На сімфанічны факультэт я паступаў ужо дастаткова сталым музыкантам, — распавядае Генадзь Панцеляймонавіч. — Таму што, па-першае, дагэтуль займаўся на фартэпіянным факультэце. Па-другое, мая адукацыя пашыралася за кошт працы ў філармоніі. У Маскоўскай філармоніі практыкавалася наступнае: дзесьці за гадзіну да пачатку канцэрта ў фае праходзілі лекцыі. У куточку стаяў раяль, лектар расказваў пра тую праграму, якая прагучыць, а я выконваў фрагменты музыкі. А дагэтуль я ўжо гадоў з 14-ці заўзята наведваў усе канцэрты і ўсе рэпетыцыі — усіх дырыжораў, як добрых, так і дрэнных. І гэта таксама дапамагала мне выходзіць за межы праграмы.Партытуру трэба вучыць вачыма, без раяля. Мне пашанцавала, бо я так развучваў фартэпіянныя творы. А іграў іх толькі потым, адразу на памяць.Таму зараз пакажыце мне любыя ноты — я іх хутка вывучу вачыма. Толькі адкрываю партытуру — і адразу чую, як яна гучыць. Гэтак жа і тэмп — таксама вызначаю вачыма. На жаль, так робяць не ўсе: існуе і іншы метад. Дырыжоры дый увогуле выканаўцы вывучаюць твор, слухаючы яго запіс. Але я раіў бы слухаць запісы толькі пасля таго, калі сам сыграў з аркестрам. Твор павінен цалкам прагучаць у табе самім, на тваёй уласнай “кружэлцы”. Усе тэмпы, адхіленні ад тэмпу, усе галасы, усё, што ёсць каштоўнага ў партытуры, — усё павінна быць зроблена ўласнымі намаганнямі”. 

ВА!

Што-што, а здзіўляць Праватораў умее.

Па-першае, самімі праграмамі канцэртаў. Пры выбары твораў ён арыентуецца не на густы публікі ды “раскручанасць” пэўных імёнаў і стыляў — Генадзь Панцеляймонавіч любіць прапаноўваць штосьці новае. І заўсёды высокапрафесійнае.

Па-другое, Праватораў заўсёды здзіўляе сваімі інтэрпрэтацыямі — нечаканымі, але пераканаўчымі. Памятаю, у Беларускім саюзе кампазітараў павінен быў паказвацца надзвычай мудрагелісты поліфанічны твор. Саліст быў напагатове, а канцэртмайстар штосьці затрымліваўся. За раяль нечакана сеў Праватораў і літаральна “з ліста”, без падрыхтоўкі “прачытаў” найскладаную фактуру і хвацка “закручаную” драматургію, ды яшчэ ў ансамблі з салістам, калі выпадковая памылка — гэта крах. Потым звярнуўся да залы: “Мы зараз сыграем яшчэ раз — “на біс”. Не ведаю, што мяне ўразіла болей: пачатковы “пошук ісціны” ці канчатковы “эталонны варыянт”.

Па-трэцяе, Праватораў умее здзіўляць сваёй асобай. Пяць гадоў таму літаральна “прыхаваў” свой юбілей: ад інтэрв’ю адмаўляўся (“Чаго пра мяне гаварыць? Прыходзьце лепей на канцэрты і спектаклі!”), увогуле цураўся ўсялякай пампезнасці. Дый сама рэчаіснасць для яго — быццам знешняя абалонка, а сутнасць жыцця — там, у музыцы.

Можа, невыпадкова выбраў жонку Тэрэзу сярод прадстаўнікоў такой рэдкай музычнай спецыяльнасці, як арфісты? Дачка, дарэчы, таксама навучаецца ігры на арфе. Арфей і ягоныя “арфы” — гучыць, канешне, рамантычна. А што? Знешне ён, вядома, на Арфея не падобны, а ўнутрана... Такое ўменне здзіўляцца, што ўласцівае Праватораву, бывае хіба ў не сапсаваных цывілізацыяй дзяцей.

“Мае бацькі не былі музыкантамі, — прыгадвае Праватораў, — але паводле генаў яны былі людзьмі папраўдзе музычнымі. Бацьку я амаль не ведаў, а ён, дарэчы, іграў на скрыпцы. У 1930-м яго арыштавалі. За сатырычныя вершы. І больш мы яго не бачылі. Маці была медсястра. Але добра спявала, любіла музыку і вельмі хацела даць мне музычную адукацыю. Мабыць, таму, што ў яе было шмат сяброў-музыкантаў. Я вучыўся ў звычайнай школе і ў музычнай. А калі паступаў у Цэнтральную музычную школу, у трэці клас, яна мне сказала: “Чаго ты будзеш тыя самыя творы іграць? Трэба іншыя”. І за пяць дзён да іспыту я пачаў, тоячыся ад выкладчыка, вучыць новую праграму. Зразумела, не давучыў. На іспыце, чаго тут круціць, іграў дрэнна. Нават спыніўся. І мне паставілі “нездавальняюча”. Але на маці я не крыўджуся — нават наадварот. Бо пасля гэтага я год займаўся самастойна. Піяніна ў мяне тады ўжо было — яго напракат узялі. І калі прыйшоў паступаць ужо ў чацвёрты клас, дык іграў праграму за сёмы. А яшчэ выконваў свой уласны твор. Ды іграў у такім шалёным тэмпе, што ўсе пачалі пытацца, у які ж клас я паступаю”.

ТОРаў

Праватораў — папраўдзе наша “музычная біблія”. Беларусі пашчасціла, што выхаванец Маскоўскай кансерваторыі, музыкант з сусветна вядомым іменем, блізкі сябра і паплечнік Мсціслава Растраповіча, Дзмітрыя Шастаковіча (менавіта Праватораву той даверыў у 1963 годзе сваю оперу “Кацярына Ізмайлава”, і яе запіс быў уганараваны Гран-пры і залатым медалём на конкурсе ў Парыжы) звязаў свой лёс з усімі нашымі вядучымі калектывамі. У розныя гады ён быў галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, Мінскага духавога аркестра “Няміга”, сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

А колькі новых беларускіх партытур упершыню загучалі дзякуючы менавіта яго дырыжорскай палачцы! Сярод самых буйных — опера “Візіт дамы” Сяргея Картэса, балеты “Страсці” (“Рагнеда”) Андрэя Мдзівані, “Мефіста” Уладзіміра Кандрусевіча, сімфоніі Дзмітрыя Смольскага.

Бы чараўнік, ён ажывіў “мёртвыя” ноты і данёс да слухача не толькі тое, што было закладзена ў партытуры кампазітарамі, але і тое, што знайшоў там сам — “паміж нотамі”.

Ды ўсё ж галоўны ўнёсак майстра ў нашу культуру — гэта нацыянальная дырыжорская школа. Сярод яго непасрэдных выхаванцаў — дырыжоры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Вячаслаў Воліч, Іван Касцяхін, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктар Бабарыкін і іншыя. Самае цікавае, што ўсе яны — абсалютна розныя і па мануальнай тэхніцы, і па выканальніцкай манеры: Генадзь Панцеляймонавіч не “забівае” сваім аўтарытэтам, а, наадварот, высвечвае творчую індывідуальнасць кожнага. Дый нацыянальную дырыжорскую школу ён фарміруе не толькі ўласна выкладчыцкай дзейнасцю, але і кожным сваім выхадам на сцэну і проста да аркестра. Можа, такая энцыклапедычнасць ведаў, шырыня поглядаў, прага да ўсяго новага і цікавага перадалася Праватораву калісьці ад яго выкладчыкаў?

“Сярод маіх выкладчыкаў я вызначыў бы, у першую чаргу, Аляксандра Барысавіча Гальдэнвейзера. Гэта быў вялікі чалавек, я параўнаў бы яго са стрыжнем, без якога развалілася б мая далейшая музычная адукацыя. Бо ён пакінуў самы вялікі след і, што вельмі важна, яшчэ на пачатковым этапе. Я вучыўся ў яго дзесяць гадоў ігры на раялі. Але метад яго аналізу фартэпіянных твораў потым з усімі падрабязнасцямі выкарыстоўваў у аркестры. Як і тое, каб у акордах былі чутны ўсе гукі — не тры з шасці, бо астатнія кудысьці “зніклі”, а ўсе шэсць! У яго былі цікавыя філасофскія погляды. Ён нават напісаў кнігу пра Талстога, сябрам якога быў, і ягонае светаадчуванне фарміравалася пад уздзеяннем вялікага пісьменніка. Пра Гальдэнвейзера можна расказваць бясконца, бо ён быў нібы адасоблены сусвет. Нават у 80 гадоў быў поўны энергіі, іграў з аркестрам канцэрт Моцарта ў Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі. Праўда, яму гэта было ўжо цяжка, але ён пераадольваў сябе, хібы памяці, і смела браўся за выкананне, дзякуючы ўласнаму метаду аналізу тэксту”.

Што ж да энергетыкі, дык кандыдат мастацтвазнаўства Алена Лісава піша, што “Праватораў “паказвае” не тэмп руху, а яго энергетыку, ток гукавых цягаценняў, драматызм пераадолення і дасягнення мэты”.

Пра тэмперамент Праваторава ходзяць легенды. Кажуць, знайшла неяк прыбіральшчыца зламаны дырыжорскі пульт — і давай плакацца: гэта што ж за вандалы тут хуліганілі? А ёй — цішэй-цішэй: гэта Праватораў рэпеціраваў.

“Самае галоўнае пры рабоце з партытурай — вызначыць тэмп. І што для гэтага трэба — мабыць, толькі чараўнік ведае...”

Дык пажадаем шаноўнаму юбіляру таго чараўніка, які верне яму пасля цяжкой хваробы спрынтарскія тэмпы на марафонскія дыстанцыі далейшай жыццёвай партытуры, у якой яшчэ будзе многа-многа захапляючых тактаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА

P.S. У матэрыяле выкарыстаны фрагменты размоў з Генадзем Праваторавым, запісаныя студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімірам Авадком пад час заняткаў у класе.