Канвенцыі і заканадаўства

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

26 — 28 красавіка ў Мінску, у зале пасяджэнняў Выканкама СНД адбылася Міжнародная канферэнцыя “Канвенцыі ЮНЕСКО ў галіне аховы культурнай спадчыны і нацыянальнае заканадаўства дзяржаў-удзельніц СНД”. Канферэнцыя праводзілася Нацыянальнай камісіяй РБ па справах ЮНЕСКО, Міністэрствам культуры РБ, Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры, Інстытутам дзяржавы і права НАН Беларусі пры падтрымцы Бюро ЮНЕСКО ў Маскве. Садзейнічанне яе арганізацыі і правядзенню аказалі Міжпарламенцкая Асамблея дзяржаў-удзельніц СНД і Выканаўчы камітэт СНД.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся: намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Грыдзюшка, дырэктар Бюро ЮНЕСКО ў Маскве Дэндэў Бадарч (ён зачытаў ліст намесніка генеральнага дырэктара ЮНЕСКО Франсуазы Рыўер), старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Здановіч, намеснік начальніка экспертна-аналітычнага ўпраўлення Сакратарыята Савета Міжпарламенцкай Асамблеі СНД Канстанцін Пшанко і намеснік дырэктара Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Сафаралі Гуломаў.

Канферэнцыя была прысвечана праблемам гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства ў галіне аховы культурнай спадчыны ў краінах СНД з фундаментальнымі прынцыпамі міжнароднага права, агульнымі прынцыпамі міжнароднага публічнага права і міжнароднымі стандартамі і інструментамі ЮНЕСКО, выпрацаванымі для аховы культурных каштоўнасцей. Галоўнай мэтай канферэнцыі было абмеркаванне шляхоў укаранення асноўных палажэнняў канвенцый ЮНЕСКО (перш за ўсё — Канвенцыі аб абароне культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту (1954 г.) і двух пратаколаў (1954 і 1999 гг.), Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003 г.), Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 г.)) у нацыянальныя заканадаўствы дзяржаў-удзельніц СНД. Праграма ўключала пленарнае пасяджэнне і тэматычныя “круглыя сталы”, прысвечаныя эфектыўнаму выкарыстанню і папулярызацыі вышэйназваных канвенцый, а таксама Канвенцыі аб мерах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконнага ўвозу-вывазу і перадачы права ўласнасці на культурныя каштоўнасці (1970 г.). Абмяркоўвалася мэтазгоднасць далучэння дзяржаў-удзельніц СНД да Канвенцыі УНІДРУА “Аб скрадзеных і незаконна вывезеных культурных каштоўнасцях” (1995). Грунтоўна распавялі аб саміх канвенцыях, а таксама пазнаёмілі прысутных з інтэгратыўным падыходам Сакратарыята ЮНЕСКО да імплементацыі (укаранення) базавых палажэнняў канвенцый у заканадаўствы далучаных да іх краін праграмны спецыяліст аддзела па агульнай палітыцы і статусных нарадах Цэнтра Сусветнай спадчыны ЮНЕСКО Ян Хладзік і загадчык секцыяй музеяў і культурных аб’ектаў Сакратарыята ЮНЕСКО Ларан Леві-Строс. Канферэнцыя сабрала разам прадстаўнікоў ЮНЕСКО і міжнародных экспертаў, супрацоўнікаў міністэрстваў культуры і замежных спраў, вядучых навукоўцаў і дасведчаных у галіне аховы культурнай спадчыны юрыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджана, Кыргызстана, Таджыкістана. Ажыўленыя дыскусіі выклікалі наступныя пытанні: прывядзенне тэрміналогіі нацыянальнага заканадаўства дзяржаў-удзельніц СНД у адпаведнасць з міжнароднымі патрабаваннямі і нормамі, уключэнне асноватворчых палажэнняў канвенцый ЮНЕСКО ў нацыянальныя законы аб культуры і ахове культурнай спадчыны, стварэнне адзінай платформы для стасункаў паміж краінамі, якія маюць на мэце рэалізацыю асноўных палажэнняў заканадаўчых актаў ЮНЕСКО. Вынікам канферэнцыі сталі калектыўна выпрацаваныя рэкамендацыі краінам-удзельніцам СНД па ўдасканаленні іх заканадаўства, якія маюць на мэцестварыць адзіную прававую прастору для эфектыўнай аховы культурнай спадчыны і папярэджвання страт культурных каштоўнасцей.


У межах канферэнцыі 28 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі, якая сведчыць аб уключэнні Архітэктурна-культурнага комплексу рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы ў Спіс сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны ЮНЕСКО.

Наш кар.