“Уся Хатынь гарэла...”

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Відаць, кожны, хто хоць аднойчы пабываў на мемарыяльным комплексе “Хатынь”, не забудзе гэтай цішыні, дзе толькі звон раз у паўхвіліны не парушае яе, а нагадвае. Звон сярод цішыні, мармуру і апошняга сакавіцкага снегу, у якія, бы на паперу, запісана-запомнена рукамі стваральнікаў мемарыяльнага комплексу і Памяццю народа трагедыя гэтай — адной з соцень знішчаных у гады вайны — вёскі. Ці можа і сёння так жа востра балець гэтая Памяць? Можа, калі і праз дзесяцігоддзі словы сведчанняў гучаць выракам нелюдзям… Можа, калі не прыпыняецца ланцужок, па якім перадаецца — ужо генетычна — страшнае полымя Хатыні… Можа, калі мы вяртаемся зноў і зноў у 22 сакавіка 1943 года…

 /i/content/pi/cult/200/2272/Hatyn1.jpg
Сёлета спаўняецца 40 гадоў з моманту заснавання сусветна вядомага мемарыяла… Заўтра — 66 гадоў з таго страшнага дня, 22 сакавіка 1943 года, калі фашысцкімі карнікамі была спалена разам з жыхарамі Хатынь.

Нядаўна Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь сумесна з Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, Дзяржаўным мемарыяльным комплексам “Хатынь” і Цэнтральным архівам Камітэта дзяржаўнай бяспекі краіны быў выдадзены зборнік дакументаў і матэрыялаў “Хатынь. Трагедыя і памяць”. Ён змяшчае паказанні сведкаў, карнікаў, дакументы як пра саму хатынскую трагедыю, так і пра ўзвядзенне мемарыяла.

Мы выбралі толькі некалькі фрагментаў з гэтых дакументаў, пераклаўшы іх на беларускую мову…

З пратакола допыту сведкі Іосіфа Камінскага, 31 студзеня 1961 г.:
“<…> 21 сакавіка 1943 года, у нядзелю, у вёску Хатынь прыехала шмат партызан, назвы атрада і брыгады я не памятаю. Пасля начлегу, раніцай яшчэ было цёмна, большая частка іх выехала з нашай вёскі. У сярэдзіне дня, г.зн. у панядзелак 22 сакавіка 1943 года, я, знаходзячыся дома ў вёсцы Хатынь, пачуў страляніну каля вёскі Козыры, якая знаходзіцца ў 4—5 км ад Хатыні…
Не памятаю дакладна, здаецца, у 15 гадзін дня партызаны вярнуліся <...>. Праз гадзіну-паўтары нашу вёску сталі акружаць немцы, пасля чаго паміж імі і партызанамі завязаўся бой <…>. Партызаны пасля гадзіннага бою, прыкладна, адступілі, а салдаты нямецкіх войск сталі збіраць падводы і грузіць на іх маёмасць. З ліку жыхароў Хатыні яны ўзялі ў падводчыкі толькі аднаго Рудак Стэфана Аляксеевіча <…>. Астатніх жыхароў пачалі зганяць у пуню, якая месцілася ў 35-50 метрах ад майго дома, <…> маю пуню <…>.Да мяне ў дом спачатку зайшлі 6 карнікаў, якія размаўлялі на ўкраінскай і рускай мовах. Апрануты яны былі— трое ў нямецкай форме, а астатнія, іншыя тры карнікі, у якіхсьці шынялях шэрага колеру <…>. Усе яны былі ўзброены вінтоўкамі. Дома тады былі я, мая жонка Адэлія і чацвёра дзяцей ад 12 да 18 гадоў. Я стаў на калені, яны ў мяне спыталі, колькі было партызан <…>.
<…> Мяне і майго сына Вячаслава два карнікі пагналі ў маю пуню. Калі прыйшоў у пуню, то там ужо былі чалавек 10 грамадзян, у тым ліку мая сям’я <…>. Людзей працягвалі зганяць у гэтую пуню, і яна праз непрацяглычас была зусім запоўнена, што нават нельга падняць рук. Памер пуні 12х6, у яго загналі чалавек сто сем маіх аднасяльчан. З пуні, калі адкрывалі дзверы і заганялі людзей, было бачна, што многія дамы ўжо гараць. Я зразумеў, што нас будуць расстрэльваць, і сказаў жыхарам, якія знаходзіліся побач са мной: “Маліцеся Богу, таму што тут памруць усе”. На гэта карнік, які стаяў ля дзвярэй, адказаў: “Іконы тапталі, іконы палілі, мы зараз вас спалім”. Гэтыя словы карніка мне асабліва запомніліся, бо ў пуню былі сагнаныя мірныя жыхары, сярод іх шмат малых дзяцей і нават немаўлят, а астатнія — у асноўным жанчыны, старыя. Пры адных успамінах пра іх у вачах узнікае страшная карціна гэтага жудаснага факта знішчэння людзей…
Асуджаныя на смерць людзі, у тым ліку я і члены маёй сям’і, моцна плакалі, крычалі. Адчыніўшы дзверы пуні, карнікі сталі расстрэльваць з кулямётаў, аўтаматаў і іншай зброі грамадзян, але стральбы амаль не было чутна з-за моцнага ляманту людзей. Я са сваім 15-гадовым сынам Адамам апынуўся каля сцяны. Забітыя грамадзяне падалі на мяне, яшчэ жывыя мітусіліся ў агульным натоўпе, нібыта хвалі, лілася кроў з раненых і забітых. Абваліўся дах, які гарэў, страшнае, дзікае скавытанне людзей яшчэ больш узмацнілася <…> Мне ўдалося з-пад трупаў і людзей, якія гарэлі, выбрацца і дапаўзці да дзвярэй. Тут жа ўзгаданы мной вышэй карнік <…> з аўтамата выстраліў па мне, у выніку я аказаўся раненым у левае плячо <…> .
Мой сын Адам, абгарэўшы, невядома як выскачыў з пуні, але ў метрах 10 ад пуні, пасля выстралаў, упаў. Я, ранены, каб не страляў болей па мне карнік, ляжаў без рухаў, прыкінуўшыся памерлым, але частка даху, што гарэў, упала мне на ногі, і ў мяне загарэлася вопратка. Я пасля гэтага пачаў выпаўзаць з пуні, узняў трошкі галаву, убачыў, што карнікаў у дзвярах ужо няма <…> У мяне былі абгарэлыя задняя частка цела і рукі. Ляжаў я зусім разуты, бо зняў гарэўшыя валёнкі, калі выпаўз з пуні. Лежачы на снезе ў лужыне крыві, <…> якая змяшалася са снегам.
 /i/content/pi/cult/200/2272/Hatyn2.jpg

Хутка я пачуў сігнал да ад’езду карнікаў, а калі яны трошкі ад’ехалі, мой сын Адам, які ляжаў непадалёк ад мяне, у метрах, прыкладна, трох, паклікаў мяне да сябе, каб выцягнуць з лужыны. Я падпоўз, прыпадняў яго, але ўбачыў, што ён перарэзаныкулямі папалам. Мой сын Адам яшчэ паспеў спытаць: “А ці жыва мама?” — і тут жа памёр. Я сам падняцца і рухацца не мог, але хутка падышоў да мяне мой швагер Яскевіч Іосіф Антонавіч, які пражываў на хутары за паўтара прыкладна кіламетра ад Хатыні, і адвёў да сябе дамоў, больш дакладна, нёс на сабе. Хатынь ужо цалкам дагарала.
Гэта было ўвечары 22 сакавіка 1943 года, калі змяркалася…”
З пратакола допыту сведкі У.А. Яскевіча, 10 лютага 1961 г.:
“Партызаны пачалі сыходзіць <…>. Я таксама, будучы 12-ці гадовым хлопчыкам, пабег з імі, ведаючы, што нямецкія карныя войскі паляць вёскі і мірных жыхароў. Адбегшы ад вёскі метраў трыста ў бок вёскі Мокрусь, я залез у яміну, дзе раней захоўвалася бульба, і там сядзеў.
Што рабілі карнікі,я не бачыў <…>. Мне толькі былі бачныя пажары і вялікі дым. Затым зноў пачалася моцная страляніна, асабліва былі чутныя кулямётныя чэргі.Я настолькі разгубіўся, што нават не чуў крыку і плачу людзей… Мне падавалася, што ўсё навокал гудзе, шуміць. Я плакаў, хоць і не ведаў, што ў вёсцы знаходзяцца жыхары, у тым ліку мае бацькі. Мне чамусьці думалася, што ўсе збеглі з вёскі ў лес <…> .Праз, прыкладна, паўгадзіны я пачуў сігнал трубы. Зразумеў, што карнікі з’язджаюць. Трошкі пасядзеўшы ў яміне, вылез і ўбачыў, што ўся цалкам вёска Хатынь гарэла”.
З паказанняў падсуднага У. А. Мялешкі на пасяджэнні Ваеннага трыбунала Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, 13 мая 1975 г.:
“<…>Усяго на Хатынь тады наступала 150—160 паліцэйскіх нашага батальёна (118-ты паліцэйскі ахоўны батальён. — Д.А.) і 100 чалавек эсэсаўцы (батальён СС “Дзірлевангер.” — Д.А.) <…>. Як я зразумеў, мы сталі рухацца ў накірунку Хатыні ў сувязі з тым, што ў той бок сышлі партызаны.
Я са сваім узводам рухаўся ў гэтым накірунку, які ўказаў камандзір роты Вінніцкі. У гэтым жа накірунку рухаліся і іншыя паліцэйскія. Як толькі мой ўзвод выйшаў з лесу, паблізу аказалася вёска, з якой пачалі ўцякаць людзі. Хто былі гэтыя людзі — мясцовыя ці партызаны, — не ведаю. Камандзір роты Вінніцкі загадаў адкрыць агонь па людзях, якія ўцякалі і па самой вёсцы <…> Калі ўвайшлі ў вёску, то паступіла каманда — усіх жыхароў Хатыні сабраць у цэнтр вёскі. Такую каманду я атрымаў ад Вінніцкага і, у сваю чаргу, даў загад свайму ўзводу. Мае падначаленыя сталі хадзіць па дамах і выганяць людзей. Я асабіста знаходзіўся на вуліцы, кантраляваў дзеянні падначаленых. Сам жа ў дамы не заходзіў і людзей адтуль не выганяў.Людзей збіралі на вуліцы ў цэнтры вёскі, дзе знаходзілася камандаванне батальёна і эсэсаўцы. Затым я атрымаў ад Вінніцкага каманду канваіраваць <…> жыхароў — старых, жанчын і дзяцей — да пуні, якая стаяла недалёка. Я такі загад даў камандзірам аддзяленняў Лакусце і Катруку, якія пачалі з падначаленымі канваіраваць жыхароў да пуні.
 /i/content/pi/cult/200/2272/Hatyn3.jpg
Іосіф Камінскі ў Хатыні. 1971 г.
Людзей загналі ў пуню, дзверы зачынілі. Стала ясна, што іх будуць знішчаць. Непасрэдна ў пуню я людзей не заганяў і не загадваў гэта рабіць сваім падначаленым. Па загадзе Вінніцкага я выставіў у ачапленне пуні паліцэйскіх свайго ўзводу. У ачапленні знаходзіліся і іншыя карнікі. Там жа, побач з пуняй, знаходзіліся Смоўскі, Васюра, Кернер і іншыя. Я нядоўга пабыў каля іх, а затым па ўказанні Вінніцкага пайшоў да сваіх падначаленых у ачапленне.
Тут загарэлася пуня з людзьмі. Падпаліў яе перакладчык штаба Луковіч. Людзі ў пуні сталі крычаць, маліць аб літасці, чулася скавытанне, жахлівая была карціна, страшна было слухаць. Выламалі дзверы пуні, выскачыў чалавек у полымі. Тады Кернер загадаў адкрыць па пуні агонь. Мне такі загад даў Вінніцкі, а я перадаў яго сваім падначаленым.
Усе карнікі, якія стаялі ў ачапленні, пачалі страляць у людзей, што знаходзіліся ў пуні, стралялі і з двух станковых кулямётаў…
Я асабіста не страляў, хоць у мяне і была вінтоўка СВТ, я не мог страляць у бяззбройных, непавінных людзей. Усе сагнаныя ў пуню людзі — у асноўным жанчыны, старыя і дзеці — былі расстраляны і спалены <…>. Гэта было 22 сакавіка 1943 года...”
З данясення камандзіра 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна начальніку СС і паліцыі Барысаўскага павета аб нападзенні партызан у в. Губы і знішчэнні в. Хатынь, 12 красавіка 1943 г.:
“<…> Для пераследавання… праціўніка былі накіраваны больш буйныя сілы, у тым ліку часткі батальёна СС “Дзірлевангер”. У гэты час праціўнік адступіў у вядомую прабандыцкі настроеную вёску Хатынь. Вёску акружылі і атакавалі з усіх бакоў. Пры гэтым праціўнік аказаў упартае супраціўленне з усіх дамоў вёскі, так што нават прыйшлося прымяніць цяжкую зброю<…>. У ходзе бою разам з 34 бандытамі было забіта шмат жыхароў. Частка з іх загінула ў полымі пажару <…> .Кернер, маёр шуцпаліцыі.”

Як сведчаць дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі нашай краіны, у знішчэнні жыхароў вёскі Хатынь прынялі ўдзел 118 паліцэйскі ахоўны батальён і батальён СС “Дзірлевангер”.

118 паліцэйскі ахоўны батальён сфарміраваны восенню 1942 года ў Кіеве. У тым ліку ў яго ўваходзілі заходнеўкраінскія нацыяналісты. Так сведчыцца ў каментарыях да зборніка “Хатынь. Трагедыя і памяць”. Напрыканцы 1942-га батальён быў перакінуты ў Беларусь…

Асобы батальён СС “Дзірлевангер” першапачаткова называўся “камандай браканьераў Араніенбург” і фарміраваўся са зняволеных, асуджаных за браканьерства. У лютым 1942 года ён быў перакінуты з Польшчы ў Беларусь, дзе атрымаў папаўненне з ліку паліцэйскіх.

Камандавалі абодвума батальёнамі нямецкія афіцэры. Згодна з дадзенымі Акта жыхароў вёскі Селішча Каменскага сельсавета Плешчынецкага раёна Мінскай вобласці аб спаленні вёскі Хатынь і яе насельніцтва, прыведзенага ў кнізе, 150 чалавек былі па-зверску закатаваны і спалены пад час аперацыі батальёнаў. А ў ачапленні, насуперак данясенню Кернера, было забіта толькі трое партызан.

У Беларусі, сведчаць дакументы зборніка “Хатынь. Трагедыя і памяць”, падраздзяленнямі батальёна “Дзірлевангер” знішчана каля 200 вёсак і забіта больш за 120 тысяч чалавек.


Падрыхтавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА
 

Выказваем падзяку за прадстаўлены матэрыял загадчыку аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва Беларусі Віталю Скалабану.