Як грошы зарабіць і на што іх патраціць?

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

За “круглым сталом” “К” — пра дыферэнцыяцыю культурна-эканамічных падыходаў у Горацкім раёне.

Выснова пра тое, што састарэлыя стэрэатыпныя падыходы ў наладжванні культасветработы сёння не спрацоўваюць, не проста надзённая, яна — праграмная для ўстаноў культуры, якія спрабуюць сцвердзіць сваю эканамічную самадастатковасць. Натхненне, безумоўна, не прадаецца і няма кошту ў духоўнасці, але выніковасць дзейнасці клубаў і бібліятэк вымяраецца цяпер не толькі гучнасцю апладысментаў ці аб’ёмамі кнігавыдачы. Інакш — не выжыць.Таму любая інавацыя, якая эканамічна падмацоўвае штодзённыя духоўныя памкненні ўстаноў культуры, гарантуе іх заўтрашнюю запатрабаванасць і пэўную матэрыяльную бяспеку. Будуць якаснымі паслугі — гэтак жа гарантаванымі стануць і пазабюджэтныя паступленні. Натуральна, шлях няпросты — пошукі крэатыву вымагаюць прафесіяналізму ды неабыякавасці — і не ўсё тут атрымліваецца так, як хацелася б.

Наша рэдакцыя распачынае серыю выязных “круглых сталоў” у рамках рубрыкі “Родная зямля: час крэатыву”, пад час якіх у кожнай вобласці Беларусі будуць абмяркоўвацца надзённыя пытанні развіцця нашай культуры. Першы “круглы стол” прысвечаны менавіта эканамічным праблемам, і правялі мы яго ў Горацкім раёне Магілёўшчыны. У ім бралі ўдзел начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Анатоль Сінкавец, намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Наталля Карнеева, начальнік аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Жыгун, дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Святлана Міхалькова, дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Кулагіна, эканаміст аддзела культуры Валянціна Мажайская, мастацкі кіраўнік Паршынскага цэнтра культуры Любава Уладыка, дырэктар Ленінскай сельскай бібліятэкі Іна Бялягіна, а таксама народны артыст Беларусі, кампазітар Валерый Іваноў. Мадэратарам “круглага стала” выступіў рэдактар аддзела “К” Яўген Рагін.

 Яўген РАГІН:

— Першы “круглы стол” запланавалі правесці на Магілёўшчыне не толькі таму, што абласное ўпраўленне культуры заўсёды плённа супрацоўнічае з нашай рэдакцыяй, але і па наступнай прычыне: вобласць па выніках мінулага года справілася з асноўнымі паказчыкамі, дасягнула 136-працэнтнага тэмпу росту рэалізацыі платных паслуг у супастаўных цэнах. Канешне, не ўсё ў названай справе ўзорна і шмат яшчэ нявыкарыстаных рэзерваў. І калі браць пад увагу Горацкі раён, дык і тут агульны партрэт рэгіянальнай культуры, як думаецца, складаецца не толькі з пераканаўчых плюсаў, але і з красамоўных мінусаў, якія даводзяць: не памыляюцца хіба толькі тады, калі працуюць без належнага старання...

І, відаць, гэтае старанне вынікае з таго, што Горацкі раён заўжды, прычым не без падстаў, пазіцыянаваў сябе як адзін з цэнтраў сацыяльна-культурнага жыцця вобласці?

Наталля КАРНЕЕВА:

— Так, культурная прастора раёна фарміравалася пад уздзеяннем таго, што ў Горках знаходзіцца вядучая аграрная ВНУ, колішняя земляробчая школа, потым — Сельскагаспадарчая акадэмія... У раёне здавён дзейнічае прынцып “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. Так што няма ў нас дэфіцыту на інтэлектуалаў з акадэмічнай адукацыяй... І культработнікі раёна не могуць не ўлічваць гэтай акалічнасці. У раёне — 51,5 тысячы насельніцтва, 34,3 тысячы — жыхары райцэнтра. Летась мы занялі першае месца ў вобласці па ўсіх паказчыках і раён быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. Сёлета таксама лідзіруем на Магілёўшчыне: пераходны сцяг застаецца ў нас...

Яўген РАГІН:

— Пераканалі, Наталля Васільеўна, што Горацкі раён — адзін з найбольш заможных у вобласці. А колькі грошай з рэгіянальнага бюджэту адлічваеце на развіццё сваёй сацыяльнай сферы, у прыватнасці — на культуру?

Наталля КАРНЕЕВА:

— З 78 мільярдаў рублёў, што выдаткоўваюцца на раён, амаль 70 працэнтаў сродкаў выкарыстоўваецца на ўдасканальванне сацыяльнай сферы: маю на ўвазе адукацыю, асвету і сацыяльную абарону... На развіццё раённай культуры штогод накіроўваецца больш за чатыры мільярды рублёў. Апошнія гады Горацкі раён спрацоўвае з прафіцытам: даходная частка бюджэту перавышае выдаткі, і, будзем спадзявацца, сусветны крызіс нам не пашкодзіць. Дадатковыя асігнаванні, якія зараблялі самі, заўжды звышпланава ўкладаем менавіта ў сацыякультурную сферу.

Валерый ІВАНОЎ:

— Раёну надзвычай пашанцавала!

Наталля КАРНЕЕВА:

— Летась, да прыкладу, 780 мільёнаў пазапланавых грошай выкарысталі на рэканструкцыю басейна ў аграгарадку “Аўсянка”. Не шкадуем сродкаў на рамонт устаноў культуры і на набыццё апаратуры ды абсталявання для клубаў і бібліятэк. Словам, планавыя асігнаванні на культуру заўжды перавышаем. У выніку, колькасць устаноў культуры не зменшылася, а павялічылася. За савецкім часам такога клопату проста не было.

Святлана МІХАЛЬКОВА:

— Сёння ў аграгарадках “Добрая”, “Маслакі” ўзноўлены і ўзнаўляюцца сапраўдныя палацы культуры. У “Копцеўцы” дзейнічае цудоўны Цэнтр культуры, узорная ўстанова культуры ў “Паршына”. Усё створана за апошнія гады, за час рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла.

Аляксандр ЖЫГУН:

—Сетку ўстаноў культуры захавалі, цяпер яе рэфармуем і ўдасканальваем. Менавіта ў нас з’явілася першая ў рэспубліцы дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў, дарэчы, дзейнічае яна на платнай аснове.

Яўген РАГІН:

— Ведаю, што яшчэ адзін горацкі прыярытэт — вакальна-харавая школа.

Наталля КАРНЕЕВА:

— Хоць вопыт яе працы пакуль невялікі, але ўстанова можа пахваліцца не толькі вялікай колькасцю стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аднак і лаўрэатамі самых прэстыжных міжнародных конкурсаў. У адукацыйных установах культуры раёна займаецца амаль 28 працэнтаў нашых школьнікаў, рэспубліканскі паказчык, як вы ведаеце, — 10. Кожны другі падлетак у нас спявае, танцуе ці займаецца рамяством.

Яўген РАГІН:

— Мы гаворым з вамі пра два быццам якасна адрозныя кірункі дзейнасці ўстаноў культуры: выхаванне духоўнасці ў насельніцтва і зарабленне грошай за кошт аказання платных паслуг. Як сумяшчаеце названыя напрамкі?

Наталля КАРНЕЕВА:

— Думаю, разумна сумяшчаем. Гэта рэаліі сённяшняга дня. Калі гэтыя паслугі якасныя, эксклюзіўныя, дык чаму б за іх не атрымліваць адпаведныя грошы. Вось вам прыклад. Адкрыццё 15 гадоў таму школы рамёстваў, пры якой сёння дзейнічае салон-крама “Вясёлка” па рэалізацыі твораў і настаўнікаў, і іх выхаванцаў, пераканала, што нашы культасветнікі на правільным шляху. База гэтай школы — Дом рамёстваў. Жадаючых вучыцца было столькі, што яна займела і новы статус асобнай ад РДР установы, а таксама — новы будынак: колішняе памяшканне майстэрні па рамонце тэлевізараў. Самі адрамантавалі яго, самі пачалі адраджаць рамёствы. На сёння тут — 365 дзяцей, 9 спецыялізацый. Вучні прыходзяць з 10 гадоў, навучаюцца 4 гады, рыхтуюць дыпломную і атрымліваюць не толькі пасведчанне спецыяльнага ўзору, якое пацвярджае пачатковую мастацкую адукацыю, але і прафесію ганчара, разьбяра ці саломкапляцельшчыка. Амаль усе вяртаюцца ва ўстановы культуры раёна. Карысным падаецца і тое, што ў нашых аграгарадках і некаторых вёсках ужо ёсць філіялы дзіцячай школы рамёстваў.

Штомесячная плата за вучобу — 10 тысяч 500 рублёў у горадзе, на сяле — 7 тысяч. Конкурсу няма: бярэм усіх. Аўтарскія праграмы настаўнікаўмайстроў зацвярджаюцца на ўзроўні метадычнага савета па рамёствах, па выяўленчай культуры ў Міністэрстве адукацыі...

Аляксандр ЖЫГУН:

— Словам, падлетак становіцца майстрам, ад рэалізацыі ўласнага твора праз салон атрымлівае пэўныя грошы і вучыцца цаніць сваю працу і наша традыцыйнае мастацтва ўвогуле... Чым не разумнае спалучэнне і духоўнага, і матэрыяльнага?!

Яўген РАГІН:

— Вось гэтага спалучэння, відаць, і не стае тым аддзелам культуры, дзе леташні план па аказанні платных паслуг так і застаўся невыкананым!

Наталля КАРНЕЕВА:

—І яшчэ. Першымі ў рэспубліцы мы пачалі выкарыстоўваць сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на другасную занятасць моладзі не толькі ў сферы адукацыі, але і культуры. Некалькі гадоў запар юнакі і дзяўчаты летам займаюцца народнай творчасцю (40 працэнтаў грошай ідзе на матэрыялы, 60 — на іхні заробак), упрыгожваюць установы культуры, вырабляюць сувеніры, частка якіх разыходзіцца ў час дабрачынных акцый у бальніцах і дзіцячых садках...

Яўген РАГІН:

— Наталля Васільеўна, эфект ад выхавання рублём і мастацтвам — больш чым відавочны... Ці можаце вы сцвярджаць на сёння, што ўстановы культуры Горацкага раёна, не забываючыся на першасны духоўны складнік уласнай дзейнасці, яшчэ і зарабляць навучыліся?

Наталля КАРНЕЕВА:

— Магу! Гэтая дзяржаўная палітыка праводзіцца ў нас не першы год. Усе цяпер цудоўна разумеюць — выніковасць працы, так бы мовіць, самадастатковасць кожнай установы наўпрост залежыць ад умення эканоміць дзяржаўныя сродкі, рэсурсы і ад умення прадаставіць спажыўцу самы шырокі спектр якасных культурных паслуг. Але жыццё не стаіць на месцы, таму і патрабаванні да эфектыўнай дзейнасці клубаў і бібліятэк растуць ледзь не штодня.

Анатоль СІНКАВЕЦ:

— Там, дзе ёсць належная матэрыяльная база, там і грошы навучыліся зарабляць. Не сакрэт, што ёсць у нас на сёння ўстановы культуры, якія патрабуюць і капітальнага, і бягучага рамонту, і неадкладнага набыцця, скажам, музычных інструментаў. Ужо гучала думка, што запатрабаванні жыхароў Горацкага раёна вельмі вялікія. У многіх — хатні кінатэатр, якасная музычная апаратура... Каб быць канкурэнтаздольнымі — нам трэба вучыцца і ўмацоўваць матэрыяльную базу.

Наталля КАРНЕЕВА:

— У горадзе — 10 тысяч персанальных камп’ютэраў, з іх больш за 3 тысячы падключана да Інтэрнету...

Яўген РАГІН:

— З устаноў культуры патрабуюць выкананне планаў, надышоў час, калі і яны самі павінны запатрабаваць прававых і фінансавых гарантый свайго развіцця. Тут таксама павінна быць сістэма... Дарэчы, Валерый Кірылавіч, ваша стаўленне да ўзнятых сёння праблем? Вы родам з Магілёўшчыны, вы творца, таму ваш пункт гледжання на ўзровень філарманічнага абслугоўвання раёна надзвычай для нас цікавы.

Валерый ІВАНОЎ:

— Я пачуў сёння ад Наталлі Карнеевай, што Горацкі раён на ўласную культуру грошай не шкадуе. Гэта, на мой погляд, самае істотнае! Я разумею, што вялікая колькасць сродкаў ідзе на аплату камунальных плацяжоў. Увогуле мне вельмі цікава паслухаць, чым жыве на сёння наша культура, у тым ліку рэгіянальная, сельская. Як, сапраўды, спалучаецца духоўнае выхаванне з зарабленнем грошай?! Вельмі сур’ёзнае пытанне! На першае месца трэба ставіць менавіта густ, якім і выхоўваецца публіка. Тут выключна важны момант спазнання сябе і высокага мастацтва, свайго месца ў ім. Менавіта на гэта, на мой погляд, павінны скіроўвацца па змесце і музейныя выстаўкі, і канцэрты.

Наталля КАРНЕЕВА:

— А сістэма ж гэтая існавала калісьці! Мы чакалі як свята прыезду філармоніі: оперных спевакоў, выканаўцаў класічных твораў, інструменталістаў. І нашы школьнікі, дарослыя, ішлі на гэтыя сустрэчы, дзе распачыналася прафесійная гутарка пра ролю мастацтва і гучала музыка...

Анатоль СІНКАВЕЦ:

— Цалкам згодны, што абласная філармонія сёння не дапрацоўвае. І гэта недаравальна. Мы на абласной калегіі ўпраўлення культуры вырашылі: у другім паўгоддзі на базе Горацкага раёна адкрываецца філіял філармоніі, каб задзейнічаць не толькі Горкі, але і ўсе філарманічныя пляцоўкі ў аграгарадках, а пляцоўкі гэтыя працуюць пакуль не на належным узроўні. Будзем ладзіць не толькі канцэрты, а і музычныя лекторыі. Калі моладзь не будзе ведаць сусветную, айчынную класіку, мы яе проста згубім на бясконцай прасторы тэлевізійнай і эстраднай безгустоўшчыны. Вернемся да старых добрых часін, калі куплены абанемент гарантаваў і асалоду ад планавага спрычынення да мастацтва, і прафесійную эстэтычную асвету.

Наталля КАРНЕЕВА:

— А пакуль гэтую нішу, натуральна, запаўняем уласнымі сіламі: творчасцю самадзейных мастацкіх калектываў і народных майстроў, мастакоў. Імкнемся і кадры для гэтага рыхтаваць адпаведныя. Але гарадскія выпускнікі школ па-ранейшаму не трапляюць у лік мэтавікаў пры паступленні ў ВНУ культуры і мастацтва. Пытанне патрабуе вырашэння.

Валерый ІВАНОЎ:

— Між тым музыказнаўцаў, якія б маглі цікава правесці канцэрт, я ў Беларусі па пальцах пералічу.

Анатоль СІНКАВЕЦ:

— Таму і не дзіва, што плануем стварыць на базе адной з ВНУ Магілёва філіял Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Яўген РАГІН:

— Хацеў бы працягнуць гутарку пра платныя паслугі на сяле. Цікава, якія з іх карыстаюцца найбольшым попытам?

Святлана МІХАЛЬКОВА:

— Анкетаванні на гэты конт праводзім рэгулярна. І ў кожным СК у нас розная колькасць відаў платных паслуг. У адным клубе — два: дзіцячыя танцавальныя вечары і вечары танцаў для моладзі (кадравы патэнцыял, тэхнічнае забеспячэнне не дазваляюць гэты спектр пашырыць). А вось Паршынскі цэнтр культуры прапаноўвае цяпер 12 відаў паслуг. Тамтэйшы народны фальклорны ансамбль “Паршынскія досвіткі” аднавіў шлюбны беларускі абрад, які выкарыстоўваецца цяпер як від платных паслуг на ўрачыстых цырымоніях рэгістрацыі шлюбаў.

Любава УЛАДЫКА:

— Унікальны калектыў! Захаваў спеўную традыцыю Магілёўшчыны, па выканальніцкім майстэрстве фору дасць любым прафесійнікам. Словам, ансамбль з велізарным патэнцыялам. У рэпертуары толькі вясельных песень — больш за 30. Уся наша канцэртная дзейнасць — на гэтых жанчынах... Але цэнтр знаходзіцца не ў вельмі выгадным геаграфічным становішчы — да Горак усяго сем кіламетраў, канкурэнцыі пакуль не вытрымліваем, бо моладзь без цяжкасцяў дабіраецца да райцэнтра. Тым не менш, прывабіць моладзь імкнёмся ўсімі сіламі.

Яўген РАГІН:

— Наколькі ведаю, Любава Васільеўна, леташні план па аказанні платных паслуг вы не выканалі. Не хапіла якіх 200 тысяч. У чым бачацца тут рэзервы? Урэшце, план жа ніхто не здыме...

Любава УЛАДЫКА:

— Можна, да прыкладу, адкрыць на базе цэнтра кавярню і ладзіць тут нейкія камерныя, “хатнія” мерапрыемствы для моладзі. Перспектыва і за развіццём канцэртнай дзейнасці, прычым не толькі ў межах раёна.

Наталля КАРНЕЕВА:

— Нашы самадзейныя калектывы заўжды ўражваюць замежнікаў. У нас ёсць пагадненні з раёнамі Расіі аб культурным супрацоўніцтве. І нас там заўжды чакаюць з канцэртамі. Але як канвертаваць тую валюту, атрыманую ад замежных гастроляў, як “упісацца” ў гэтую прававую прастору?! Экспарт нашых паслуг абсалютна не вызначаны.

Святлана МІХАЛЬКОВА:

— Выйсце бачу ў тым, каб мясцовыя арганізацыі, установы аплачвалі любыя клубныя паслугі (горад да гэтага ўжо “прывучаны”). Патрэбны сацыяльна-творчыя заказы з гарантыяй іх аплаты. Да прыкладу, 5-6 сакавіка па ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна праходзяць справаздачныя-выбарныя сходы і канцэрты, прысвечаныя Дню жанчын. Гаспадаркі тэлефон абрываюць: “Прышліце нам свае калектывы!”. Творчыя стасункі наладжваем на платнай дагаворнай аснове. І гэта для нас у матэрыяльным плане — сапраўднае выратаванне!..

Урэшце, найпершы абавязак супрацоўнікаў Цэнтралізаванай клубнай сістэмы — прагназаваць сітуацыю, прапаноўваць спажыўцу найбольш запатрабаваны від платных паслуг. Да прыкладу, сёння ўжо распрацавалі калькуляцыю на пракат сцэнічных касцюмаў, якія, як паказвае анкетаванне, будуць карыстацца попытам, скажам, у час правядзення карпаратыўных святаў.

Яўген РАГІН:

— Ці цяжка, Валянціна Пятроўна, правесці і “ўзаконіць” новы від паслуг?

Валянціна МАЖАЙСКАЯ:

— Ды ніякіх перашкод тут няма. Усе новыя віды паслуг зацвярджаем у вобласці. Праходзіць тыдзень-паўтара — і новая паслуга пачынае дзейнічаць...

Анатоль СІНКАВЕЦ:

— І гэта выгадна для работнікаў культуры, бо правільнае абгрунтаванне (напрыклад, па энергазатратах, “камуналцы” і г.д.) дае права на ўстанаўленне максімальнага кошту на новую паслугу. І абласны камітэт па цэнах не стварае пры гэтым ніякіх перашкод...

Наталля КУЛАГІНА:

— У свой час вучыліся на асіповіцкім вопыце не толькі зарабляць грошы, але і разумна ўкладваць іх у далейшае развіццё бібліятэчнай справы. Да прыкладу, сёння маем ужо магчымасць і роставыя лялькі зрабіць, і новы від паслуг па віншаваннях дзяцей з днём нараджэння ажыццявіць... Найбольш запатрабаваны від паслуг — новыя камп’ютэрныя тэхналогіі, ксеракапіраванне... Але ўсё тут шчыльна завязана на матэрыяльнай базе. Калі ксеракс састарэлы, дык і аддача ад гэтага віду паслуг ледзь не нулявая. Своечасовае абнаўленне тэхнікі— задача першасная...

Яўген РАГІН:

— Ва ўстановах культуры аграгарадкоў такой праблемы не існуе?

Наталля КУЛАГІНА:

— Бібліятэкі аграгарадкоў, натуральна, у найбольш выйгрышным становішчы, бо тэхнікай забяспечаны самай сучаснай і новай... Калі казаць пра духоўнасць нашых намаганняў, дык ніякім чынам не скіроўваем спажыўца на лёгкае чытво. Камерцыйны фонд — не панацэя. Пастаянна ладзім кніжныя выстаўкі, мэта якіх — выхаванне чытацкага густу сярод самай рознаўзроставай аўдыторыі. Сеня ўжо гучала выснова, што грошы — рэч важная, але, урэшце, не галоўная.

Іна БЯЛЯГІНА:

— Мы яшчэ ў 2002 годзе ўвялі ў практыку нашай установы камерцыйны абанемент. Тады новых кніг атрымлівалі надзвычай мала — недзе сотню асобнікаў за год, і нас камерцыйны фонд на той час вельмі выратоўваў. А летась, скажам, атрымалі амаль паўтары тысячы новых кніжных выданняў... У нас пасёлак маладзёжны, дзейнічае тут каледж, таму сёння асноўную стаўку робім на рэалізацыю камп’ютэрных паслуг: пошук інфармацыі ў базе дадзеных, набор тэксту, сканіраванне, ксеракопія. Балазе, камп’ютэр атрымалі летась. Але часта бываюць затрымкі з ксеракапіраваннем з-за нерэгулярнай пастаўкі расходных матэрыялаў для ксеракса.

Наталля КУЛАГІНА:

— У нас усе бібліятэкі аграгарадкоў маюць камп’ютэры з падключэннем да Інтэрнету.

Анатоль СІНКАВЕЦ:

— Нацыянальны банк у абласным цэнтры мяняе цяпер камп’ютэрны парк, колішняя тэхніка будзе перададзена нам. Будзем размяркоўваць камп’ютэры па бібліятэчных і клубных сістэмах.

Іна БЯЛЯГІНА:

— Поруч з аказаннем камп’ютэрных паслуг насельніцтву, за якімі і бачу будучыню нашай пазабюджэтнай дзейнасці, ніколі не забываемся на сваіх чытачоў: у зоне абслугоўвання іх больш за дзве тысячы. Усе фальклорна-абрадавыя святы ў раёне ладзім у супрацоўніцтве з нашымі клубнікамі і народнымі майстрамі, бо асноўная задача бібліятэкі — не толькі прапаганда нацыянальнай літаратуры, але і развіццё беларускай традыцыі.

Анатоль СІНКАВЕЦ:

— Падводзячы вынікі нашай сустрэчы, яшчэ раз падкрэслю: у вобласці адладжана сістэма культасветработы. Маю на ўвазе і духоўны, і пазабюджэтны яе складнікі. І Горацкі раён тут — не апошні. Менавіта ў ім больш ярка, як мне падаецца, сканцэнтраваны вопыт работы з людзьмі, характэрны для ўсёй Магілёўшчыны. Гэта і кадравая палітыка, і дынаміка ў аказанні платных паслуг. Матэрыяльная база ў рэгіёне таксама неблагая, бо кіраўніцтва Горацкага раёна культуру падтрымлівае заўжды. І кожная яе сфера зарабляе грошы на ўласнае развіццё, сродкі са спецрахункаў аддзела культуры не выкарыстоўваюцца на іншыя патрэбы... Пазабюджэтнай дзейнасці, як ужо казалася за “круглым сталом”, спрыяе пашырэнне сеткі новых тыпаў устаноў культуры. Не магу не згадаць яшчэ раз вакальна-харавую школу, вопыт якой укараняецца цяпер і ў іншых раёнах Магілёўшчыны. А якія кірмашы-аўкцыёны ладзіць раённы Дом рамёстваў!.. Шмат новых форм работы, шмат цікавых відаў паслуг. Аддзел культуры працуе тут на перспектыву. Я проста перакананы, што ў гэтай незаспакоенасці, неабыякавасці — найперш залог выніковай дзейнасці раённай культуры, і ў матэрыяльным, і ў духоўным аспектах.

Яўген РАГІН:

— Дзякуй усім удзельнікам “круглага стала” за актыўнасць і шчырасць. Важным падаецца тое, што сёння мы разважалі не толькі пра вопыт фарміравання культурна-эканамічнай стратэгіі, назапашаны ў раёне, але і аналізавалі прычыны невыканання плана па аказанні платных паслуг у асобных установах культуры рэгіёна. Прыемна, што сельскія работнікі культуры бачаць перспектыву выпраўлення становішча, арыентуюцца ў сітуацыі, неабыякава рэагуюць на праблемы, што замінаюць працаваць з аддачай, шукаюць крэатыў і ў наладжванні новых форм работы, і ў творчай распрацоўцы новых відаў культурных паслуг. Гэтага пошуку вымагае няпросты час, ад гэтага пошуку наўпрост залежыць далейшы лёс беларускай культуры.

Фота Юрыя ІВАНОВА