Тур па Гродне будучыні: спрагназаваць эканамічны эфект

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

Карэспандэнт “К” выправіўся ў Гродна не толькі дзеля таго, каб чарговы раз наталіць вока краявідамі, але і каб уявіць, як яны будуць выглядаць пасля ажыццяўлення грандыёзных задум, ініцыятарамі якіх выступілі мясцовыя ўлады: перадусім гэта рэстаўрацыя Каложскай царквы і Старога Замкa. Да таго ж, меркаванні на дадзены конт даводзілася сустракаць вельмі розныя, часам крытычныя, а вось канкрэтнай інфармацыі — зусім небагата.

Пытанняў узнікала шмат і пад час гэтай камандзіроўкі, прычым звязаны яны былі і з самой рэстаўрацыяй, і з функцыянаваннем турыстычнай інфраструктуры. Але па меры таго, як яны знаходзілі абгрунтаваныя адказы, дадаваліся новыя. Як кажуць, сёе-тое давялося “выпрабаваць” і на сабе.

Своеасаблівым гідам па Гродне будучага стала галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў абласнога ўпраўлення культуры Алена Клімовіч. А месца, адкуль трэба пачынаць знаёмства з горадам, сумневу не выклікала: вядома ж, з наднёманскай кручы, на якой высіцца адзін з найстаражытнейшых беларускіх храмаў.

У рэстаўрацыі фантазіі не месца

І адразу ж — праблемны аспект. У Свята-Барысаглебскай царкве не цяплей, чым на вуліцы. Таму праект рэстаўрацыі прадугледжвае падлогу з падагрэвам. Палохае неаўтэнтычнасцю? Але ж новыя тэхналогіі будуць цалкам схаваныя пад маёлікай, выкананай паводле старадаўніх візантыйскіх узораў, але на сучасным беларускім прадпрыемстве.

Неабходнасць рэстаўрацыі Каложскай царквы была відавочная яшчэ за царскім часам. Але па розных прычынах яна адкладалася “на потым” ажно стагоддзе. І вось, сёлета лёд крануўся.

 /i/content/pi/cult/199/2269/Socium1.jpg
Неўзабаве на гэтым звышскладаным нават для прафесіяналаў аб’екце распачнуцца работы па стварэнні праектна-каштарыснай дакументацыі. Адначасова з імі будзе рыхтавацца дасье на ўключэнне перліны гродзенскага дойлідства ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны UNESCO.

Гэтыя зрухі сталі магчымымі толькі пасля таго, як у працяглых дыскусіях, датычных самой канцэпцыі рэстаўрацыі, была нарэшце пастаўлена кропка. Напрыканцы мінулага года Рада па пытаннях аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняла канчатковае рашэнне адносна будучага выгляду храма. Шмат у чым яго можна назваць кампрамісным.

Нагадаем: сутнасць спрэчак заключалася ў тым, які перыяд мінуўшчыны царквы аднавіць у будучым. Бо за стагоддзі ўласнай гісторыі Каложа неаднаразова змяняла сваё аблічча. Сляды шматлікіх “умяшальніцтваў” будаўнікоў відаць нават няўзброеным вокам: цагляная кладка старадаўняга мура яўна неаднародная.

Знешні выгляд храма ўзору сярэдзіны ХІХ стагоддзя, да апоўзняў (1853 і 1889 гг.), якія знішчылі ладную яго частку, дакладна вядомыя дзякуючы дакументам, мастацкім творам і нават фотаздымкам. А вось якой была царква на самым пачатку сваёй гісторыі, у ХІІ стагоддзі, сёння можна мець хіба гіпатэтычнае ўяўленне.

— А фантазіі ў рэстаўрацыі быць не павінна! — упэўнена Алена Клімовіч.

Такую пазіцыю падзяляе большасць навукоўцаў. Таму ад ідэі адраджэння храма ў візантыйскім стылі, якую выказвалі вернікі Гродзенскай епархіі Праваслаўнай царквы, было вырашана адмовіцца.

— Аднаўляючы помнік архітэктуры, можна адначасова яго і страціць. Страціць як гісторыка-культурную каштоўнасць, — кажа архітэктурны кіраўнік праекта Ніна Емяльянава.

Згаданы раней кампрамісны варыянт заключаецца ў наступным. Тая частка царквы, якая захавалася ад старадаўніх дойлідаў, не спазнае ніякіх зменаў, а вось адноўлены паўднёвы мур будзе мець закамары — паўкруглыя выгіны, уласцівыя праваслаўнай архітэктуры.

— Такім чынам, Венецыянская хартыя па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры не будзе парушана, і мы можам спадзявацца на станоўчае рашэнне камісіі UNESCO, — пераканана Алена Клімовіч.

Па словах Ніны Емяльянавай, аўтэнтычныя муры павінны адрознівацца ад збудаваных наноў нават візуальна: паводле рэстаўрацыйнай этыкі, гэтую грань трэба не нівеліраваць, а наадварот — падкрэсліваць.

Таўшчыня новых муроў дасягне амаль метра, а складзены яны будуць з цэглы, якая паводле сваёй формы паўтарае старадаўнюю плінфу. Ваўкавыскія вытворцы ўжо гатовыя вырабіць невялічкую партыю такой прадукцыі — спецыяльна для рэстаўрацыі.

У кабінеце Ніны Емяльянавай звярнуў увагу на гліняны галаснік. Гэта “вопытны экземпляр”, зроблены зусім нядаўна ў тым самым Ваўкавыску па вобразе і падабенстве рэзанатараў гуку ХІІ стагоддзя. Усяго іх спатрэбіцца каля 250. Цікава, ці ведалі гарадзенскія дойліды, што галаснікі не толькі ствараюць добрую акустыку, але і аблягчаюць канструкцыю будынку? У кожным разе, для Каложы гэта асабліва актуальна.

І ўсё ж спецыялісты сведчаць: чуткі пра магчымасць новага апоўзня значна перабольшаныя. Асабліва пасля “прафілактычных” працаў па ўмацаванні схілу, якія адбыліся не так даўно. Між іншым, каложскі схіл толькі на першы погляд падаецца простым пагоркам: насамрэч гэта складаная інжынерная канструкцыя, амаль поўнасцю схаваная ў тоўшчы зямлі.

— Пакуль гэтыя працы не былі завершаны, пакуль спецыялісты не вынеслі адназначны вердыкт адносна ўстойлівасці схілу, пра пачатак рэстаўрацыі нават гутаркі не вялося, — кажа Ніна Емяльянава.

Вярнуць казармам выгляд замка

Сёння спуск ад Каложы да набярэжнай Нёмана патрабуе базавых навыкаў альпінізму, але ў хуткім часе ён будзе значна спрошчаны: праект рэстаўрацыі прадугледжвае таксама і будаўніцтва лесвіцы. Таму і шлях ад Барысаглебскай царквы да абодвух замкаў зойме лічаныя хвіліны. Балазе, падняцца туды ўжо і цяпер можна па прыгожых сходах, якія праходзяць пад ладна падноўленым нядаўна замкавым мостам.

Сёння шэрыя камяніцы Старога замка не магнетызуюць захопленыя погляды турыстаў. Яно і зразумела: рэнесансавы комплекс, збудаваны за часамі Сцяпана Баторыя, дзе неаднаразова ладзіліся генеральныя Соймы Рэчы Паспалітай, у ХІХ стагоддзі займеў сціплы “казармавы” выгляд і адпаведнае прызначэнне.

Пагадзіцеся, пераўтварыць замак у казармы куды прасцей, чым вярнуць казармам выгляд каралеўскага замка. Архітэктару Уладзіміру Бачкову гэта ўдалося, праўда, пакуль толькі на паперы — у выглядзе праекта. Але яго ўвасабленне ў жыццё запланавана на бліжэйшыя гады.

Рысунак выглядае надзвычай прывабна, але... ці мае ён належнае абгрунтаванне? Або нам прапаноўваюць толькі муляж па гістарычных матывах?

Аўтар працаваў над праектам ажно з 1985 года, унікліва вывучаючы ўсе даступныя гістарычныя крыніцы.

Перадусім, гэта гравюра пачатку XVII стагоддзя, аўтарякой Томаш Макоўскі заспеў твор фларэнційскага дойліда Санці Гучы ў першапачатковым выглядзе. Праўда, у адной дэталі мастак дапусціў памылку: у выніку археалагічных даследаванняў выявілася, што вежа, дзе Баторый любіў папарыцца ў лазні, насамрэч мела не круглую, а квадратную планіроўку. З XVII стагоддзя захавалася і інвентарнае апісанне — канкрэтны і падрабязны дакумент, які адлюстроўваў усе дэталі.

Зрэшты, не заўсёды аўтар рэстаўрацыйнага праекта можа пакласці руку на сэрца і сказаць: “Менавіта так, і ніяк іначай, было ў даўніну”. У такім выпадку ён павінен імкнуцца зразумець, як магло быць, шукаючы аналогіі ў іншых помніках архітэктуры таго перыяду. І гэта праца актыўна вядзецца.

— Праект будзе ўключаць не толькі генеральнае рашэнне, — кажа Уладзімір Бачкоў. — Абгрунтавання патрабуе літаральна кожная дэталь: скажам, пластыка абрамлення вокнаў. Мы вызначылі не толькі іх габарыты і форму, але і здолелі з вялікай ступенню верагоднасці ўзнавіць знешні выгляд.

Задуму аднавіць замак у першасным выглядзе сёй-той ужо паспеў ахрысціць кплівым словам “навадзел”. Як ні дзіўна, архітэктар з такім эпітэтам згодны. Але пры гэтым лічыць, што яго семантыка патрабуе пэўнага ўдакладнення:

— Ведаеце, любая рэстаўрацыя — гэта, у пэўнай меры, “навадзел”. Бо калі арыгінальны будынак зберагчы не ўдалося, што яшчэ застаецца рабіць? Справа хіба ў тым, ці мае гэты “навадзел” адпаведны навуковы базіс. У нашым выпадку праект грунтуецца на шматгадовых комплексных даследаваннях з удзелам многіх навукоўцаў. І выпадковасцяў у ім не будзе.

У госці да Сцяпана Баторыя

Рэстаўрацыйныя працы плануецца праводзіць паэтапна: спярша яны ахопяць браму і мур, потым — палац і ўрэшце — двор з Ніжняй царквой. Таму Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, які з’яўляецца “ўласнікам” абодвух замкаў, не прыпыніць сваёй працы.

Па словах дырэктара музея Юрыя Кітуркі, праблемы з напаўненнем новых залаў цікавымі экспанатамі ўзнікнуць не павінна. Наадварот, музей атрымае доўгачаканую магчымасць выставіць свае скарбы, чыё месца пакуль у фондасховішчах.

А некаторыя памяшканні палаца і не патрабуюць адмысловай экспазіцыі: досыць
 /i/content/pi/cult/199/2269/Socium2.jpg
простааднавіць іх гістарычныя інтэр’еры.

Наведаўшы пакоі караля і вялікага князя ды залу для прыёмаў, паглядзеўшы змястоўную калекцыю зброі і арыгінальныя гравюры Ван Дэйка, прайшоўшы колькі метраў па брукаванцы XVIІІ стагоддзя і дакрануўшыся да камянёў з падмурку Ніжняй царквы, турыст мае дзе перавесці дых. У Старым замку прадугледжана месца для кавярні, у якой дадаткам да кавы стануць прыгожыя краявіды.

Пакінуўшы ўрэшце тэрыторыю замкавага комплексу, варта прайсці якіх пару крокаў — і ты апынаешся ва ўтульным дворыку колішняга палаца Храптовічаў. Гэта ідэальнае месца для камерных канцэртаў. І традыцыя іх правядзення ўжо запачаткаваная.

Новы гаспадар палаца, знакаміты Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі, нават прыдбаў для такіх імпрэзаў адмысловыя крэслы пад колер дахоўкі.

Менавіта дзякуючы канцэртам і выязным мерапрыемствам музей не дазволіў забыць сябе шырокай публіцы: стацыянарнай экспазіцыі ён не мае ажно з 1992 года. Але паколькі доўгая і складаная рэстаўрацыя палаца ўжо завершана, неўзабаве сітуацыя выправіцца. Плануецца, што музей адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў ужо сёлета.

Першая частка экспазіцыі распавядзе пра гісторыю будынка, з якім звязаны некалькі знакамітых шляхецкіх родаў. Прычым асаблівы акцэнт у гэтым расповедзе будзе зроблены на старадаўнія сямейныя традыцыі.

— Распрацоўваючы канцэпцыю асноўнай экспазіцыі, мы імкнуліся паказаць гісторыю рэлігій і хрысціянскіх канфесій праз прызму беларускай культуры, — распавядае дырэктар музея. — Бо яны шчыльна ўзаемазвязаны.

Зазірнуўшы ў фондасховішча, пераканаўся ў тым, што музей мае досыць яркіх экспанатаў, каб бліскуча ўвасобіць гэтую ідэю. Некаторыя з іх унікальныя — напрыклад, фрагмент слуцкага пояса, дзе — згодна з паэтычным радком, але насуперак навуковым даследаванням — выяўлены… той самы васілёк. Недарэмна мясцовыя ўлады не паскупіліся на тое, каб забяспечыць фондасховішча самымі сучаснымі музейнымі тэхналогіямі. Там ёсць што захоўваць!

Адпачыць ад “еўрарамонту”

Далей самы час скіравацца ў яшчэ адзін музей — на гродзенскія вуліцы, якія ўтрымліваюць багатую калекцыю еўрапейскай архітэктуры, прычым самай разнастайнай. Апрача ўзнёслых баракальных касцёлаў, там можна ўбачыць і нямецкую кірху, і сабор у рэтраспектыўна-рускім стылі, і харальную сінагогу з элементамі мадэрну, рэстаўрацыя якой, дарэчы, таксама ў планах. Яшчэ адна з непаўторных адметнасцяў — квартал Новы Свет са сваім драўляным канструктывізмам. Пакуль што ён не стварае ўражанне турыстычнага месца, але... перспектыва пераўтварэння гэтага кутка ў аналаг кракаўскага Казімежа або віленскага Ужупіса здаецца больш чым імавернай. Дзеля гэтага неабавязкова “наводзіць глянец” — трэба толькі вынайсці сваю “фішку”, здатную зрабіць гэтую забудову прыцягальнай для турыстаў. Тады яе “маральная састарэласць” будзе толькі плюсам: каму цікава глядзець на “еўрарамонт”? Зрэшты, такой “фішкай” і можа стаць ідэя пераўтварэння цэнтра Гродна ў “горад-музей”.

Савецкая эпоха ў архітэктуры Гродна пакінула не толькі шэрыя гмахі, якія парушаюць прасторавую архітэктоніку. Адзін з будынкаў тых часоў ужо папоўніў лік сімвалаў горада і гэты статус ніколі не страціць. Гутарка, вядома ж, пра драматычны тэатр. Рамонт тут пакуль яшчэ не скончаны, але яго плён ужо навідавоку: мармуровыя і гранітныя інтэр’еры фае тэатра і ўтульная глядзельная зала не расчаруюць нават патрабавальнага сталічнага гледача, які знайшоў час, каб завітаць на спектакль пасля экскурсіі. Раней яму давялося б памерзнуць у халодную пару або папацець у спёку. Сёння праблемы і з ацяпленнем і з вентыляцыяй ужо вырашаны.

Для турыстаў, якія прыязджаюць у Гродна на цягніку, знаёмства з горадам зазвычай распачынаецца са шпацыру па вуліцы Элізы Ажэшка. А праз лічаныя месяцы непадалёк ад вакзала — у самым зручным для гэтага месцы — паўстане Турысцка-інфармацыйны цэнтр. Яго нястача адчуваецца ў Гродне даволі балюча. Прычым асабліва тымі, хто прыязджае ў горад упершыню. Таму гэты пункт турпраекта “Невядомая Еўропа”, які ладзіць упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама разам з мясцовым аддзяленнем Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза і польскім партнёрам, непазбежна будзе запатрабаваным.

Вядома, калі вандроўнікі даведаюцца пра наяўнасць такога інфацэнтра хаця б дзякуючы кідкай шыльдзе.

Праменад на пусты страўнік

Адным словам, турыст, які наведае Гродна праз колькі гадоў, здолее спатоліць голад на свежыя ўражанні і прагу адпачыць ад будзённасці.

Але што да звычайнага голаду, гастранамічнага, і таго адпачынку, які штосуткі неабходны арганізму… На якаснае, але даступнае задавальненне гэтых элементарных патрэбаў хаця б нязначнай колькасці экскурсантаў інфраструктура горада пакуль не разлічана.

Напярэдадні выезду ў Гродна настрой у мяне быў не самы лепшы. Камандзіроўка апынулася пад пагрозай зрыву: праца спланавана, сустрэчы прызначаны, а заначаваць няма дзе — усе гатэлі забітыя, як той казаў, “пад завязку”. На шчасце, літаральна за гадзіну да адпраўлення аўтобуса хтосьці зняў бронь, і гэтак удалося выхапіць ці не апошні вольны нумар у горадзе над Нёманам. І гэта ў будні дзень, ды яшчэ і ў самы “несезон”! Запытаўшыся ў адміністратара гатэля, чым выкліканы такі ажыятаж, пачуў у адказ, што сітуацыя стопрацэнтнага напаўнення тут досыць звыклая. Яно і зразумела. Трох вялікіх гатэляў, збудаваных яшчэ за савецкім часам, якія цешаць сваімі дэмакратычнымі цэнамі ды засмучаюць парэпаным паркетам і старой мэбляй, для горада яўна замала. Што да некалькіх прыватных... Яны разлічаны на VIP-катэгорыю з усімі наступствамі такога пазіцыянавання для кішэні кліента.

Гістарычныя часткі турыстычных цэнтраў зазвычай стракацяць шыльдамі з прапановамі начлегу на любы густ — ад “пяці зорак з плюсам” і да зусім танных хостэлаў. Першыя пакрысе з’яўляюцца і ў нас, а вось апошнія — дзіва пакуль нябачанае.

Засяліўшыся (калі пашчасціць) у гатэль, падарожнік зазвычай выпраўляецца на шпацыр, абавязковы пункт якога — вячэра ў добрай кавярні.

Спярша з’яўляецца думка адшукаць адпаведнае густу месца дзесьці на старых і вузкіх вулачках непадалёк ад Катэдры. Але пошукі безвыніковыя. Цёмныя і непрыветныя ўвечары гэтыя вулкі. Далей маршрут пошукаў праходзіць праз галоўную плошчу — раней Рынкавую, а цяпер Савецкую.

Рынкавыя плошчы еўрапейскіх гарадоў зазвычай густа аточаныя разнастайнымі кавярнямі, і ўлетку даводзіцца прыкладаць высілкі, каб абмінуць шматлікія столікі на вольным паветры. Але на Савецкай кавярняў наогул няма. Ніводнай! Праменад працягваецца на вялікіх і светлых вуліцах: Замкавай і Савецкай. Але ж вынікі па-ранейшаму несуцяшальныя. І калі зусім згаладалы турыст урэшце набрыдзе на прыстойную карчму ў нацыянальным стылі, яму не выпадае здзіўляцца таму, што ўсе месцы ў ёй ужо занятыя.

Лямус XVIII стагоддзя, пераўтвораны ў аднайменны рэстаран, — для Гродна гэта пакуль што выключэнне з правілаў. Дзіва дый толькі! Тым болей гродзенцы заўсёды вылучаліся сваёй прадпрымальнасцю. Чаму ж тады праблема з кавярнямі і гатэлямі тут стаіць нават вастрэй, чым у іншых абласных цэнтрах?

* * *

Правесці пару-тройку дзён у горадзе, які захаваў сваё еўрапейскае архітэктурнае аблічча і мае багата адметнасцяў... Пагадзіцеся, такое жаданне арыгінальным не назавеш: яно раз-пораз з’яўляецца бадай у кожнага. Таму адпаведныя прапановы карыстаюцца стабільным попытам на рынку турпаслуг.

Толькі вось... Уваходжанне краін-суседак у шэнгенскую зону значна скараціла спіс такіх гарадоў, даступных для шараговага беларуса. Калі яшчэ гады два таму ці не кожны з нас мог дазволіць сабе выправіцца на выхадныя ў Вільню або Кракаў, сёння гэтыя туры папулярнасцю не карыстаюцца: з-за кошту візы яны падаражэлі амаль удвая.

Але ці зменшылася прага да новых уражанняў? Наўрад ці. І пераарыентацыя турыстычных плыняў, якая адбываецца цяпер на постсавецкай прасторы, дае Гродне дадатковыя шанцы рэалізаваць свой патэнцыял.

Маштабнасць праектаў, пра якія вялося вышэй, красамоўна сведчыць аб тым, што кіраўніцтва рэгіёна і ўпраўленне культуры ў прыватнасці гэты патэнцыял усведамляюць. Гісторыка-культурны складнік гродзенскага турызму ўступіў у фазу імклівага развіцця. Але турызм — комплексная з’ява, якая ўключае не толькі прывабныя адметнасці, але і інфраструктуру, маркетынг… Забывацца на гэтую аксіёму не выпадае. Іначай эканамічны эфект грандыёзных ініцыятыў будзе зусім непераканаўчы.

Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гродна — Мінск