Вясна-красна на ўвесь тэатр

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

8 сакавіка, як і планавалася, прайшоў першы канцэрт у адноўленым будынку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Наступны канцэрт адбыўся ўжо праз дзень — 10 сакавіка. Што яшчэ чакае гледачоў у бліжэйшы час? Калі мы ўбачым на сцэне тэатра, начыненай найноўшым тэхнічным абсталяваннем, не толькі канцэрты, але і спектаклі? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да галоўнага дырыжора тэатра, заслужанага артыста Украіны Віктара ПЛАСКІНЫ.

 /i/content/pi/cult/199/2263/Vyasna.jpg
— Віктар Міхайлавіч! Чарговы канцэрт — акурат у дзень выхаду нашай газеты, 14 сакавіка. Яго праграма не зусім, так бы мовіць, тэатральная — хутчэй філарманічная. Бо будуць паказаны не фрагменты са спектакляў, а сімфанічнае пералажэнне “Карцінак з выстаўкі” Мусаргскага, сімфанічна-харавыя творы Рахманінава і Свірыдава.

— Наконт “нетэатральнасці” гэтага канцэрта я з вамі не пагаджуся. Бо, па-першае, на сцэну выйдуць аркестр і хор — цэнтральныя “арганізмы” тэатра. Без іх тэатра папросту няма! Салісты могуць быць запрошанымі (такое, дарэчы, практыкуюць многія трупы свету), а без аркестра і хору не адбудзецца ніводны спектакль (хор можа не ўдзельнічаць хіба ў камернай оперы, але такія спектаклі і прызначаны пераважна для камернай сцэны). Па-другое, самі творы, якія прагучаць у гэтым канцэрце, — тэатральныя ўжо паводле кампазітарскага мыслення.

— Сапраўды, тыя ж “Карцінкі з выстаўкі” ўяўляюць сабой, па сутнасці, цыкл “тэатральных сцэн”, а чымсьці і “мініспектакляў” — ёсць нават гулліва-іранічны “Балет нявылупленых птушанят”, прычым назва “балет” узнікла невыпадкова: п’еса была напісана паводле зробленага мастаком Гартманам эскіза балетных строяў у выглядзе яечных шкарлупінак.

— Не забывайцеся і на тое, што 21 сакавіка — 170 гадоў з дня нараджэння Мусаргскага. А кантата “Вясна”, напісаная 29-гадовым Рахманінавым на словы Някрасава, — гэта светлы, радасны вясновы настрой. Дарэчы, саліраваць будзе народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў. А ў “Курскіх песнях” Свірыдава — яшчэ трое вядучых салістаў нашага тэатра: Наталля Акініна, Эдуард Мартынюк, Васіль Кавальчук. Нарэшце, галоўнае: гэты канцэрт, як і той, які мы правядзем 16-га на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прысвечаны нашаму сусветна вядомаму дырыжору Генадзю Праватораву, якому спаўняецца 80 гадоў. Афіцыйна “Музычным прынашэннем” да юбілею лічыцца толькі філарманічны канцэрт, у якім дырыжыраваць будуць непасрэдныя выхаванцы Генадзя Панцеляймонавіча, але ў душы мы — разам з ім заўсёды. Дадам, што квіткі былі раскуплены адразу, што сведчыць пра цікавасць публікі.

— А калі ўсё ж з’явяцца спектаклі?

— У красавіку. І першым будзе балет “Лебядзінае возера” Чайкоўскага — ужо 3-га красавіка. Убачаць гледачы на новай сцэне і іншыя харэаграфічныя пастаноўкі. Што ж да опер, дык у канцы красавіка адбудуцца канцэртныя выкананні “Набука” Вердзі і “Тоскі” Пучыні з удзелам нашых лепшых салістаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА