Жаночы вобраз скрозь стагоддзі

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Гомельская карцінная галерэя, якая носіць імя народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі, паспяхова працуе ўжо 5 гадоў.

 /i/content/pi/cult/112/226/GalerejaF.jpg

Большая частка гэтай экспазіцыі, дапоўненая творамі Святланы Курашовай і Ларысы Зуевай, адправілася зараз на Украіну, дзе будзе дэманстравацца ў Чарнігаўскім абласным мастацкім музеі ў рамках праграмы супрацоўніцтва прыгранічных абласцей Расіі, Беларусі і Украіны “Еўра Рэгіён Днепр”.

Узамен гэты музей прадаставіў гамяльчанам унікальную магчымасць пазнаёміцца з творамі жывапісу XVII— ХIX стагоддзяў, што знаходзяцца ў яго фондах.

Калекцыя Чарнігаўскага музея налічвае каля васьмі тысяч твораў выяўленчага мастацтва. Яго аснову складае унікальны збор Галаганаў, у якім значнае месца ўдзяляецца партрэтам гэтага знакамітага казацкага роду і іх шматлікіх сваякоў.

На выстаўцы “Жаночы вобраз скрозь стагоддзі”, якая адкрылася 10 красавіка ў нашай галерэі, прадстаўлены 19 твораў жывапісу майстроў украінскага, рускага і заходнееўрапейскага мастацтва XVII — XІX стагоддзяў. Сярод вобразаў — партрэты жанчын, чые імёны навекі засталіся ў гісторыі. У кожнай — свой непаўторны і цікавы лёс, свая місія: “Партрэт Н.Д. Разумоўскай” работы Генрыха Готліба Хойзера, “Партрэт Соф’і Дараган”, “Партрэт Елізаветы Аляксееўны”, “Манашка Нектарыя (партрэт Наталлі Далгарукай)” — работа кісці іераманаха Самуіла.

Цэлая галерэя вобразаў украінак упрыгожвае выставачныя залы. Розумам і энергіяй свецяцца іх прыгожыя вочы. Захоўваючы невялікі фармат і з’яўляючыся ў асноўным пагруднымі, гэтыя партрэты дэманструюць глыбокае веданне народнай псіхалогіі і ўяўляюць сабой прыклады мастацкага асэнсавання народнага быцця.

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць работы, прысвечаныя вобразу Багародзіцы. Цудоўныя і недасягальныя, яны абуджаюць душэўныя хваляванні. Чым больш углядаешся ў яе вочы, тым болей разумееш яе трагічную ахвярнасць, на якую яна дабраахвотна пайшла.Акрамя партрэтаў, на выстаўцы прадстаўлены унікальныя нацюрморты галандскіх і фламандскіх майстроў XVII стагоддзя, сярод якіх — бліскучыя палотны “Нацюрморт з посудам” невядомага мастака, “Рыбы на беразе мора” Абрахама Ван Бейерэна.

Гэтая надзіва прыгожая і цікавая выстаўка была арганізавана дзякуючы актыўнай працы дырэктара Карціннай галерэі Маі Рэмізавай і галоўнага захавальніка фондаў галерэі Алега Курашова, пры падтрымцы Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта, Пасольства Рэспублікі Беларусь на Украіне і Пасольства Рэспублікі Украіна на Беларусі. 

Таццяна БАРЫСАВА, экскурсавод
Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі
Гомель