Рыжая ўсмешка Пэпі Доўгаяпанчоха

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

Напрыканцы сакавіка ўпершыню на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек з’явяцца персанажы шведскай казачніцы Астрыд Ліндгрэн: трупа рыхтуе новы спектакль па матывах любімай аповесці многіх пакаленняў “Пэпі Доўгаяпанчоха”.

Дзяўчынка з рыжымі коскамі сваёй энергетыкай і бязмежнай фантазіяй не аднойчы натхняла творцаў. У савецкія часы Пэпі дэманстравала сваю ўдаласць на кінаэкране, імчалася на дапамогу да Томі і Анікі на дарожках вінілавай кружэлкі, безліч разоў скакала на сваім коніку па сцэнах тэатраў рэспублік Савецкага Саюза.

Пасля такой спадчыны брацца за чарговую інсцэніроўку гісторыі пра рыжую гарэзу цяжка, тут патрабуецца нестандартны аўтарскі погляд на вядомы тэкст і арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне. Новы ключык да старога апавядання адшукала рэжысёр-пастаноўшчык сталічнага Тэатра лялек Святлана Залеская-Бень. Яна ўпэўнена, што ўсе свавольствы Пэпі дапамагаюць выявіць у гэтым персанажы галоўнае: вялікае сэрца, неверагодную моц духу і непаўтаральнае пачуццё гумару.

Пра тое, як адна маленькая дзяўчынка перавярнула з ног на галаву жыццё звычайнага шведскага гарадка, распавядуць маладыя акцёры Валерый Зяленскі, Юлія Марозава і Аляксандр Янушкевіч. Стварыць своеасаблівую атмасферу на пляцоўцы дапаможа музыка фрык-кабарэ-бэнда “Сярэбранае вяселле”, вакалісткай якога, як вядома, з’яўляецца сама рэжысёр.

Разыначкай будучай прэм’еры стане тое, што ў пастановачную каманду ўвайшла сямігадовая Таццяна Шадрына. Нагадаем, што летась тэатр лялек разам з Мінскім гарадскім клубам аматараў тэатра “Таленты і прыхільнікі” правёў конкурс дзіцячага малюнка “Любім тэатр з дзяцінства”. Маленькім удзельнікам прапанавалі папрацаваць над эскізамі лялек, касцюмаў і дэкарацый да будучай пастаноўкі “Пэпі Доўгаяпанчоха”. Менавіта тады пераможцай была прызнана мінская школьніца Таня. Яе малюнкі сталі своеасаблівай крыніцай натхнення для мастацкага афармлення спектакля: мастакі-пастаноўшчыкі Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава выкарысталі ў сваім рашэнні пэўныя дэталі і стылістычныя адметнасці малюнкаў дзяўчынкі.

Зрэшты, у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек плануюць працягнуць падобнае супрацоўніцтва з юнымі прыхільнікамі лялечнага мастацтва. Магчыма, у наступны раз сталічныя лялечнікі аб’явяць конкурс на лепшую музыку да аднаго з будучых спектакляў.

 Н.П. 

Ад рэдакцыі. Дарэчы, 21 сакавіка святкуецца Міжнародны дзень лялечніка. На сусветных тэатральных фестывалях і конкурсах нашы лялечныя тэатры штогод пацвярджаюць высокі ўзровень гэтага віду беларускага сцэнічнага мастацтва. Ад усёй душы віншуем лялечнікаў краіны з прафесійным святам і жадаем ім запамінальных прэм’ер, гучных творчых перамог, дзіцячай непасрэднасці і неабсяжнай любові маленькіх і дарослых гледачоў!