Back in the… “М.@rt.кантакт”

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

Тэатральна-фестывальны сезон на Беларусі традыцыйна распачынаецца вясной. З 22 па 27 сакавіка гасцінны Магілёў у чацвёрты раз сустрэне ўдзельнікаў Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”.

 /i/content/pi/cult/199/2256/Back-in-the.jpg

Сцэна са спектакля “Звер”.

У праграме фестывалю — тэатральныя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Казахстана. Фестывальная афіша “М.@rt.кантакту”, якая традыцыйна прыцягвае ўвагу сваёй нечаканасцю і крэатыўнасцю, сёлета “запраграмавала” для пастаянных удзельнікаў і гасцей фестывалю шэраг сюрпрызаў. Сярод іх — спектакль “Чмо” У.Жарабцова Творчага аб’яднання “Тэатр 19” з Харкава — пастаноўка Чалябінскага тэатра па гэтай жа п’есе два гады таму выклікала на фестывалі сапраўдны “антаганізм” паміж гледачамі і фестывальным журы. Творчая майстэрня тэатра марыянетак з Кіева прывязе спектакль “Сволачы” І.Вілквіста —некалькі гадоў таму магілёўская “Ноч Гельвера” па іншай п’есе гэтага польскага драматурга сабрала нямала ўзнагарод на прэстыжных міжнародных фестывалях.

Яшчэ адно цікавае імя ў праграме форуму — ірландскі драматург Марцін Мак Донах, каго называюць “Шэкспірам ХХ стагоддзя”. Спектаклем “Чалавек-падушка” па яго творы Екацярынбургскі тэатр юнага гледача адкрывае фестывальную праграму. Не менш тэрытарыяльна далёкім для беларускага гледача з’яўляецца Омскі дзяржаўны “Пяты тэатр”, які прывязе ў горад на Дняпры псіхалагічнае шоу “Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі” А.Слапоўскага.

Акрамя таго гледачоў чакаюць “Клепсідра” тэатральнага таварыства Тэатр АПАРТ з польскага горада Катавіцы, “Заўтра была вайна” Б.Васільева Дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава са Смаленска, “Звер” М.Гіндзіна і В.Сінкевіча Новага драматычнага тэатра з Масквы. Упершыню ў праграме “М.@rt.кантакту” бярэ ўдзел калектыў з Казахстана — Незалежны тэатр “АРТ і ШОК” прапануе пастаноўку “Back in the USSR ”.

Не адстаюць ад гасцей фестывалю і айчынныя калектывы. Гаспадары форуму — Магілёўскі абласны драматычны тэатр — прадставяць на суд гледачоў “Жаніцьбу Фігаро” П.Бамаршэ, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з Віцебска прывозіць уганараваную на шэрагу фестываляў пастаноўку “Дадому” А.Паповай у рэжысуры В.Баркоўскага, а сталічны Тэатр “Кампанія” — “Эмігрантаў” С.Мрожака.

Ну і, безумоўна, сёлета “М.@rt.кантакт” не адыдзе ад свайго асноўнага і надзвычай прыцягальнага для прыхільнікаў тэатральнага мастацтва прынцыпу — не абмяжоўвацца адно толькі фестывальна-конкурснымі паказамі. У праграме форуму запланавана мноства цікавых сустрэч, дыскусій, майстар-класаў.

Таццяна КОМАНАВА