Перад пачаткам урачыстага гала-канцэрта Аляксандру Лукашэнку ўручылі сімвалічны ключ ад тэатра, а пасля правялі невялікую экскурсію па рэканструяваным будынку. Кіраўнік дзяржавы агледзеў фае, наведаў рэпетыцыйную залу, пазнаёміўся з працай унікальных механізмаў сцэны. “Мы стварылі суперсучасны тэатр оперы і балета, сцэнічную пляцоўку, якая адпавядае ўсім сусветным стандартам. Такога тэатра на постсавецкай прасторы няма”, — зазначыў пасля агляду Прэзідэнт.
“Калісьці, — зазначыў Кіраўнік дзяржавы, — большая частка грамадства на мяне крыўдзілася, а зараз я хачу задаць пытанне: а калі б я не прыспешыў, што б мы зрабілі за гэты кароткі прамежак часу прыкладна ў пяць гадоў? Мы б пабудавалі Нацыянальную бібліятэку, мы б стварылі суперсучасныя комплексы — спартыўныя, культурныя, відовішчныя, мы, нарэшце, прывялі б у парадак тэатр оперы і балета? Не і яшчэ раз не! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гавораць, што гэта дорага. Паўтару яшчэ раз: не я адзін хацеў, каб наша краіна была суверэннай і незалежнай. А суверэнітэт і незалежнасць дорага каштуюць. Калі мы суверэнны і незалежны, а не нейкая правінцыя нейкай дзяржавы, то ў гэтай дзяржаве трэба ствараць сімвалы суверэнітэту і незалежнасці, тыя аб’екты, якімі мы будзем ганарыцца”.
Са сцэны тэатра оперы і балета Кіраўнік дзяржавы выказаў глыбокую павагу і шчырую ўдзячнасць усім беларускам “за іх працу, якая робіць нашу краіну прыгожым і ўтульным домам, за разуменне і гатоўнасць пераадольваць усе складанасці, што ўзнікаюць на шляху, за давер і падтрымку, якія натхняюць мужчын на дасягненне высакародных мэт”. Ён адзначыў актыўную ролю нашых сучасніц ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы. Так, больш за трэць членаў Савета Рэспублікі і дэпутацкага корпусу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — жанчыны. Яны ж складаюць дзве трэці дзяржаўных служачых у краіне.
У Беларусі з кожным годам павышаецца статус жанчыны-маці і інстытута сям’і. Прыняты меры па павелічэнні выплат пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, дапамог па доглядзе за дзецьмі, прадстаўленню фінансавай падтрымкі маладым і шматдзетным сем’ям, забеспячэнні іх жыллём. Моцная сацыяльная палітыка дзяржавы дае добры вынік: з году ў год у Беларусі расце нараджальнасць. У мінулым годзе на свет з’явілася больш за 90 тысяч дзяцей. “І гэта — самае важнае і важкае дасягненне нашых жанчын, за якое вам нізкі паклон і ўдзячнасць. Без вас не было б нацыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пад час урачыстай цырымоніі ўручыў ордэны Маці чатыром шматдзетным матулям з розных куткоў Беларусі.
Распачаты адразу пасля афіцыйнай цырымоніі святочны канцэрт, прымеркаваны да Дня жанчын, сабраў на абноўленай сцэне тэатра лепшых майстроў мастацтваў краіны. Разам са знакамітымі артыстамі оперы і балета сваё мастацтва паказалі навучэнцы Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа і гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Працяглыя апладысменты выклікалі выступленні гасцей: саліста Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі народнага артыста Расіі Алега Кулько, салістаў балета Дзяржаўнага акадэмічнага Марыінскага тэатра Настассі Петушковай і Андрэя Ермакова.
Святкаванне Дня жанчын стала першай ластаўкай далейшай плённай працы Нацыянальнага тэатра оперы і балета. На сённяшні дзень у адрэстаўраваны будынак пераехалі ўсе службы тэатра. Супрацоўнікі займаюцца адаптацыяй рэпертуару да тэхнічных умоў абноўленай сцэны. Найсучаснае святло- і гукаабсталяванне, новая сцэна, якая трансфармуецца за кошт 21 пад’ёмна-апускной пляцоўкі, паваротнае кола дазволяць добра знаёмым пастаноўкам паўстаць перад гледачамі, так бы мовіць, у новым святле.
Да канца бягучага тэатральнага сезона плануецца адаптаваць 24 оперныя і 18 балетных спектакляў. Адначасова распачнецца праца над будучымі прэм’ерамі. “Па сутнасці, сёння нараджаецца сапраўдны цэнтр музычнага мастацтва, сцэна якога дазваляе ўвасабляць самыя перадавыя ідэі і рашэнні, захоўваць і прымнажаць традыцыі, якія набылі сусветную славу беларускім майстрам оперы і балета”, — падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА