Слуцкі цар на троне з квадрата

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Майстэрства ў інтэлектуальных гульнях у часы глыбокай старажытнасці цанілася высока, бо развівала стратэгічнае мысленне, надзвычай важнае як у паляванні, так і на вайне. Паходжанне гэтай гульні на Беларусі па выніках археалагічных раскопак прасачыў археолаг Леанід Калядзінскі.

Ферзь без скіпетра

Упершыню знайсці след развіцця шахмат на Беларусі атрымалася ў 1966 годзе на старажытным гарадзішчы ў Лукомлі пад час раскопак, якія ўзначальваў Георгій Штыхаў. На глыбіні амаль двух метраў была знойдзена фігурка, выразаная з рога лася. На падстаўцы авальнай формы была змешчана выява мужчыны, які сядзіць “па-ўсходняму” — адна нага пакладзена пад другую крыж-накрыж. Рукі, што таксама былі складзены крыж-накрыж, адрозніваюцца ад манеры, характэрнай для слуг на Усходзе: яны размешчаны на ўзроўні грудзей, што прымушае бачыць у гэтай постаці ўладара, а не парабка. На карысць такой думкі выступае і выява на адной з рук — упрыгожанне кшталту каштоўнага бранзалета. На галаве ў мужчыны — шапачка, магчыма, умоўная выява шлема, бо ўяўна можна разгледзець на ёй заклёпкі, размешчаныя дыяганальна. “Шахматная фігурка, магчыма, кароль”, — першае, што падумалася тады Георгію Васільевічу. Аднак у расійскага даследчыка гісторыі шахмат Ісака Ліндэра ўзнікае сумненне адносна інтэрпрэтацыі гэтай знаходкі. На яго думку, шахматны кароль павінен мець адпаведныя сімвалы ўлады.

 /i/content/pi/cult/198/2246/Hist1.jpg
Наступная падобная знаходка выявілася толькі праз сем гадоў пры археалагічным даследаванні гарадзішча старажытнага Брэста пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі. У 1973 годзе на ўзроўні залягання вулічнай маставой, узведзенай на пачатку 40-х гадоў XIII стагоддзя, у профілі сценкі раскопу школьнікі, што працавалі там, заўважылі нейкі касцяны кружок, амаль правільнай формы. Таццяна Каробушкіна, шматгадовы ўдзельнік брэсцкага археалагічнага атрада, асцярожна дастала з тоўшчы культурнага пласта паясную выяву чалавека з сімваламі вайсковай атрыбутыкі. У левай руцэ мужчына-воін трымае шчыт, у правай — нешта накшталт булавы — рэгаліі княжацкай улады. “У фігуркі, выразанай з косці, твар акруглы, бровы сурова ссунутыя, строгі позірк пукатых вачэй,нос з невялікай гарбінкай, кароткія, апушчаныя долу, вусы і клінападобная бародка, маленькія адтапыраныя вушы, доўгія, прамыя па плечы, валасы”, — такім сказам ахарактарызаваў затым гэтую знаходку П.Ф. Лысенка ў сваёй кнізе “Открытие Берестья”. На галаве ў мужчыны — круглай формы пляскаты капялюш з высокім аколышам, на ўзор тых, што насілі ў Заходняй Еўропе ў XIII стагоддзі. Але, што цікава, уся фігурка была аздоблена шматлікімі цыркульнымі кружочкамі, што, несумненна, сведчыць пра яе шахматную прыналежнасць. Відавочна, што фігура праціўніка не мела такой аздобы, таму гэтую знаходку даследчык інтэрпрэтаваў як выяву караля.

Але ў маскоўскай даследчыцы гісторыі гульняў Старажытнай Русі Алены Рыбінай пасля дэталёвага вывучэння шахматных фігур з раскопак старажытнарускіх гарадоў узнікла сумненне адносна таго, што брэсцкая знаходка — шахматны кароль. На думку навукоўцы, выказанай ёй на старонках часопіса “Советская археология”, шахматны кароль павінен мець свае атрыбуты, а менавіта: карону, меч, скіпетр. Шчыт жа ў каралеўскіх фігурках ніколі не рабілі: ён быў атрыбутам драба — “пехацінца”. Па словах Алены Аляксандраўны, дадзеную фігуру, верагодна, можна атаясамліваць з шахматнай каралевай або нават з пешкай, выкананай у традыцыях заходнееўрапейскага выяўленчага мастацтва. Як ні дзіўна, але далейшыя раскопкі археолагаў пацвердзілі гэтую думку.

Знаходка з ласінага рога

Летам 1986 года на гарадзішчы старажытнага Слуцка пад маім кіраўніцтвам праводзіліся археалагічныя раскопкі на глыбіні больш за тры метры.

“Чалавека знайшлі!” — пачуўся зычны голас з раскопу.

“Які яшчэ чалавек, што за лухта?” — падумалася мне тады.

Але калі праз хвіліну-другую я збягаў па трапе ў раскоп, у поле майго зроку трапіла невялікая скульптура мужчыны, якую трымаў у руцэ мясцовы школьнік Мікалай Барысевіч. Я не верыў сваім вачам. “Кароль, шахматны кароль!” — адразу ўцяміў я. І ўжо праз некалькі хвілін тэлефанаваў з Дома культуры, што ў пары дзесяткаў метраў ад нашага раскопу, дамоў Ісаку Ліндэру ў Маскву, які, выслухаўшы моўнае апісанне знаходкі, пасля непрацяглай паўзы ўпэўнена сказаў: “Так, гэта кароль, несумненна,кароль. Віншую вас з унікальнай знаходкай!”

Гэтая знаходка знайшла адлюстраванне ў кнізе Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, выдадзенай ў 1990 годзе, у школьным падручніку па гісторыі Беларусі для 10 класа, падрыхтаваным Георгіем Штыхавым і выпушчаным у свет у 2002 годзе, на старонках кнігі Вольгі Мядзведзевай “Сярэдневяковыя шахматы Беларусі”, што выйшла ў 2005 годзе, і, нарэшце, знайшла сваё месца на старонках гросбука “Западные земли домонгольской Руси”, выдадзенага ў двух тамах у 2006 годзе вядомым расійскім археолагам Леанідам Аляксеевым.

Фігурка шахматнага караля са Слуцка была выразана, як мяркуе Вера Шчаглова, вядомы палеазаолаг, з рога лася. Яе вышыня — 68 міліметраў, вага — 65 грамаў. Знаходка выканана ў рэалістычнай манеры і кампазіцыйна ўяўляе сабой фігуру мужчыны, які сядзіць на троне. На галаве ў яго — “руская” шапка, валасы пастрыжаны “пад гаршчок”. Прытым, што выява твару ў фігуркі захавалася не поўнасцю, але ўсё ж такі можна заўважыць бараду і вусы. Бачныя і адтуліны, дзе знаходзіліся вочы, магчыма, выкананыя са шкла ці каляровага металу. Рукі — складзены на каленях, ногі — абуты ў высокія боты. Па ўсім відаць — знатная асоба: кароль або цар.

“Трон “у кубе”

Абсалютны аналаг нашай знаходкі невядомы. Няма падобнага і ў фундаментальным выданні па гісторыі заходнееўрапейскіх шахмат, падрыхтаваным Гансам і Зігфрыдам Віхманамі, што выйшла ў Мюнхене ў 1960 годзе. Адзінае, што некаторае падабенства на нашу знаходку было сустрэта ў Нарвегіі: тут, пры раскопках паселішча Традэнс, у 1964 годзе, таксама была выяўлена шахматная фігурка караля. Паводле інфармацыі, змешчанай у мясцовым часопісе, фігурка выразана, як мяркуюць даследчыкі, з елкі. Яна ўяўляе
 /i/content/pi/cult/198/2246/Hist2.jpg
постаць мужчыны, што сядзіць на троне, зробленым у выглядзе куба. Валасы ў мужчыны крыху даўжэйшыя, чым у фігуры са Слуцка, — даходзяць да сярэдзіны шыі. Твар абрамляюць барада і вусы. На галаве — карона, крыху стылізаваная, заходнееўрапейскага ўзору. На спінцы трона, якая па вышыні даходзіць да сярэдзіны спіны мужчыны (у слуцкай знаходцы спінка трона размешчана ніжэй), знаходзяцца сем аднолькава круглых вярхушак. Як бачым, і па матэрыяле, і па сваіх памерах, і ў некаторых дэталях нарвежская знаходка адрозніваецца ад слуцкай.

А як датуецца час стварэння шахматнага караля, знойдзенага ў Слуцку?

З гэтым пытаннем да мяне ў сакавіку 1989 года звярталася і археолаг Алена Рыбіна.

Слуцкі кароль быў знойдзены ў пласце 16 квадрата 10 раскопу 1986 года на глыбіні звыш трох метраў ад узроўню ўмоўнага нуля, некалькімі сантыметрамі ніжэй будаўнічага яруса (комплексу жылых і гаспадарчых пабудоў) — 6. Будаўнічы ярус-5, які залягаў вышэй за яго, датуецца дэндрахраналагічна, па спілах бярвенняў, знятых з пабудоў, 70-мі гадамі XII стагоддзя.

Адзін з гэтых спілаў, добрай захаванасці, паказаў дату рубкі бервяна: 1176 год. Гэты аналіз быў выкананы ў лабараторыі прыродазнаўчых даследаванняў Інстытута археалогіі Расійскай акадэміі навук Наталляй Чарных. У сярэднім на адзін будаўнічы ярус у старажытным Слуцку, па нашых назіраннях, прыпадае 25-30 гадоў, зрэдку — да 35-ці гадоў. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, што шахматная фігурка караля з раскопак Слуцкага дзядзінца можа быць аднесена да 20 — 30 гадоў XII стагоддзя.

Чарговае пытанне, што ўзнікла ў спецыялістаў: мясцовыя ці прывазныя былі фігуркі з Бярэсця, Лукомля і Слуцка? Першая, як лічаць усе даследчыкі гісторыі шахмат і аўтар выяўленай знаходкі — П.Лысенка, несумненна, прывазная, заходнееўрапейскага паходжання. Дзве другія і асабліва апошняя, са Слуцка, — хутчэй за ўсё, мясцовага, але агульнарускага паходжання.

І апошняе. Знаходка слуцкага шахматнага караля на сёння адзіная на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Знойдзеная ў Чарнігаве ў 1991 годзе, фігурка шахматнага караля была скрадзена.

Думаецца, што знаходка выяўленай фігуркі шахматнага караля ў Слуцку застаецца пакуль што адзінай на ўсёй прасторы Усходняй Еўропы. І, дзякаваць Богу, знаходзіцца ў Слуцкім краязнаўчым музеі, дзе экспануецца ў раздзеле па гісторыі старажытнага Слуцка.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
археолаг, кандыдат гістарычных навук
На здымках: так выглядалі
знойдзеныя археолагамі
шахматныя каралі
з Брэста (1),
 Слуцка (2).