Бахаўская дзяўчына

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Быць кампазітарам — не жаночая справа. Так лічылася доўгія гады, і нават выключэнні з гэтага правіла ўспрымаліся як дадатковае яго пацвярджэнне. Бо і Эдзі Тырманд, якая стала нашай першай прафесійнай кампазітаркай, і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Галіна Гарэлава — гэта прыклады таго высокага стаўлення да стварэння музыкі, якому маглі б пазайздросціць і мужчыны. Калі ж на кампазітарскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сталі прыходзіць адно дзяўчаты, у музычным асяродку ўзнікла ці не паніка: маўляў, што робіцца з прафесіяй! Але час расставіў усё па сваіх месцах: кожнае пакаленне вылучыла сваіх зорак. Адно з самых уплывовых імёнаў кампазітарскай моладзі — Вольга Падгайская.

 /i/content/pi/cult/198/2243/Bahauskaya.jpg
Хаця нарадзілася яна акурат у “жаночым” сакавіку (між іншым, у адзін дзень з І.С. Бахам), нічога вясновага ў яе абліччы, здавалася б, няма: звычайна сур’ёзная, засяроджаная, у ейным адзенні дамінуюць класічна цёмныя фарбы, усмешка ледзь кранае вусны. У музыцы ж — увогуле графічна строгае бяздонне нават не чатырох-, а пяці-, шасцімернай касмічнай прасторы. Затое ў жывапісе — тое раздолле каларыстыкі, што нагадвае “колерамузыку”.

Чалавек вельмі творчы і апантаны, Вольга спрабуе сябе і ў іншых відах мастацтва, і ў іх сінтэзе (сярод яе твораў, дарэчы, ёсць і напісаныя на ўласныя словы). Не абмежаваўшыся Лідскім музычным вучылішчам, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па дзвюх спецыяльнасцях: як кампазітар (па класе прафесара Вячаслава Кузняцова) і арганістка (па класе Уладзіміра Неўдаха). Удасканальвала майстэрства ў магістратуры, асістэнтуры-стажыроўцы, паралельна здабываючы міжнароднае лаўрэацтва.

Прытым, што піша яна пераважна складаныя філасофскія творы, прэм’ера кожнага становіцца падзеяй яшчэ са студэнцкіх гадоў. А імправізавана-тэатралізаваныя выступленні ансамбля “Рацыянальная дыета”, у складзе якога яна ўжо чацвёрты год, збіраюць заўсёдныя аншлагі не толькі ў Беларусі, але і па ўсёй Еўропе: кампакт-дыск ансамбля, які выходзіць у Італіі, хутка з’явіцца і ў нас.

29 сакавіка Вольга выступіць як арганістка пад час уручэння прэмій “Тэлевяршыня”. Пазней возьме ўдзел у складзе журы кампазітарскага конкурсу. А 16 мая, калі ў нас пройдзе “Ноч арганнай музыкі”, па ўсёй Беларусі будуць выконваць яе новы твор “Час аргана”, што быў замоўлены ёй арганізатарамі свята.

— На мяне, — хавае ўсмешку Вольга, — больш уплывае не вясна, а… Бах: гэта ён грае мне ў снах тыя творы, што я павінна напісаць.

Надзея БУНЦЭВІЧ